Рэч у тым, што Зяленскі ня мае ніякага дачыненьня ні да пэдыкулёзу, ні да «блатной фені». Рыторыка і дзейнасьць прэзыдэнта Ўкраіны апошняга году вызначаюцца якраз акуратнасьцю і маральнасьцю. І таму Лукашэнка ў характэрнай для сябе манеры «ад адваротнага» ўжыў тое, што называецца «што каму рупіць, той тое і жупіць».
Вінаваты для яго ў татальным сэнсе ня той, хто крыўдзіць, а той, каго крыўдзяць. Пачынаючы з масавых рэпрэсій і выгнаньня людзей за мяжу і канчаючы гэтай самай «гнідай».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МЗС Украіны пра абразу Зяленскага: «Пакінем гэты акт бясьсільля без адказу». Як яшчэ адрэагавалі ў Кіеве на заявы ЛукашэнкіВага слова заўсёды залежыць ад палітычнай і маральнай вагі таго, хто гаворыць. Вы ня будзеце рэагаваць на абразу, якая зьляцела з вуснаў вулічнага валацугі — ня станеце ўступаць у дыскусію з тым, хто нічога зь сябе не ўяўляе.
А хто такі Лукашэнка ў вачох Зяленскага? Хаўрусьнік Пуціна, суагрэсар. Яшчэ, можа быць, дэспат уласнага народу, краіны, культуры. Самаабвешчаны і не прызнаны ў цывілізаваным сьвеце тыран. А значыць, асоба, заведама не прыдатная для дыскусіі. Перакуленая з ног на галаву карціна сьвету, бясконцы паток хлусьні, абразаў і пагрозаў...
Пачынаючы ад пандэміі, Лукашэнка ні разу не дазваляў сабе ў рыторыцы нічога рацыянальнага, чалавечнага, спагаднага. З чым тут спрачацца? Што ты ня «гніда»? Далібог, нейкі дзіцячы сад.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выбух у Мачулішчах і зьнявагі Лукашэнкі на адрас Зяленскага — адкрыцьцё «беларускага фронту»? Аналіз экспэртаўКалісьці на падобную рэч зьвярнуў увагу Пуцін — пасьля таго, як прэзыдэнт ЗША Байдэн станоўча адказаў на пытаньне пра тое, ці лічыць ён Пуціна забойцам:
«І вось, вы ведаеце, я ўспамінаю, — разважаў Пуцін, — у дзяцінстве мы ў двары, калі спрачаліся адзін з адным, мы казалі так: „Кто как обзывается, тот так и называется“. Гэта не выпадкова, гэта ня проста дзіцячая прымавачка ці жарт. Сэнс вельмі глыбокі ў гэтым, псыхалягічны. Мы заўсёды ў іншым чалавеку бачым свае ўласныя якасьці. І думаем, што ён такі самы, як і мы. І з гэтага зыходзячы, ацэньваем яго дзеяньні і даем ацэнку ўвогуле».
Можна лічыць гэтыя словы Пуціна простым адказам на Лукашэнкаву «гніду». Не магу не заўважыць, што ў беларускай мове ёсьць слова «абражаць» (кагосьці), але няма слова са зваротнай часьціцай «обзываться», што і значыць — абражаць сябе.
Але вось што важней за нейкія абразы. Гэтая «гніда» прагучала на тле абарончай вайны, якую вядзе краіна Ўладзімера Зяленскага, у тым ліку вайны сэнсаў. Калі ўся матывацыя агрэсаркі-Расеі зьмяшчаецца выключна ў сфэры словаў (пра абарону Расеі ад NATO, напрыклад, ці нейкую там расейскую місію), то ў сфэры справаў мы бачым забітых мірных жыхароў і разбураныя гарады Ўкраіны. Насуперак усякай лёгіцы словы сталі для расейцаў важнейшымі за справы. І тут ужо Пуціну варта было б успомніць яшчэ адну прыказку зь ягонага дваровага дзяцінства: «Языком болтай, а рукам волю не давай».
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ДзяржТБ паказала відэа «прызнаньня» «дывэрсанта», КДБ завёў справу аб «спробе акту тэрарызму». Сабралі заявы ўладаў і рэакцыі на іх