У Менску 1 сакавіка ў сувязі з анансаванымі сустрэчамі прыхільнікаў «Родану» затрымалі каля 80 чалавек, 15 зь іх паўналетнія, паведаміў міністар унутраных спраў Іван Кубракоў, піша БелТА. Паводле яго, паўналетніх удзельнікаў сустрэчы прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасьці. МУС лічыць, што яны каардынавалі моладзь.
Таксама Кубракоў заявіў пра затрыманьне адміністратараў беларускіх паблікаў, зьвязаных з «Роданам», і «блогераў, якія паспрабавалі хайпануць на гэтай тэме». «Усе яны затрыманыя, асабліва тыя, хто заклікаў сабрацца ў пэўным месцы», — заявіў міністар.
Кіраўнік МУС адзначыў, што з 22 лютага рух «вельмі хутка распаўсюджваецца па ўсёй тэрыторыі Беларусі».
«Наша задача — ня даць зламаць лёс нашых дзяцей! Дзеля гэтага працуем на апярэджаньне, разам з пэдагогамі. Учора, напрыклад, былі заклікі сабрацца ў Менску ля гандлёвых цэнтраў. Мы перашкодзілі гэтаму», — заявіў Кубракоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Берасьці затрымалі 52 чалавекі. Міліцыя кажа пра сход суполкі «Родан», паведамляюць пра затрыманьні ў Менску і ВоршыУУС Берасьцейскага аблвыканкаму раней паведаміў пра затрыманьне ў Берасьці 1 сакавіка прыхільнікаў моладзевага субкультурнага руху «Родан», якія сабраліся «па закліках, апублікаваных сацыяльных сетках і мэсэнджарах, паблізу буйных гандлёвых цэнтраў». Паводле сілавікоў, затрымалі 52 чалавекі, зь іх 41 непаўналетні.
СМІ паведамлялі таксама пра затрыманьні 1 сакавіка прыхільнікаў руху ў Менску і Воршы, але колькасьць затрыманых была невядомая.
28 лютага ў Гомлі міліцыя затрымала 200 чалавек (183 зь іх непаўналетнія), якія прыйшлі на анансаваную ў сацсетках сустрэчу прыхільнікаў «Родан». Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу паводле арт. 342 КК (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак). Непаўналетніх перадалі бацькам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МУС: у Гомлі затрымалі 200 чалавек, зь іх 183 — непаўналетнія, іх паставяць на ўлікПра ПВК «Родан»
ПВК «Родан» — зусім маладая субкультура, якая, тым ня менш, ужо «нарабіла шораху». Аснову прыхільнікаў руху складаюць падлеткі — аматары японскага анімэ. Рух названы ў гонар злачыннай арганізацыі «Геней Родан», альбо «Павукі», зь японскай анімэ Hunter x Hunter.
Абавязковым атрыбутам роданаўцаў зьяўляюцца чорная валасы, байкі з выявай павука, а таксама клятчастыя нагавіцы. Іх галоўны пасыл — не перашкаджайце нам выглядаць так, як мы хочам.
Сваімі галоўнымі праціўнікамі роданаўцы называюць «офнікаў». Часьцей за ўсё пад «офнікамі» маюцца на ўвазе моцныя падлеткі, які наводзяць страх на сваім раёне, школе ці іншай тэрыторыі, якія шукаюць любой магчымасьці, каб пабіцца. Сярод «офнікаў» няма нейкай канкрэтнай палітычнай ідэалёгіі, часта сярод іх сустракацца футбольныя фанаты, але гэта не абсалютна тоесныя паняткі.
Прыхільнікі «Родану», як і прадстаўнікі іншых моладзевых субкультур, часьцей за ўсё зьбіраюцца на фудкортах вялікіх гандлёвых цэнтраў. Там адбываюцца канфлікты і сутычкі зь іншымі субкультурамі. Менавіта зьбірацца ў гандлёвых цэнтрах і арганізоўваць бойкі з «офнікамі» заклікалі «павучыныя» суполкі як у Беларусі, так і ў Расеі з Украінай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Галоўная мэта нашага пакаленьня — зрабіць сьвет справядлівым». Расказваем пра ідэалёгію ПВК «Родан» і іх уплыў у Беларусі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Паcьля сходу прыхільнікаў групы «Родан» у Гомлі завялі крымінальную справу