Каціцца на дно разам з Расеяй Менску ня хочацца, але куды падзецца? — эканаміст Крук

Зьміцер Крук

Эканаміст, старшы навуковы супрацоўнік дасьледчага цэнтру BEROC Зьміцер Крук аналізуе маштабы і наступствы маштабнага падзеньня даходаў бюджэту Расеі, расказвае, як гэта адаб’ецца на беларускім экспарце, і тлумачыць, чаму Менску эканамічна ня варта асабліва спадзявацца на Кітай.

Сьцісла:

  • У студзені і лютым мы назіраем істотнае (амаль удвая) скарачэньне нафтагазавых даходаў бюджэту Расеі.
  • Для Крамля безумоўны прыярытэт — вайна, а не эканоміка.
  • Пакуль такая дылема — або ваенныя выдаткі, або эканоміка — у 2023 годзе настолькі жорстка для Расеі не стаіць.
  • Каціцца на дно разам з Расеяй Менску ня хочацца, але стратэгічных магчымасьцяў пазьбегнуць гэтага не відаць.
  • Спадзяваньняў на рэзкі рост беларускага экспарту ў Кітай няма.


— Апошнія месяцы паступае інфармацыя пра даволі радыкальнае падзеньне даходаў бюджэту Расеі ў выніку зьніжэньня даходаў ад продажу нафты і газу. Наколькі гэта сапраўды заўважна і на якія лічбы найперш варта зьвярнуць увагу?

— Сапраўды, ёсьць істотнае зьніжэньне нафтагазавых даходаў Расеі, экспартная выручка агулам у выніку таксама моцна зьменшылася. Усё гэта ўплывае на курс расейскага рубля. Дэфіцыт бюджэту расьце, і калі Расея атрымлівае менш даходаў ад нафты і газу, тады перад расейскімі ўладамі паўстае дылема: ці траціць столькі, колькі і было заплянавана, ці скарачаць выдаткі? Тут пытаньне ў прыярытэтах.

У студзені і лютым мы назіраем істотнае, амаль удвая, скарачэньне нафтагазавых даходаў бюджэту Расеі. Гэта, відавочна, уплывае ў тым ліку на магчымасьць фінансаваць вайну, а таксама на дынаміку абменнага курсу. Але я пакуль не прагназаваў бы, што такое падзеньне будзе ўвесь 2023 год. Расея шукае новыя шляхі дастаўкі сваіх нафтапрадуктаў, і пакуль мала зразумела, наколькі ўдалымі будуць гэтыя спробы.

— Наколькі Расея можа дазволіць сабе дзеля ваенных выдаткаў далейшае падзеньне эканомікі? Ці яны ўжо не баяцца ніякіх сацыяльных наступстваў і дзеля вайны могуць плюнуць на эканамічныя праблемы насельніцтва?

— Пакуль такая дылема — або ваенныя выдаткі, або эканоміка — у 2023 годзе настолькі жорстка для Расеі не стаіць. Перш за ўсё дзякуючы тым запасам, якія яны маюць у Фондзе нацыянальнага дабрабыту. Сродкі, якія там сканцэнтраваныя, могуць кампэнсаваць незаплянаваны дэфіцыт бюджэту. Таму пытаньне пераходзіць у такую плашчыню: на колькі можа хапіць гэтых запасаў? А дылему — вайна ці эканоміка — расейскія ўлады хочуць неяк адкласьці на будучыню.

Калі ўсё ж узьнікне неабходнасьць выбіраць паміж выдаткамі на вайну і ўнутраным дабрабытам — то мая асабістая думка, што для іх вайна — безумоўна, прыярытэт. Калі б было ня так, то вайна такога маштабу і не пачыналася б.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларусь стане сучаснай калёніяй». Экспэртка тлумачыць, чаму ў складзе Расеі беларусаў чакаюць галеча і дэградацыя

— Як гэтыя эканамічныя зьмены могуць паўплываць на аб’ём дапамогі Расеі афіцыйнаму Менску, на закупкі Расеяй беларускага экспарту?

— Беларускі экспарт на расейскі рынак значна пашырыўся ў 2022 годзе. Перш за ўсё гэта было зьвязана з выгадным для Беларусі абменным курсам. Але за апошнія 3 месяцы расейскі рубель упаў у адносінах да даляра прыблізна на 15 працэнтаў, адпаведна, падае і курс беларускага. У выніку тая пасьпяховая, нават празьмерная канкурэнтаздольнасьць беларускага экспарту ў Расею паступова зьнікае. І гэты чыньнік будзе нарастаць у 2023 годзе.

