«ПВК Родан» — гэта падлеткавая субкультура. На хлопчыкаў і дзяўчат у клятчастых штанах і байках з выявай павука зьвярнулі ўвагу праваахоўнікі ў Беларусі, Украіне і Расеі. «Генэй Р’ёдан», альбо «Павукі», — гэта злачынная групоўка зь японскага анімэ Hunter x Hunter. У літаральным перакладзе зь японскай назва азначае «Брыгада прывідаў». Аснову прыхільнікаў руху складаюць падлеткі — аматары японскага анімэ. Прыстаўку ПВК («Прыватная вайсковая кампанія») дадаюць далёка ня ўсе прыхільнікі «Родана». Напрыклад, адзін з самых папулярных прадстаўнікоў субкультуры, расейскі рэпэр Shadowraze, кажа, што трэба пісаць «Пакаленьне», а не «ПВК».
У Беларусі праз створаныя ў канцы лютага суполкі «Родана» ў сацсетках прайшлі заклікі для падлеткаў сустрэцца каля буйных гандлёвых цэнтраў. У выніку 28 лютага ў Гомлі ля аднаго зь іх былі затрыманыя 200 падлеткаў. За гэты збор Сьледчы камітэт распачаў крымінальную справу аб «арганізацыі дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак» (артыкул 342 Крымінальнага кодэксу).
1 сакавіка міліцыя паведаміла пра затрыманьне 52 чалавек у Берасьці, таксама нібыта падчас сустрэч «Родана». 2 сакавіка, як заявіла МУС Беларусі, у Менску было затрымана 80 чалавек. Паводле ведамства, затрыманьні прайшлі ў сувязі з сустрэчамі «ПВК Родан».
«Клясная кіраўніца кожныя дзьве гадзіны пыталася ў чаце: «Дзе вашы дзеці?»
Жыхарка аднаго з абласных цэнтраў, чый сын ходзіць зараз у 10-ю клясу, на ўмовах ананімнасьці расказала Свабодзе, як цяпер настаўнікі «змагаюцца» з «ПВК Родан».
«Некаторых прыяцеляў сына затрымалі. Іх, непаўналетніх, шэсьць гадзін трымалі ў міліцыі, прычым рукі загадалі трымаць на сьцяне. І нікога ані з настаўнікаў, ані з бацькоў, як я бачу, гэта не ўсхвалявала», — кажа Людміла.
Жанчына кажа, што на наступны пасьля затрыманьняў дзень у школе прайшоў бацькоўскі сход. Там, па словах Людмілы, бацькоў пужалі крымінальнай і адміністрацыйнай адказнасьцю, калі дзяцей заўважаць на якім-небудзь зборы падлеткаў.
«У суботу дзяцей абавязалі прыйсьці ў школу, гуляць там у розныя спартыўныя гульні. Пасьля абеду клясная кіраўніца практычна кожныя дзьве гадзіны пісала ў групу ў Viber: «Дзе вашы дзеці? Мне трэба даваць справаздачу!». Усе бацькі адпісваліся, што «Мой дома», «Мая дома», — дадала Людміла.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Галоўная мэта нашага пакаленьня — зрабіць сьвет справядлівым». Расказваем пра ідэалёгію ПВК «Родан» і іх уплыў у Беларусі«Міліцыянт папярэджваў, каб хлопцы не насілі прычоску карэ, бо будуць праблемы»
У Алены ў школу ходзяць дзеці — сын і дачка. Яна кажа, што пасьля затрыманьня падлеткаў у школе склікалі экстраны бацькоўскі сход. Усе мусілі прысутнічаць, прычым пад росьпіс.
