Радыё Свабода пачало ў новым YouTube-канале «Гісторыя на Свабодзе» публікацыю цыклю ілюстраваных відэагутарак пра Стары Менск.
У шостай частцы цыклю аўтар кнігі «Невядомы Менск. Гісторыя зьнікненьня» Сяргей Абламейка расказвае, як у 1920-я гады супрацоўнікі Інбелкульту стварылі манаграфію пра помнікі старога Менску з некалькімі сотнямі фотаздымкаў, як яна не была выдадзеная і зьнікла. Таксама размова пойдзе і пра няўдалую спробу прыцягнуць краязнаўцаў да справы аховы помнікаў у тагачаснай БССР.
- 0:46 — чаму згортваньне беларусізацыі пачалося ўжо ў 1925 годзе
- 4:19 — як беларусы спрабавалі ў 1925 годзе стварыць музэй старога Менску
- 7:51 — чаму музэй стварыць не ўдалося
- 9:10 — як быў створаны аддзел старога Менску ў Беларускім дзяржаўным музэі
- 11:17 — што за манаграфію пра стары Менск задумаў выдаць Інбелкульт
- 14:34 — куды маглі зьнікнуць здымкі з манаграфіі пра стары Менск
- 15:56 — як краязнаўцы актыўна далучыліся да справы захаваньня помнікаў і адыгралі ў ёй значную ролю
- 18:39 — роля Міколы Шчакаціхіна ў краязнаўчым руху
- 19:22 — пачатак наступу ўладаў на краязнаўчы рух
- 21:29 — як краязнаўцы знайшлі ў Магілёве XVIII стагодзьдзя мастака Сэгаля і назвалі яго сваяком Шагала
- 22:02 — беларусы ў 20-я гады — самы заходні народ СССР
- 24:47 — пра фальшывы характар бальшавіцкай беларусізацыі
- 27:13 — прыклады ідэалягічнай канкурэнцыі бальшавікоў з нацыянальнымі дзеячамі БССР: контрэкскурсіі, контрмузэі
Фрагмэнт размовы вядучага Сяргея Шупы зь Сяргеем Абламейкам:
— Што за манаграфію пра стары Менск задумаў выдаць Інбелкульт?
— Гэта вельмі загадкавая гісторыя. Яшчэ вясной 1925 годзе Камісія аховы помнікаў Інбелкульту пастанавіла зрабіць поўнае манаграфічнае апісаньне помнікаў Менску. Летам прэзыдыюм Інбелкульту зацьвердзіў гэтую пастановы, выдзеліў фінансаваньне, і праца пачалася. І ўжо ў верасьні 1926 году мы чытаем у газэце «Звезда»:
«Комиссия по охране памятников старины выпускает к осени подробное описание памятников старины в гор. Минске. Уже собрано до 300 фотографий гор. Минска и его окрестностей (старинные улицы, здания, сады и т. д.)»
Па дакумэнтах Інбелкльту я прасачыў, як яны стараліся здабыць грошы, як іх здабылі, як пачалі фатаграфаваць. У гэтым удзельнічаў выдатны беларускі фатограф Леў Дашкевіч, які тады жыў у Менску.
А пасьля пачалася загадкавая гісторыя. Розныя органы друку паведамляюць, што Інбелкульт падрыхтаваў поўнае манаграфічнае апісаньне помнікаў Менску, пасьля што Менскае акруговае краязнаўчае таварыства рыхтуе даведнік па Менску, пасьля называюць гэту працу «падарожнікам па Менску», пішуць пра 300 фатаздымкаў, пасьля пра 200 фатаздымкаў. І вось абяцаюць, што яны ўжо вось-вось і выйдзе. Але яна так і ня выйшла.
Мы ведаем, што ў прэзыдыюм Інбелкульту ў 1927 годзе канстатаваў, што тая манаграфія цалкам гатовая да друку, але чаму яны ня выйшла — не, дакумэнты пра гэта маўчаць. Мы толькі ведаем, што ў 1928 годзе матэрыялы той манаграфіі знаходзіліся ў Беларускім дзяржаўным музэі. У той год з пратаколаў пасяджэньняў можна даведацца, што тую манаграфію з той жа структурай і зьместам зьбіраліся выдаць ужо супрацоўнікі музэю. Але і тады яна ня выйшла.
