У 65-гадовай актывісткі Алены Гнаук пагоршылася здароўе, пра гэта ейным родным расказала былая адвакатка жанчыны:
«Адвакат паведаміла, што яна моцна схуднела, у яе трасуцца рукі. Алена Пятроўна ўсё роўна гне сваю праўду, нягледзячы на невыносныя ўмовы, і зусім сябе не беражэ».
Вядома, што палітзьняволеная адмовілася ад адвакаткі, бо тая падпісала пратакол допыту, нягледзячы на просьбу Алены не рабіць гэтага.
Нядаўна Гнаўк зьмясцілі ў ПКТ да 24 лютага, паведамляе «Вясна». Яе таксама пазбавілі амаль усіх перадач, званкоў, спатканьняў і скарацілі «атаварку» з 3 базавых велічыняў да 1 (32 рублі). Акрамя гэтага, яе зьбіраюцца судзіць паводле ч. 1 арт. 411 КК за «злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі калёніі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронцы: за пратэсты супраць Лукашэнкі і вайны пакаралі больш за 500 беларусакПакаранага 20 гадамі зьняволеньня анархіста Раманава зноў будуць судзіць
Нядаўна стала вядома, што ў ваўкавыскай калёніі нумар 11 зьняволенага анархіста Сяргея Раманава зноў пакаралі 15 днямі ў штрафным ізалятары (ШЫЗА). Пра гэта паведамляла ініцыятыва #dissidentby.
Раманава ў сьнежні 2022 году зьмяшчалі ў памяшканьне камэрнага тыпу (ПКТ) на 4 месяцы. Вядома, што супраць яго завялі новую крымінальную справу паводле арт. 411 КК РБ «Злоснае непадпарадкаваньне», якую ўжо перадалі ў пракуратуру. Пакараньне па гэтым артыкуле прадугледжвае ад 1 да 2 гадоў пазбаўленьня волі.
Паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», новую справу палітвязьня 23 сакавіка у Ваўкавыску будзе разглядаць судзьдзя Мікалай Талашка.
Раней, у канцы 2021 году, Сяргея Раманава асудзілі на 20 гадоў пазбаўленьня волі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьпісы вайсковаабавязаных, праца без выходных, забарона на лісты. «Вясна» пра сытуацыю ў гомельскай жаночай калёніі