Ва Ўкраіне баі сканцэнтраваліся вакол Бахмуту. Там спрабуе замацавацца прыватная кампанія «Вагнэр»

Вайна Расеі ва Ўкраіне. Архіўнае фота

У ходзе жорсткіх баёў у Бахмуце Данецкай вобласьці Расея і Ўкраіна нясуць адчувальныя страты.

Камандуючы Сухапутнымі войскамі Ўкраіны Аляксандар Сырскі заявіў, што сытуацыя вакол Бахмута ў Данецкай вобласьці застаецца складанай.

Аляксандар Сырскі, 8 студзеня 2023

«Штурмавыя атрады „Вагнэра“ наступаюць па некалькіх кірунках, спрабуючы прарваць абарону ўкраінскіх войскаў і прасунуцца да цэнтральных раёнаў горада», — цытуе Military Media Center словы Аляксандра Сырскага.

Паводле яго, у ходзе жорсткіх баёў дзякуючы выкарыстаньню артылерыі, танкаў і іншага ўзбраеньня расейцы нясуць адчувальныя страты.

Выведка Вялікай Брытаніі: вэрбавальнікі ПВК «Вагнэр» страцілі доступ да турмаў

У выведцы Міністэрства абароны Вялікай Брытаніі мяркуюць, што ўласьнік прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнэр» страціў доступ да вэбаваньня ў расейскіх турмах «празь ягоныя спрэчкі з кіраўніцтвам расейскага Міністэрства абароны» і цяпер спрабуе заахвочваць на службу звычайных грамадзян Расеі.

Паводле зьвестак брытанскай выведкі, «Вагнэр» з пачатку сакавіка 2023 году стварыў інфармацыйна-прапагандысцкія групы ў спартовых цэнтрах як мінімум у 40 населеных пунктах па ўсёй Расеі.

Рэкляма ПВК «Вагнэр» у Сімферопалі, у акупаваным Расеяй Крыму. Сакавік 2023

«Апошнімі днямі вэрбавальнікі „Вагнэра“ у масках таксама праводзілі прафарыентацыі ў маскоўскіх гімназіях, распаўсюджваючы анкеты пад назвай „заяўка маладога ваяра“ для збору кантактаў зацікаўленых вучняў», — адзначаюць у вайсковай выведцы Вялікай Брытаніі.

Паводле яе, ПВК «Вагнэр» ужо страціла палову свайго асабовага складу, завэрбаванага ў турмах, і калі забарона захаваецца, Прыгожын, хутчэй за ўсё, будзе вымушаны скараціць маштаб або інтэнсіўнасьць апэрацый сваёй кампаніі ва Ўкраіне.

ISW: Расейскае камандаваньне наўмысна выкарыстоўваюць «Вагнэр» у баях за Бахмут

Экспэрты амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW) мяркуюць, што на тле бітвы за Бахмут канфлікт паміж Мінабароны Расеі і ўласьнікам групы «Вагнэр» Яўгеніем Прыгожыным дасягнуў апагею.

Паводле іх, вайсковае кіраўніцтва Расеі карыстаецца магчымасьцю, каб наўмысна накіраваць пад Бахмут элітныя падразьдзелы «Вагнэра» і тыя, што сфармаваныя з асуджаных, каб аслабіць Прыгожына і сарваць яго амбіцыі атрымаць большы ўплыў у Крамлі.

У справаздачы ISW адзначаецца, што хуткасьць прасоўваньня расейскіх войскаў у Бахмуце запаволілася пасьля адыходу Ўкраіны з усходняй часткі Бахмута 7 сакавіка.

Баі ў Бахмуце, 27 лютага 2023 году

«Канфлікт паміж расейскім Міністэрствам абароны і „Вагнэрам“ паказвае, што розныя бакі ў блізкім атачэньні Пуціна спаборнічаюць паміж сабой у гульнях з патэнцыйна нулявой сумай, якія не спрыяюць агульным мэтам Пуціна. Мінабароны Расеі цяпер аддае перавагу ліквідацыі „Вагнэра“ на палях баёў у Бахмуце, што, імаверна, запавольвае хуткасьць прасоўваньня ў гэтым раёне», — мяркуюць экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны.

Паводле іх, Прыгожын бачыў у Бахмуце магчымасьць атрымаць рычагі ўплыву на Мінабароны Расеі і, імаверна, на Крэмль у дасягненьні сваіх камэрцыйных і палітычных памкненьняў. «Пуцін выкарыстаў „Вагнэра“, каб абараніць свой рэжым ад шкодных для грамадзтва наступстваў мабілізацыі, якая таксама працягвае стрымліваць яго ваенныя намаганьні ва Ўкраіне», — адзначаецца ў справаздачы Інстытуту.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.