Старшыня Віцебскага абласнога выканаўчага камітэту Аляксандар Субоцін падпісаў дамову аб супрацы з акупаваным Расеяй Крымам. Аб гэтым паведамляецца на афіцыйным тэлеграм-канале Віцебскага аблвыканкаму, аднак там не ўдакладняюць, хто падпісаў дамову ад імя так званага «ўраду» Крыму.
На апублікаваных фатаздымках зафіксаваны толькі Аляксандар Субоцін, які сядзіць за сталом, падпісвае дакумэнт і зь некім размаўляе. Падпісаньне нібыта адбылося ў часе візыту Аляксандра Субоціна ў Маскву.
Разам з тым пакуль ніводны інфармацыйны рэсурс Крыму не паведамляў аб гэтай падзеі.
Прадстаўнік Міністэрства замежных спраў Ўкраіны Алег Ніколенка напісаў, што МЗС будзе ініцыяваць санкцыі супраць Субоціна. Амбасадзе Ўкраіны ў Менску даручана даслаць ноту пратэсту ў МЗС Беларусі.
Вядома, што ў ліпені 2022 году Аляксандар Субоцін сустракаўся ў Маскве з намесьнікам старшыні «Савета міністраў Рэспублікі Крым», сталым прадстаўніком Крыму пры прэзыдэнце Расеі Георгіем Мурадавым. Менавіта тады яны дамовіліся падпісаць дамову аб гандлёва-эканамічнай, навукова-тэхнічнай і гуманітарнай супрацы «між рэгіёнамі». Тады ж Субоцін паабяцаў наведаць Крым «у абумоўлены бакамі час». Аб гэтым у такіх фармуляваньнях паведамляла летась Крымскае інфармацыйнае агенцтва.
У верасьні 2022 году аналягічнае пагадненьне аб супрацы падпісалі Менск і Севастопаль.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Імпарт футра норкі, экспарт «Кока-Колы», адпачынак у Ялце. Як Беларусь супрацоўнічае з анэксаваным Крымам
Расея захапіла ўкраінскі Крым у лютым 2014 году. Тады Эўразьвяз, ЗША і іншыя замежныя краіны ўвялі санкцыі супраць Расеі, у тым ліку і забарону на кантакты з прарасейскімі ўладамі Крыму.
Беларусь раней не прызнавала Крым расейскім. Пасьля расейскага ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну ў лютым 2022 году Аляксандар Лукашэнка намякнуў на прызнаньне Крыму і нават абяцаў яго наведаць. Прарасейскія ўлады паведамлялі аб гатоўнасьці прыняць Лукашэнку, але той пакуль што так і не прыяжджаў у Крым.
Ад моманту анэксіі Крыму Расеяй Беларусь зьяўлялася своеасаблівым «афшорам» для легалізацыі паставак прадукцыі з Крыму ў Эўропу і наадварот.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне раскрылі схему паставак сельгаспрадукцыі з акупаванага Крыму ў Эўразьвяз празь Беларусь і Польшчу