«Яны разгубіліся». Праўладны экспэрт расказаў, чаму Байдэн не прыехаў у Менск да Лукашэнкі

Джо Байдэн

Загадчык катэдры паліталёгіі Горадзенскага дзяржаўнага ўнівэрсытэта, доктар палітычных навук, прафэсар Віктар Ватыль растлумачыў, чаму прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн не адрэагаваў на запрашэньне Аляксандра Лукашэнкі прыехаць у Менск для правядзеньня перамоваў.

Падчас сустрэчы з замежнымі журналістамі 16 лютага Лукашэнка шмат часу прысьвяціў запрашэньню прэзыдэнта ЗША Джо Байдэна наведаць Менск. Ён казаў:

«А навошта Байдэн едзе ў Польшчу?.. Калі ў яго ёсьць жаданьне (вы яму перадайце там па сваіх каналах), мы яго ў Менску гатовыя прыняць і сур’ёзна пагаварыць. Калі ён хоча міру ва Ўкраіне. І нават Пуцін падляціць у Менск, і сустрэнемся тут утрох: два „агрэсары“ і „міралюбівы“ прэзыдэнт... Я самалёт пашлю, калі што, „Боінг“..»..

Байдэн празь некалькі дзён наведаў Кіеў і Варшаву, пра заяву Лукашэнкі Белы дом не выказваўся.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнт Байдэн — у Кіеве. А было ж запрашэньне і зь Менску

Ватыль назваў запрашэньне Лукашэнкам Байдэна ў Менск «прадуманым і ўзважаным рашэньнем», і паспрабаваў абвергнуць некаторыя СМІ, што словы Лукашэнкі былі экспромтам.

Праўладны палітоляг лічыць, што каманда Байдэна не была гатова да такога запрашэньня і таму проста «ўпала ў ступар».

«У палітычнай сацыялёгіі і псыхалёгіі гэта называецца анэмія ці, прасьцей, ступар. Яго каманда, раднікі, памочнікі, аналітыкі сьпічрайтэры, увогуле выхадцы з найбуйнейшых элітарных унівэрсытэтаў, дзе з першых месяцаў гаворыцца пра галоўнае: мы павінны быць камандай, выконваць загады і раўняцца на канон. Канон зразумелы, трэба выканаць амэрыканскую місію. І вось прапанова для іх, якая нечакана прагучала, выступіла такім бар’ерам, і яны разгубіліся», — адзначыў Віктар Ватыль.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «ЗША не паступяцца незалежнасьцю Беларусі». Кавалеўскі пра вынікі візыту ў Вашынгтон і пляны дэмсілаў на выпадак найгоршага сцэнару

23 верасьня 2020 году ЗША заявілі, што ня лічаць Аляксандра Лукашэнку законным прэзыдэнтам Беларусі пасьля таго, як ён быў таемна інаўгураваны па выніках спрэчных выбараў.

Дзярждэпартамэнт ЗША паўтарыў, што ня лічыць, што выбары ў Беларусі 9 жніўня былі свабоднымі і сумленнымі.

«Абвешчаныя вынікі былі фальшывымі і ня сьведчылі аб легітымнасьці, — заявіла прэсавая сакратарка Дзярждэпартамэнту Морган Артагус. — Злучаныя Штаты ня могуць лічыць Аляксандра Лукашэнку законна абраным кіраўніком Беларусі».

«Шляхам наперад павінен стаць нацыянальны дыялёг, які прывядзе да таго, каб беларускі народ карыстаўся правам выбару кіраўнікоў на свабодных і сумленных выбарах пад незалежным назіраньнем», — сказала прэсавая сакратарка Дзярждэпартамэнту.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША заявілі, што ня лічаць Лукашэнку законным прэзыдэнтам Беларусі