У пачатку сакавіка ў Глыбоцкім гарадзкім доме культуры адбылося ўрачыстая імпрэза, прысьвечаная 60-годзьдзю з дня ўтварэньня «Глыбоцкіх электрычных сетак». А ўжо празь некалькі дзён пасьля гэтага ў арганізацыі пачаліся чысткі з палітычных матываў, піша «Віцебская вясна».
Паводле інфармацыі праваабаронцаў, звольнілі людзей ня толькі за ўдзел у акцыях, але і за подпісы, пастаўленыя не за Лукашэнку, падчас мінулай прэзыдэнцкай кампаніі, а таксама за фінансавую дапамогу тым, каго ўлады незаконна штрафавалі.
«І хоць раней, некалькі месяцаў таму, у кожную арганізацыю Глыбокага сілавікі перадалі сьпісы непажаданых, якія налічвалі дзясяткі чалавек у кожнай, кіраўнікі прадпрыемстваў не сьпяшаліся звальняць людзей, а часам нават за іх заступаліся. Тады звольнілі адзінкі. Але цяпер паступіла такое ўказаньне ў канторы і асабіста ідэолягам на прадпрыемствах, што калі не пачнуцца большыя звальненьні, то іх саміх прыбяруць з працы», — пішуць праваабаронцы.
На яшчэ адным вялікім глыбоцкім прадпрыемстве, малочна-кансэрвавым камбінаце, масавых звальненьняў няма. Аднак людзям, якія ў сьпісах неляяльных, не працягваюць кантракт па яго заканчэньні.
«Да таго ж пачало разьвівацца стукацтва, калі адны работнікі пачынаюць даносіць на іншых проста таму, што знаходзяцца ў дрэнных стасунках ці хочуць каго пасунуць па працы», — адзначаюць праваабаронцы.
Паводле «Віцебскай вясны», падчас звальненьняў не шкадуюць нікога — ні жанчын, якія гадуюць адны дзяцей бяз мужа, ні шматдзетных бацькоў. Людзі такія звальненьні паміж сабой называюць «чорны білет», бо пасьля яго складана кудысьці ўладкавацца ў Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Экс-дацэнтцы МДЛУ Дулінай прысудзілі 3,5 года зьняволеньня за камэнтар незалежнаму мэдыя ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускіх экскурсаводаў, якіх затрымлівалі ў адміністрацыйных справах, пазбаўляюць пасьведчаньняў