Куды дзеліся гэтыя матэрыялы — мы ня ведаем. Хаця адносна здымкаў можна сказаць наступнае. У 1936 годзе ў Менску быў арыштаваны малады беларускі паэт Сяргей Грахоўскі. У кнізе сваіх мэмуараў «Крыжавы шлях» ён расказаў, што калі яго вадзілі на допыты з турмы «Амэрыканка» ў будынак НКВД, то ў двары заўсёды гарэў агонь у печцы і сядзеў вайсковец, які спальваў там лісты, рукапісы, чарцяжы і фотаздымкі. Архівы ўсіх арыштаваных людзей спальваліся. Магчыма калекцыя тых здымкаў Інбелкульту таксама скончыла ў печцы ў двары НКВД.
Што да тэкставай вэрсіі той манаграфіі, дык існуюць працы Зьмітра Даўгялы, Васіля Друшчыца і Міколы Шчкаціхіна, прысьвечаныя гісторыі і помнікам Менску. Напрыклад, «Стары Менск» Даўгялы або «Помнікі старадаўняе архітэктуры XVII — XVIII сталецьцяў у Менску» Шчакаціхіна. Магчыма яны былі складовымі часткамі той зьніклай манаграфіі.
— Мінулы раз ты пачаў свой аповед з аднаўленьня дзейнасьці Менскага таварыства гісторыі і старажытнасьці. Менавіта гэтая арганізацыя стварыла ў 1922 годзе Часовае бюро краязнаўства, якое пасьля таксама стала органам Інбелкульту. Ці бралі ўдзел краязнаўцы ў захадах вакол Старога гораду?
— Магчыма, актыўнасьць краязнаўцаў была асноўнай часткай усёй культурніцкай актыўнасьці сярэдзіны 20-х гадоў. У кнізе глава пра краязнаўцаў займае 30 старонак, гэта самая вялікая глава кнігі і ўяўляе яна сабой як бы асобнае гістарвычнае дасьледаваньне пра краязнаўцаў, якое можна было б апублікаваць асобна як артыкул.
Паколькі краязнаўчае таварыства стваралі тыя самыя людзі, што і Камісію аховы помнікаў Інбелкульту, то дзейнічалі яны, фактычна, як адна арганізацыя. У 1924 годзе Часовае бюро краязнаўства было ператворанае ў Цэнтральнае бюро краязнаўства (ЦБ краязнаўства, як тады казалі) і працавала яно пры Інбелкульце, і сядзелі яны ў адным будынку на вуліцы Рэвалюцыйнай.
І вось адразу, як толькі ў пачатку 1925 году ўзьнікла Камісія аховы помнікаў Інбелкульту, дык прынамсі краязнаўцаў Менскай акругі арыентавалі на вывучэньне помнікаў Менску. Краязнаўчыя гурткі існавалі практычна ва ўсіх навучальных установах Менску, у тым ліку, у БДУ і Белпэдтэхнікуме. Студэнты ўдзельнічалі ў акцыя, выходзілі на «абгляды», зьбіралі экспанаты.
Вялікая роля ў актыўнасьці краязнаўцаў належыць Міколу Шчакаціхіну. Ён пісаў вельмі важныя і вельмі цікавыя інструкцыі для краязнаўцаў, як апісваць помнікі архітэктуры.
Таксама вельмі цікавая старонка — экскурсіі па гістарычных цэнтрах гарадоў. Я ў кнізе апісваю экскурсіі па Менску і Магілёве. Вельмі цікавя экскурсіі вадзілі па Магілёве і зьмест іх быў шыкоўны. Напрыклад, расказваючы пра магілёўскую сынагогу, казалі, што ў XVIII стагодзьдзі росьпісы ў ёй зрабіў мастак Сэгаль, далёкі сваяк вядомага сучаснага мастака Марка Шагала.