«Гразіліся, што калі каго ня будзе, то пойдуць проста па хатах зь міліцыяй. На сходзе выступаў нейкі міліцыянт. Казаў, каб сачылі за дзецьмі ў сацыяльных сетках, каб дзеці не хадзілі ні на якія „павучыныя“ зборы. Казаў, каб не насілі ані штаноў у клетку, ані ніякага адзеньня з выявай павукоў. Нават сказаў, каб хлопцы не насілі прычоску карэ, бо „будуць праблемы“ і іх могуць за гэта затрымаць!» — расказала Алена.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МУС: «Працуем на апярэджаньне». У Менску затрымалі каля 80 чалавек, нібыта на сустрэчах суполкі «Родан»Паводле яе словаў, міліцыянт загадаў не выпускаць дзяцей з дому ў суботу, 4 сакавіка, бо "намячаецца збор "павукоў«".У школе мусілі ў суботу працаваць усе гурткі і дадатковыя заняткі, каб дзеці не пайшлі на сходку «Родана». Алена лічыць, што такія меры да падлеткаў жахлівыя.
«Гэтыя дзеці нікога не пабілі, бойкі не было. Хапаць іх за кофту з павуком? За доўгія валасы? Вы сурʼёзна? Яшчэ я лічу, што гэта адцягваньне ўвагі людзей ад таго, што адбылося ў Мачулішчах. І ад таго, што Расея не перамагае ў вайне. Каб людзі трэсьліся за сваіх дзяцей і ня думалі, што будзе зь Беларусьсю і беларусамі пасьля паражэньня Расеі ў вайне», — лічыць суразмоўца.
Яе дзеці-падлеткі, кажа жанчына, абураныя сытуацыяй. «Дзеці сказалі, што тыя з „Родан“ — проста „dead inside“ (папулярны мэм, які перакладаецца як „мёртвыя ўнутры“ і абазначае „сумных людзей“. — РС). Дзеці казалі, што яны бясшкодныя і нікога не чапаюць. Яны толькі абараняюць сабе, калі на іх нападаюць. Мае дзеці захацелі клятчастыя штаны, дачка хоча байку з павуком. Вось такую рэкляму ім зрабілі», — дадала Алена.
«У асяродзьдзі майго сына такія падлеткі — „зашквар“ і „блазны“»
Сяргей расказаў Свабодзе, што асаблівых «разносаў» у іхнай школе не было. Толькі клясная кіраўніца ў бацькоўскім чаце напісала штосьці стандартнае пра догляд за дзецьмі.
«Мае дзеці, дачка і сын, падлеткі, яны ня ў гэтых трэндах. Да сына прыходзілі ў клясу і чыталі лекцыю пра шкоду „Родана“. Але ён практычна нічога не запомніў, бо яму гэта не цікава. У асяродзьдзі майго сына такія падлеткі лічацца „зашкварам“, „блазнамі“. На іх іншыя дзеці глядзяць звысоку. Сын, дарэчы, да гэтай гістэрыкі асабліва нічога ня ведаў пра іх», — расказаў Сяргей.
У Алесі сын ходзіць у старэйшыя клясы. Ён аматар японскай культуры, анімэ. «Але ён нічога ня ведаў пра гэтае „ПВК Родан“. Гэта нешта нездаровае, што ўзьнікла раптоўна, за паўтара дня. Клясная кіраўніца першыя дні пасьля затрыманьняў падлеткаў пісала штовечар у чат, пыталася, дзе нашы дзеці. Прасіла, каб давалі ёй справаздачу, што яны дома», — кажа Алеся.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Менскага тыктокера, які здымаў відэа пра збор «Родану», асудзілі за «распаўсюд экстрэмізму»У Вольгі сын ходзіць у шостую клясу. «На наступны дзень пасьля таго затрыманьня ў Гомлі клясная кіраўніца сказала, каб бацькі абавязкова забралі дзяцей са школы, з другой зьмены. Пайшоў тата, ён заўважыў, што на кожным скрыжаваньні, на кожным рагу каля школы стаялі міліцыянты ў цывільным. У школе правялі для дзяцей клясныя гадзіны, тлумачылі, каб нікуды не хадзілі», — кажа Вольга.
Жанчына дадала, што яе сын ня надта разумее, што такое гэтыя падлеткі з «Родан».
«Дый я сама, калі шчыра. Тым больш ні сын, ні я не разумеем, што благога яны зрабілі ці плянавалі зрабіць, за што іх затрымалі», — кажа Вольга.