Гэта заказныя тэрміны, якія паступілі непасрэдна ад Лукашэнкі, сказаў Салаўёў у інтэрвію Свабодзе.
«Гэта ня суд, а прапагандысцкі спэктакль, гэта расправа над праваабаронцамі, зьверскія тэрміны, якія яны прызначылі праваабаронцам, — гэта помста за тую дзейнасьць, якую праводзіў Праваабарончы цэнтар „Вясна“ 27 гадоў», — так пракамэнтаваў вырак адзін з падсудных у справе «Вясны» Зьміцер Салаўёў, якога прысудзілі завочна да 8 гадоў зьняволеньня і штрафу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта адзін з многіх варыянтаў фашызму». Рэакцыі на вырак лідэрам «Вясны»На думку Салаўёва, мэта ўладаў — каб не было незалежнага назіраньня, не паступала інфармацыя зь Беларусі аб сытуацыі з правамі чалавека, аб катаваньнях, аб забойствах, але «ў іх гэта не атрымаецца».
«Гэта спроба нэўтралізаваць праваабаронцаў — Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча, Уладзімера Лабковіча. Гэта заказныя тэрміны, якія паступілі непасрэдна з самага верху гэтай дыктатарскай улады, якія ператварылі краіну ў канцлягер», — падкрэсьліў ён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Да 10 гадоў зьняволеньня. Суд пакараў нобэлеўскага ляўрэата Бяляцкага і вясноўцаўТое, што праваабаронцаў трымалі ў кайданках у клетцы, — гэта дэманстрацыя ўсяму сьвету жорсткасьці, зь якой гэтыя ўлады распраўляюцца з апанэнтамі, адзначае праваабаронца.
«Улады ператварылі краіну ў канцлягер і цягнуць зь яе ўсе магчымыя рэсурсы. У праваабаронцаў каштоўнасьці — гэта жыцьцё і правы кожнага чалавека. Тут і адбываецца каштоўнасны раскол паміж праваабаронцамі і ўладай, з такой уладай мы і ня можам сысьціся. Усе свабоды, якія запісаныя ва Ўсеагульнай дэклярацыі правоў чалавека, Міжнародным пакце аб грамадзянскіх і палітычных правах, які ў тым ліку падпісала і Беларусь, якую яна абавязана выконваць, але не выконвае, таму мы, праваабаронцы, усе гэта фіксуем і даводзім да сусьветнай грамадзкасьці. І атрымліваем пасьля гэтага помсту рэжыму», — кажа ён.
Зьміцер Салаўёў разьлічвае на рашучую міжнародную рэакцыю на гэты вырак:
«Я ўпэўнены, што зараз сьвет ускалыхнецца і будзе рабіць адпаведныя дзеяньні. Я ўпэўнены, што ня могуць на гэта глядзець і абмяжоўвацца рознымі заявамі аб занепакоенасьці самыя буйныя актары — Эўразьвяз і ЗША, іншыя дэмакратычныя суб’екты. Я выступаю, каб санкцыі былі павялічаныя, таму што гэта ненармальна — гандляваць з рэжымам, даваць яму магчымасьць зарабляць грошы, яшчэ трэба ўлічыць, што гэты рэжым дапамагае Расеі забіваць украінцаў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ім патрэбна ведаць, што ўсё недарма», — жонкі зьняволеных вясноўцаў аб прысудзеПаводле праваабаронцы, нельга таксама забываць, што менавіта з боку Беларусі быў напад на Кіеў, і рэжым Лукашэнкі, «па сутнасьці, саўдзельнік тых злачынстваў, якія робяць акупанты ва Ўкраіне супраць людзей, супраць чалавецтва».
Салаўёў, які зьехаў за мяжу, заявіў, што ягоных паплечнікаў катуюць:
«Мы бачым катаваньні праваабаронцаў, я за тое, каб была адкрытая справа ў межах міжнароднай юрысдыкцыі за катаваньні праваабаронцаў. Увесь гэты працэс — гэта катаваньні ў адносінах да Бяляцкага, Стэфановіча, Лабковіча».
Пра свой 8-гадовы вырак, вынесены завочна Салаўёў сказаў:
«Я той спэктакль ніякім судом не лічу. На маім прыкладзе паказана, што гэта за завочная працэдура. Прызначылі нейкую фэйкавую адвакатку, каторая зрабіла проста фэнамэнальную заяву (мусіць, гэта самая кароткая прамова адваката ў гісторыі), яна сказала „Асудзіце яго па справядлівасьці“. Гэта паказвае, што гэта не адвакат, а падстаўная асоба. Аказваецца, аплата гэтай асобы будзе яшчэ і за мой кошт. Прададуць маю маёмасьць, каб заплаціць грошы ёй і штраф».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «На судзе над „Вясной“ я зразумеў, што нават Расеі ёсьць куды падаць», — заснавальнік «Мемориала»3 сакавіка ў судзе Ленінскага раёну Менску абвясьцілі прысуд праваабаронцам «Вясны». Судзьдзя Марына Запасьнік прысудзіла:
- Алесю Бяляцкаму, ляўрэату Нобэлеўскай прэміі міру і заснавальніку арганізацыі, — 10 гадоў калёніі;
- Валянціну Стэфановічу, намесьніку Бяляцкага і віцэ-прэзыдэнту Міжнароднай фэдэрацыі за правы чалавека, — 9 гадоў зьняволеньня;
- Уладзімеру Лабковічу, каардынатару кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» і юрысту, — 7 гадоў зьняволеньня;
- Дзьмітрыю Салаўёву, якога судзяць завочна, — 8 гадоў зьняволеньня.
Іх прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
Разгляд крымінальнай справы праходзіў у судзе Ленінскага раёну Менску з 5 студзеня.
Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч і Ўладзімір Лабковіч не прызналі сваёй віны цалкам.
Дзяржаўны абвінаваўца Аляксей Кароль на пасяджэньні 9 лютага запатрабаваў асудзіць Бяляцкага на 12 гадоў калёніі, Стэфановіча — на 11, Лабковіча — на 9. Салаўёву, якога судзяць завочна, ён прапанаваў прысудзіць 10 гадоў калёніі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Такая ж штодзённая ганьба, як падтрымка Лукашэнкам пуцінскай вайны». Міжнародная рэакцыя на прысуд праваабаронцам «Вясны» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Вільні прайшла акцыя салідарнасьці з праваабаронцамі «Вясны», якіх сёньня асудзілі на вялікія тэрміны. ФОТА