Пра сьмерць Канстанціна Скуратовіча, былога загадчыка аддзела сацыяльнай палітыкі газэты «Беларусы і рынак», паведаміў ягоны былы рэдакцыйны калега Паўлюк Быкоўскі ў сваім фэйсбуку.
Канстанцін Скуратовіч нарадзіўся ў 1952 годзе, вучыўся ў Менскім сувораўскім вучылішчы і ў БДУ. Быў кандыдатам філязофскіх навук. Як журналіст
спэцыялізаваўся ў сфэры сацыяльнай палітыкі і сельскай гаспадаркі. З газэтай «Беларусы і рынак» быў зьвязаны з 1994 году.
У 1996 годзе Скуратовіч атрымаў Прэмію Беларускага фонду Сораса як найлепшы эканамічны аглядальнік, а праз тры гады — Прэмію Беларускай асацыяцыі журналістаў «За плён ва ўсталяваньні свабоды слова ў Беларусі».
Адной з апошніх працаў Канстанціна Скуратовіча стала кніга, прысьвечаная беларусам, якія бралі ўдзел у «зімняй вайне» — нападзе СССР на Фінляндыю ў 1939–1940 гадах. Ён напісаў яе ў суаўтарстве зь гісторыкам Аляксандрам Куляевым. Кнігу «Востраў Суомі. Ажыцьцёўленая ўтопія» ён напісаў пад узьдзеяньнем вайны Расеі супраць Грузіі. У 2019 годзе Скуратовіч гэта ўзгадваў так:
«Спалохаўся тады ня толькі я, спалохаліся грамадзяне ва ўсіх краінах былога СССР вакол Расеі. І ня толькі. Спалохаліся, што на гэтым усё не закончыцца. Потым прыйшоў 2014 год: спачатку Крым, потым былі падзеі на Данбасе. І стала зразумела, што сытуацыя — як непагашаны рэактар. Саркафаг на ім нібыта стаіць, але як толькі зьявіцца самая малая магчымасьць, ён можа ўзарвацца».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 10 тысяч беларусаў загінулі ў вайне СССР зь Фінляндыяй. За што?Газэта «Беларусы і рынак», дзе шмат гадоў працаваў Скуратовіч, спыніла выхад са сьнежня 2022 году па патрабаваньні Мінінфарму. Справу супраць дырэктара газэты Канстанціна Залатых перадалі 21 лютага ў суд, яму пагражае 10 гадоў турмы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Справу супраць дырэктара газэты «Белорусы и рынок» перадалі ў суд, яму пагражае 10 гадоў турмы