У Тбілісі на акцыях супраць законаў аб «іншаагентах» адбыліся сутычкі, ёсьць затрыманыя

Грузінскія апазыцыйныя палітыкі і грамадзкія актывісты правялі перад будынкам парлямэнту ў Тбілісі акцыю пратэсту супраць законаў аб «іншаземных агентах».

Другога сакавіка парлямэнт Грузіі ўхваліліў у першым чытаньні два адпаведныя законапраекты — «Аб празрыстасьці замежнага ўплыву» і «Аб рэгістрацыі замежных агентаў».

На акцыю пратэсту сабраліся некалькі соцень чалавек. Некалькі ўдзельнікаў акцыі затрымалі, паведамляе «Грузия Online». Сярод іх дырэктар выданьня «Публіка» Зура Вардыяшвілі і журналіст выданьня «Табула» Бека Джыкурашвілі. Іх абвінавачваюць у дробным хуліганстве (артыкул 166) і непадпарадкаваньні законным патрабаваньням праваахоўнікаў (артыкул 173).

Выданьне паведамляе, што служба бясьпекі парлямэнту не прапусьціла на слуханьні аб законапраекце журналістаў і прадстаўнікоў грамадзкіх арганізацый. Некалькіх апазыцыйных палітыкаў сілком вывелі з залі паседжаньня.

У адказ удзельнікі акцыі як звонку, так і ўнутры будынкаў скандавалі «Ганьба! Здраднік! Не — расейскаму закону!» у адрас кожнага парлямэнтарыя, які падтрымлівае законапраекты. Таксама гучаў лёзунг «Рускія! Рабы!»

Некаторыя з пратэстоўцаў уступілі ў сутычкі з аховай парлямэнту і супрацоўнікамі паліцыі. Затрыманьні пачаліся, калі ўдзельнікі акцыі паспрабавалі выстраіць «калідор ганьбы» для аўтараў законапраектаў. Пасьля гэтага дэманстранты не давалі адʼехаць ад будынка парлямэнту аўтамабілю патрульнай паліцыі, у якім знаходзіўся адзін з затрыманых.

Затрыманьні на акцыі пратэсту

МУС Грузіі распаўсюдзіла заяву, у якой гаворыцца, што міністэрства прыме ўсе меры для аховы грамадзкага парадку, і перасьцерагла «арганізатараў і ўдзельнікаў акцыі ад заклікаў да гвалту».

Раней сябры руху «Сіла народу» ўнесьлі ў парлямэнт Грузіі два законапраекты — «Аб празрыстасьці замежнага ўплыву» і «Аб рэгістрацыі замежных агентаў». Першы законапраект чальцы «Сілы народу» называюць «грузінскім», другі — «амэрыканскім». Пасьля зацьвярджэньня дакумэнтаў у першым чытаньні іх плянуецца накіраваць у Вэнэцыянскую камісію.

Эўразьвяз заявіў, што прыняцьце падобных законаў несумяшчальнае з выкананьнем рэкамэндацый для атрыманьня Грузіяй статусу кандыдата ў Эўразьвяз, з нормамі і каштоўнасьцямі ЭЗ. Сурʼёзную занепакоенасьць таксама выказалі ЗША.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Грузіі адбыліся сутычкі вакол законапраекту аб «замежных агентах»