Што тычыцца прамых эфэктаў ад ваенных выдаткаў у 2023 годзе, што ў большай ступені зьвязана зь бюджэтам, — то тут, наадварот, назіраюцца спрыяльныя для беларускай эканомікі чыньнікі. Гэта дадатковыя замовы, зьвязаныя з ваеннымі выдаткамі — шыцьцё формы і гэтак далей.

Аднак першы чыньнік (пагаршэньне ўмоваў для беларускага экспарту) значна больш істотны і маштабны.

І трэцяе. Зьніжэньне бюджэтных магчымасьцяў Расеі зьніжае попыт у тым ліку і на беларускія тавары. Чым меней даходаў атрымлівае Расея, тым меншая ў яе будзе эканамічная актыўнасьць. І гэта будзе адбівацца і на Беларусі. Расейская эканоміка ў 2023-м скароціцца ад нуля да трох працэнтаў — і гэта, безумоўна, будзе адмоўна ўплываць на беларускі экспарт і ўсю эканоміку.

— Якія пэрспэктывы мае цяперашняя прывязка беларускай эканомікі да Расеі — з улікам таго, што ў Расеі будзе менш грошай, каб купляць беларускія тавары? Беларускія кіраўнікі будуць шукаць альтэрнатыву, але ці магчыма цяпер яе знайсьці?

— Яны спрабуюць шукаць альтэрнатыву, але сапраўды магчымасьцяў знайсьці новыя рынкі няшмат. Той жа візыт Лукашэнкі ў Кітай — гэта чарговая спроба знайсьці палітычны адказ на эканамічныя праблемы.

Аднак залежнасьць ад Расеі існуе ня толькі праз эканамічныя мэханізмы. Яна ажыцьцяўляецца і праз паніжаную цану на газ, і праз спрыяльныя ўмовы гандлю нафтай — а гэты гандаль нават вырас за апошні год. Гэта тое, што будзе трымаць беларускія ўлады ў арбіце Расеі. Каціцца на дно разам з Расеяй Менску ня хочацца, але стратэгічных магчымасьцяў пазьбегнуць гэтага зусім не назіраецца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зброя для Расеі, мікрасхемы для ВПК, антызаходні фронт, падтрымка сэпаратызму. Экспэртка — пра таемныя мэты Лукашэнкі ў Пэкіне

— Калі вы ўжо ўзгадалі Кітай, у чым вы бачыце сэнс візыту Лукашэнкі ў Пэкін? Калі адкінуць палітычныя і ваенныя матывы (тут мы можам толькі выказваць пэўныя вэрсіі) — які эканамічны сэнс у беларуска-кітайскіх адносінах? Ці могуць яны стаць альтэрнатывай і пэўным прарывам з той самай расейскай арбіты?

— Кароткі адказ: не. Спадзяваньняў на рэзкі рост беларускага экспарту ў Кітай няма. Калі падчас візыту закраналіся эканамічныя пытаньні, то, найхутчэй, размова ішла пра экспарт калійных угнаеньняў у Кітай — гэта магло б дапамагчы беларускай эканоміцы. Нарасьціць іншыя экспартныя пазыцыі ў Кітай я сур’ёзных пэрспэктыў ня бачу.Таксама маглі абмяркоўваць кітайскі транзыт празь Беларусь і інвэстыцыйную актыўнасьць Кітаю ў «Вялікім камені».

— Ці мог Кітай усур’ёз ставіць пытаньне перад Лукашэнкам пра стабільнасьць кітайскага транзыту ў Эўропу? На фоне таго, што канфлікт Менску і Варшавы можа прывесьці да перакрыцьця мяжы — ці мог Кітай намякнуць Лукашэнку, што варта гэтага не дапусьціць?

— Думаю, амаль напэўна, што гэтая тэма ўзьнікала. Пэкін мог намякнуць, што Беларусь павінна зрабіць усё магчымае, каб гэтага не адбылося.

— А наколькі для Кітаю важны менавіта беларускі маршрут транзыту тавараў у Эўропу?

— Нельга сказаць, што тут існуе сыстэмная залежнасьць Кітаю. Там усяго каля адсотка ад іхняга агульнага транзыту тавараў у Эўропу. Але стратэгія Кітаю ў тым, што ён хоча максымальна дывэрсыфікаваць транзытныя шляхі. Таму імкнецца забясьпечыць стабільнасьць нават ня самым істотным транзытным шляхам і рынкам збыту, як мага больш пашырыць палітру сваіх магчымасьцяў. Але не выпадае казаць, што для іх беларускае пытаньне стане нумарам адзін.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Белстат: Падзеньне ВУП Беларусі ў 2022 годзе склала 4,7%