«Усё заціхла, нават у інтэрнэце ніхто нічога ня піша. Але настаўнікі і міліцыя працягваюць „вайну“ невядома з кім. Зноў патрабуюць у групах viber нікуды не пускаць дзяцей у суботу», — паведамілі Свабодзе чытачы.
Бацькам школьнікаў адной зь менскіх гімназій у групу viber прыйшоў загад ад кляснага кіраўніка «забясьпечыць дакладны кантроль знаходжаньня дзяцей у суботу з 16:00 да 19:00, „Родан“ кінуў кліч на збор у гандлёвых цэнтрах».
«Прашу трымаць дзяцей дома», — напісаў клясны кіраўнік (копія паведамленьня ёсьць у рэдакцыі. — РС).
Пад паведамленьнем пералічаны артыкулы адміністрацыйнага і крымінальнага кодэксу, паводле якіх дзяцей могуць прыцягнуць да адказнасьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адкуль узялася «ПВК Родан» і наколькі яна небясьпечная. Тлумачаць псыхіятар і аматар інтэрнэт-стрымаў«Усе даўно забыліся на той „Родан“. Міліцыя яшчэ на мінулым тыдні казала, што „усе адміністратары груп устаноўленыя, пакараныя, затрыманыя“. Цяпер зноў пачынаюць. Дзеці нашы нічога ня ведаюць пра той „Родан“», — дадала маці, у якой дачка ходзіць у гімназію.
Папярэджаньні прыйшлі і бацькам, чые дзеці вучацца ў гомельскіх школах.
«У сьвятле апошніх падзей органамі ўнутраных спраў і ўсімі суб’ектамі прафіляктыкі ажыцьцяўляецца кантроль і маніторынг месцаў збору падлеткаў. Прымаюцца захады з мэтай недапушчэньня парушэньня грамадзкага парадку», — напісалі бацькам у viber-групе клясы.
Падобныя паведамленьні разьмясьцілі і ў тэлеграм-каналах адміністрацый раёнаў Гомля.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Сказалі, каб хлопцы састрыглі карэ, бо будуць праблемы». Што адбываецца ў беларускіх школах пасьля скандалу з «ПВК Родан»