Немцы хочуць пабудаваць ва Ўкраіне танкавы завод

Танк Panther

Нямецкі зброевы канцэрн Rheinmetall вядзе перамовы аб будаўніцтве танкавага завода ва Ўкраіне. Пра гэта генэральны дырэктар Rheinmetall Армін Папэргэр паведаміў у інтэрвію газэце Rheinische Post.

«Прыкладна за 200 млн эўра ва Ўкраіне можа быць пабудаваны завод Rheinmetall, які выпускаў бы да 400 Panther у год. Перамовы з украінскім урадам – шматабяцаючыя, і я спадзяюся, што рашэньне будзе прынятае ў бліжэйшыя два месяцы», – адзначыў Папэргэр. Яго словы цытуе DW.

Для перамогі ў вайне Ўкраіне неабходна ад 600 да 800 танкаў, і для задавальненьня гэтай патрэбнасьці вытворчасьць павінна быць наладжана ў апэратыўным парадку, лічыць экспэрт. Ён мяркуе, што абараніць завод ад расейскіх атак з дапамогай украінскіх сыстэм супрацьпаветранай абароны «не складана».

«Нават калі Нямеччына перадасьць усе 300 танкаў Leopard 2 з запасаў бундэсвэра, іх будзе занадта мала», – дадаў Армін Папэргэр.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускі брэнд ZNWR пасьля скандалу адмовіўся ад супрацоўніцтва з расейскім фондам, які дапамагае мабілізаваным