І вось тады, пасьля роспуску ўраду БНР у кастрычніку 1925 году ў Бэрліне, пачаўся паступовы наступ на беларусаў. Ужо ў сьнежні 1925 году НКВД зацьвярджае статут Краязнаўчага таварыства, і там ужо няма ніводнага слова пра ахову помнікаў.
7 — 10 лютага 1926 году ў будынку Інбелкульту адбыўся першы краязнаўчы зьезд БССР. Ён яшчэ ва ўсю разглядае і абмяркоўвае справу аховы помнікаў.
Але за тры дні да яго пачатку адбываецца сакрэтнае паседжаньне Бюро ЦК КПБ(б). Вось фрамэнт пастановы:
«Работа Инбелкульта и положение в нем в настоящее время требуют серьезного внимания партии. Необходимо: 1) Укрепить коммунистами руководящую головку, обеспечив возможность практического руководства всеми отраслями работы; 2) Поручить фракции Инбелкульта совместно с АПО пересмотреть состав коммунистов членов Инбелкульта, обеспечив участие их в работе секций и комиссий; 3) Установить регулярную работу комфракций и выделить регулярно действующее бюро фракции;... 5) Краеведческой работе придать практический уклон для увязки с современными требованиями. Обеспечить в краеведческой работе внимание и влияние партийных, профессиональных и сов. организаций. Напомнить окружкомам КПБ на неоднократно дававшиеся директивы о выделении партийцев в качестве членов корреспондентов Инбелкульта; 6) Считать нецелесообразным развертывание клубной работы при Инбелкульте, сосредоточить последнюю в союзных организациях».
Пад кароткай фразай «Краеведческой работе придать практический уклон для увязки с современными требованиями» хаваліся далёкасяжныя пляны камуністаў.
Далей падзеі пачалі разгортвацца імкліва. Краязнаўцаў сталі адхіляць ад справы аховы помнікаў. Пад восень 1926 году ЦБ краязнаўства прымае плян працы на наступны, 1927 год і там ужо няма ні слова пра ахову помнікаў. Затое прапаноўвалася вывучаць вытворчыя сілы гораду, фабрыкі і заводы, і вытворчыя сілы вёскі, інвэнтар сялян, прынцыпы земляробства і нават мясцовыя балоты і склад расьліннасьці на іх.
Лёс беларускіх краязнаўцаў быў трагічны, хоць рух у нас гэты быў разьвіты незвычайна. У Беларусі было 300 краязнаўчых арганізацый, а ва ўсім СССР 1100. У нас было 10 000 краязнаўцаў, а ва ўсім СССР — 50 000. Мы бачым, што Беларусь сябе тады праявіла неверагодна добра. Беларусы былі самым заходнім народам СССР, найбольш цікавіліся помнікамі сваёй культуры, і ў выніку найболей за гэта пацярпелі.
Слухаць гутаркі пра гісторыю вы таксама можаце і на ўсіх папулярных падкаст-плятформах.
Your browser doesn’t support HTML5
Бясплатна спампуйце і чытайце кнігі «Бібліятэкі Свабоды»:
- Сяргей Абламейка. Невядомы Менск. Гісторыя зьнікненьня. Кніга першая. 2021 (PDF) (EPUB)
- Сяргей Абламейка. Невядомы Менск. Гісторыя зьнікненьня. Кніга другая. 2021 (PDF) (EPUB)
«Гісторыя на Свабодзе». Дзе глядзець і слухаць
Вакол Беларусі ідзе вайна гісторыяў. Апанэнты страляюць ня толькі ракетамі і снарадамі, але і гістарычнымі аргумэнтамі. Мінулае Беларусі, Эўропы і сьвету вачыма беларусаў — у праекце «Гісторыя на Свабодзе».
Новыя выпускі выходзяць раз на тыдзень, па серадах.
Як глядзець на YouTube
Падпішыцеся на наш адмысловы YouTube-канал «Гісторыя на Свабодзе», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.
Як слухаць падкаст
Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.
Чароўная спасылка – клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.