У Беларусі завяршыліся першыя ў 2023 годзе вайсковыя зборы, на якія выклікалі і тых, хто раней не служыў

Беларускія вайскоўцы. Архіўнае фота

Цягам 2023 году на вайсковыя зборы ў Беларусі плянуюць прызваць 9 тысяч чалавек.

Міністэрства абароны 7 сакавіка паведаміла аб заканчэньні збораў з вайсковаабавязанымі. Усяго цягам месяца на зборы прызвалі 500 чалавек, яны праходзілі з 6 лютага да 7 сакавіка. У першую чаргу прызываліся спэцыялісты сувязі. Таксама на зборы прыцягнулі 27 адзінак цывільнай тэхнікі.

Паводле вайсковага камісара Менску Аляксея Калыванава, у сталіцы Беларусі прызывалі прадстаўнікоў розных сфэраў дзейнасьці: банкаўскіх работнікаў, рабочых заводаў, дырэктараў прадпрыемстваў.

Паводле яго, прызываліся як афіцэры запасу, так і прапаршчыкі, сяржанты і салдаты.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы знойдзем забойцаў». Зяленскі пракамэнтаваў імаверны расстрэл байца УСУ за вокліч «Слава Ўкраіне!»

На вайсковыя зборы выклікаюць і тых, хто не служыў

Тым часам некалькі чытачоў «Нашай нівы» напісалі ў рэдакцыю, што яны атрымалі позвы, хоць ніколі не служылі ў войску, не вучыліся на вайсковых катэдрах і ня маюць ніякіх вайсковых спэцыяльнасьцяў ці проста не хадзілі ў войска дзякуючы адтэрміноўкам.

Вайсковы камісар Клецкага раёну Юры Пігулеўскі ў камэнтары для раённай газэты «Да новых перамог» пацьвердзіў, што асноўная катэгорыя вайсковаабавязаных, якую цяпер забіраюць на зборы, — тыя, хто раней ніколі да войска ня меў ніякага дачыненьня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва ўкраінскім войску назвалі імя палоннага ўкраінца, якога, як мяркуецца, расстралялі расейцы ў адказ на словы «Слава Ўкраіне»

У Беларусі штогод праводзяцца плянавыя вайсковыя зборы, іх удзельнікаў у простамоўі называюць «партызанамі». Падчас збораў мужчыны ўзнаўляюць веды ў сваіх вайсковых спэцыяльнасьцях.

Часьцей за ўсё на зборы трапляюць тыя, хто адслужыў тэрміновую службу ці скончыў вайсковыя катэдры.

Раней начальнік упраўленьня галоўнага арганізацыйна-мабілізацыйнага ўпраўленьня Генштабу Аляксандр Шальпук казаў, што ў 2023 годзе на вайсковыя зборы плянуецца прызваць 9 тысяч чалавек.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка прызнаў дывэрсію супраць расейскага самалёта ў Мачулішчах праз тыдзень пасьля здарэньня