Жанчыну прызналі вінаватай паводле арт. 368 Крымінальнага кодэксу («абраза прэзыдэнта») і асудзілі на два гады абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняй хіміі»), піша «Вясна».
Справу разглядаў судзьдзя Андрэй Бычыла.
Жанчыну затрымалі ў сьнежні 2022 году. Да суду яна знаходзілася пад падпіскай аб нявыезьдзе, а пасьля затрыманьня правяла трое сутак з 16 па 19 сьнежня 2022 года ў Пінскім ІЧУ.
Натальлю Паўлючэнку асудзілі за камэнтар у сацсетцы «Аднаклясьнікі» 17 сакавіка 2021 года ў адрас Лукашэнкі ў суполцы «Медиа-Полесье» пад навіной пра памерлага ў пінскай лякарні пацыента. Камэнтар прызналі наўмыснай публічнай абразай Лукашэнкі.
На судзе Натальля Паўлючэнка не прызнала віну. Яна патлумачыла, што ўбачыла ў суполцы паведамленьне пра сьмерць пацыента празь дзеяньні аховы Лукашэнкі, таму разьмясьціла свой допіс.
Але яна не прызнае віну, бо камэнтар датычыўся не Лукашэнкі, а ягонай аховы, і меў дачыненьне не да ягонай асобы, а да дзеяньняў аховы. Яна сказала, што наагул ня бачыла фотаздымак над камэнтаром і ацэньвала выключна тэкст.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пэнсіянэрку затрымалі за камэнтар пра Лукашэнку. 68-годзьдзе яна сустрэне ў турмеАбвінавачанне, аднак, палічыла віну Паўлючэнкі цалкам даказанай — дадзенымі мабільнага апэратара, экспэртызамі, якія прызналі, што камэнтар зьмяшчае нэгатыўную ацэнку Лукашэнкі. Экспэртыза таксама абвергла выказваньне Натальлі аб тым, што абраза датычылася дзеяньняў аховы. У сваім рашэньні экспэрты кіраваліся тым, што аховы амаль не відаць на заднім пляне за Лукашэнкам, а таксама што аб’ём фотаздымка зь ягонай выявай нашмат большы за тэкст пад ім, таму яго немагчыма не ўбачыць.
Таксама экспэртыза зазначыла, што сэнс паведамленьня абвінавачанай — «нецярплівае зычэньне хуткай сьмерці», якое зьяўляецца яўна непрыстойным у любым грамадзтве. Таксама ў экспэртызе адзначылі, што «насуперак довадам абвінавачанай нецярплівае зычаньне хуткай сьмерці можа быць адрасавана выключна чалавеку, але ніяк не «службе бясьпекі».
Гэта ня першы падобны выпадак у судзе Пінску і Пінскага раёну. Раней паводле гэтага артыкулу асудзілі 54-гадовую Жанну Паўловіч.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску за ўдзел у пратэстах мужу і жонцы прысудзілі калёнію. Дома ў іх засталіся двое дзяцей