Палова расейцаў з асуджэньнем ставіцца да людзей, якія выехалі з краіны ад мабілізацыі, — апытаньне

Мабілізацыя. Ілюстрацыйнае фота

Палова (51%) расейцаў нэгатыўна ці з асуджэньнем ставіцца да суайчыньнікаў, якія выехалі з краіны, бо пачалася масавая мабілізацыя. Пра гэта сьведчаць вынікі апытаньня «Левада-центра».

У той жа час, як адзначаюць сацыёлягі, станоўча або «з разуменьнем» да тых, хто выехаў з Расеі праз мабілізацыю ў цэлым ставяцца толькі 10% апытаных. Сярод тых, у каго два-тры гады таму за мяжу эмігравалі сваякі або блізкія, з разуменьнем да тых, хто зьехаў ад мабілізацыі, ставяцца 28% рэспандэнтаў, з асуджэньнем — 31%, нэўтральна — 40%.

Каля паловы расейцаў (52%) асуджаюць вядомых людзей, якія выехалі пасьля пачатку вайны, адзначаюць сацыёлягі. Яшчэ 41% ставяцца да іх нэўтральна і толькі 5% — «з разуменьнем».

Ініцыятыву расейскіх дэпутатаў і чыноўнікаў аб пазбаўленьні ўласнасьці людзей, якія з-за мяжы публічна крытыкуюць расейскае кіраўніцтва, цалкам або часткова падтрымліваюць 49% рэспандэнтаў.

Агулам да людзей, якія выяжджаюць жыць за мяжу (без удакладненьня прычын), з асуджэньнем ставяцца 25% расейцаў (у 2018 годзе такіх было толькі 14%). У «Левада-центры» падкрэсьлілі, што чым старэйшыя рэспандэнты, тым больш нэгатыўна яны настроены ў адносінах суайчыньнікаў, якія выехалі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Дзярждуме Расеі хочуць за дыскрэдытацыю вайскоўцаў і вагнэраўцаў караць на тэрміны да 15 гадоў
  • Ад абвешчанай прэзыдэнтам РФ Уладзімірам Пуціным у верасьні 2022 году «частковай» мабілізацыі з краіны, паводле розных ацэнак, выехалі ад некалькіх соцень тысяч да мільёна чалавек.
  • Большасьць расейцаў уцяклі ад мабілізацыі ў краіны Цэнтральнай Азіі, частка зьехала ў Эўропу, а яшчэ частка — эмігравала ў ЗША.
  • У канцы мінулага года сьпікер Дзярждумы РФ Вячаслаў Валодзін прапанаваў падняць падаткі для тых, хто пакінуў Расею.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Асуджанага за дэзэртырства расейскага салдата зноў адправілі на вайну, ён трапіў у палон
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Брытанcкая выведка пракамэнтавала пляны Расеі павялічыць войска