Працэс над Аляксандрам Данілевічам мае распачацца 10 сакавіка ў Менскім гарадзкім судзе, паведамляе «Вясна». Справу вядзе судзьдзя Тацяна Фалькоўская.
Паводле сьледзтва, палітвязень зь 9 жніўня 2020-га па 20 траўня 2022-га «шляхам дачы парадаў, указаньняў, перадачы інфармацыі, аказаньня іншай дапамогі садзейнічаў Аляксандры Герасімені і Аляксандру Апейкіну ў закліках да дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы краіны».
Ён жа нібыта «падрыхтаваў і адрэдагаваў тэкст ня менш як трох зваротаў ад прадстаўнікоў „страйкавых камітэтаў“, у якіх выклаў заведама лжывыя зьвесткі аб палітычнай, эканамічнай, сацыяльнай сытуацыі ў Беларусі, заклікаў кіраўніцтва замежнай кампаніі спыніць дамоўныя адносіны зь беларускім контрагентам».
Адрас для ліставаньня: СІЗА-1, 220030, Менск, Валадарскага, 2 Аляксандар Станіслававіч Данілевіч.
Хто такі Аляксандар Данілевіч?
Аляксандар Данілевіч — знаны адвакат, які спэцыялізуецца на прадстаўленьні інтарэсаў кліентаў у міжнародным камэрцыйным арбітражы.
У красавіку 2022 году Аляксандра звольнілі з прычыны ягонай грамадзянскай пазыцыі з факультэту міжнародных адносінаў БДУ. Ён працаваў там 20 гадоў. Аляксандар перастаў выходзіць на сувязь 20 траўня 2021 году. Пазьней стала вядома, што ён знаходзіцца ў СІЗА КДБ.
Данілевіч падпісаў адкрыты антываенны зварот адвакатаў і юрыстаў датычна дзеяньняў ва Ўкраіне, за гэта на яго завялі дысцыплінарную справу і звольнілі з факультэту міжнародных зносін.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Скончылася сьледзтва ў справе адваката Данілевіча. Яго вінавацяць у падрыхтоўцы лістоў на адрас кампаніі YaraАдвакат абараняў чальцоў Свабоднага аб’яднаньня спартоўцаў, напрыклад гандбольнага трэнэра Канстанціна Якаўлева; ён сам актыўна займаецца спортам — веславаньнем, роварам. Зьяўляецца адным з папулярызатараў рэгбі ў краіне і гуляе ў яго сам. Валодае, акрамя беларускай, яшчэ ангельскай, расейскай, францускай і італьянскай мовамі. Сацыяльныя сеткі вядзе па-беларуску.
Данілевіч выступаў за свабоду беларускім журналістам, якія сталі палітзьняволенымі.
Ён аўтар разьдзелаў «Міжнароднае прыватнае права. Беларусь» і «Спартовае права. Беларусь» у Сусьветнай энцыкляпэдыі. Валодаў адвакацкім агенцтвам «Данілевіч і Валожынец».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Перасьлед адвакатуры ў Беларусі: шасьцёра адвакатаў — палітвязьні, 70 пазбавілі ліцэнзій