Хроніка перасьледу 4 сакавіка: адваката адправілі ў калёнію за ўдзел у пратэстах; 80-гадовага краязнаўцу асудзілі за пост у Фэйсбуку

Міхаіл Макараў

80-гадовага краязнаўца, які перажыў канцлягер, асудзілі за публікацыю ў Фэйсбуку

У Верхнядзьвінску суд аштрафаваў 80-гадовага краязнаўца, старшага навуковага супрацоўніка мясцовага гісторыка-краязнаўчага музэя, ганаровага грамадзяніна гораду Антона Бубалу, паведамляе «Наша Ніва».

Мужчыну асудзілі за тое, што на сваёй старонцы ў фэйсбуку ён разьмясьціў штосьці з «экстрэмісцкіх матэрыялаў» (ч. 2 арт. 19.11 КаАП). Яму выпісалі штраф на 740 рублёў (20 базавых велічынь) і адабралі тэлефон. Пасяджэньне раённага суда было яшчэ 24 студзеня. Пастанову апублікавалі ў сеціве.

У маленстве Антон Францавіч Бубала перажыў зь сям’ёй канцлагер: вясной 1943 году, калі яму не было і года, разам з маці, братам і сястрой ён апынуўся сярод вязьняў Саласпілскага канцлагера (непадалёк ад Рыгі).

Адваката Макарава адправілі ў калёнію за ўдзел у акцыі пратэсту

У судзе Ленінскага раёну Менска 3 сакавіка паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (удзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак) да 1 году калёніі асудзілі палітзьняволенага адваката Міхаіла Макарава, даведалася «Вясна».

Міхаіла Макарава абвінавацілі ва ўдзеле ў акцыі пратэсту ў 2020 годзе ў Менску. Справу разглядала судзьдзя Юлія Шчоткіна. За кратамі Міхаіла ўтрымліваюць амаль паўгады.

Міхаіла Макарава затрымалі з жонкай і яшчэ адной адвакаткай Анастасіяй Сагановіч 13 верасьня 2022 году. Тады затрыманьне адваката сілавікі зьвязвалі з абаронай палітзьняволеных актывістаў анархічнага руху. Ён абараняў палітзьняволенага Мікіту Дранца па справе «Рэвалюцыйнага дзеяньня».

Адразу адваката асудзілі на 15 дзён адміністрацыйнага арышту ў судзе Фрунзэнскага раёну Менску па арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). Пасьля гэтага яму выставілі абвінавачваньне паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу і перавялі ў СІЗА.

3 лістапада 2022 году Міністэрства юстыцыі пазбавіла Міхаіла ліцэнзіі з прычыны «дысцыплінарных спагнаньняў і за зьдзяйсьненьне правінаў, несумяшчальных са званьнем адваката».

Суд над Макаравым пачаўся 2 сакавіка 2023 году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 10 адвакатаў, якія баранілі ў тым ліку Калесьнікаву і Бабарыку, пазбавілі ліцэнзій

Паводле зьвестак «Вясны», з пачатку 2021 году да канца 2022 году, Мін’юст беларусі пазбавіў ліцэнзій ня менш як 60 адвакатаў.

Ліквідавана каля 100 адвакацкіх бюро, спынена дзейнасьць каля 400 адвакатаў, якія практыкавалі індывідуальна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былому адвакату Бяляцкага Віталю Брагінцу прысудзілі 8 гадоў калёніі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 1446 палітвязьняў, зь іх 74 — з інваліднасьцю і цяжкімі захворваньнямі, 25 пэнсіянэраў, — статыстыка праваабаронцаў за 2022 год