ByPol апублікаваў відэа паветранай выведкі ў Мачулішчах

Спадарожнікавы здымак аэрадрому ў Мачулішчах

Аб’яднаньне былых беларускіх сілавікоў ByPol у адказ на заявы афіцыйнага Менску пра «найлепшую супрацьпаветраную абарону» апублікавала відэа пасадкі бесьпілётніка на расейскі вайсковы самалёт А-50, які пазьней быў, меркавана, атакаваны баявымі дронамі.

«Нядаўна дыктатар чарговы раз заявіў сваім прапагандыстам, што ў яго найлепшая супрацьпаветраная абарона і сродкі супраць бесьпілётнікаў. Таму ўсе вайсковыя абʼекты нібыта ў поўнай бясьпецы. Відэа, перададзенае баявой групай удзельнікаў пляну „Перамога“, наглядна дэманструе, якая сытуацыя», — гаворыцца ў паведамленьні, апублікаваным у телеграм-канале ByPol.

Паводле яго, на працягу 2 тыдняў беларускія партызаны вялі паветраную выведку на вайсковым аэрадроме «Мачулішчы» з дапамогай цывільных бесьпілётнікаў.

«Падчас адной з пасьпяховых выведных апэрацый бесьпілётнік ня толькі заляцеў на тэрыторыю ўказанага аэрадрома, але і праляцеў побач з расейскім вайсковым самалётам А-50, і нават зьдзейсьніў пасадку на яго радыёлякацыйную станцыю („талерку“)», — дадалі ў абʼяднаньні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларускі Гаюн»: расейскі самалёт А-50, пра пашкоджаньне якога паведамляў ByPol, вылецеў у Расею. ВІДЭА

ByPol не ўдакладняе, калі менавіта было зроблена гэтае відэа.

Радыё Свабода пакуль ня можа праверыць гэтую інфармацыю зь іншых крыніцаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пыталі, як далёка можа заляцець, ці купляў дадатковыя аксэсуары». Як пасьля інцыдэнту ў Мачулішчах правяраюць уладальнікаў дронаў