Як піша Financial Times, экспарт электронных кампанэнтаў з ААЭ ў Расею ў 2022 годзе павялічыўся больш як у 7 разоў і, паводле зьвестак расейскай мытні, дасягнуў амаль $283 млн, піша газэта са спасылкай на фонд «Свободная Россия».
ААЭ таксама экспартавалі ў Расею ў 15 разоў больш мікрачыпаў, чым годам раней, а абʼём гандлю гэтай прадукцыяй павялічыўся да 24,3 млн даляраў у параўнаньні з 1,6 млн даляраў у 2021 годзе.
У сувязі з гэтым у лютым 2023 году ААЭ наведалі кіраўнік Упраўленьня па каардынацыі санкцый ЗША Джэймс ОʼБраен, амбасадар ЭЗ у пытаньнях санкцый Дэвід ОʼСаліван і дырэктар Упраўленьня па санкцыях Вялікай Брытаніі Дэйвід Рэйд. Мэтай іх візыту, паводле FT, было «ўдакладніць шырокі спэктар гандлёвых абмежаваньняў» і аказаць ціск на афіцыйных асоб ААЭ, каб яны спынілі магчымыя парушэньні санкцый.
Заходнія краіны, як адзначае газэта, таксама занепакоеныя рээкспартам, які дазваляе пастаўляць тавары праз ААЭ ў абыход накладзеных на Расею абмежаваньняў.
«Наша просьба (да ААЭ) заключаецца ў тым, каб яны спынілі рээкспарт і прызналі, што гэты рээкспарт праблематычны», — сказала крыніца, дадаўшы, што «дыскусіі працягваюцца».
Раней Financial Times пісала, што Эўразьвяз плянуе дасьледаваць рост экспарту ў краіны-суседзі Расеі, мяркуючы, што такім чынам пастаўшчыкі могуць абысьці заходнія санкцыі. Выданьне адзначыла, што, паводле аналізу Эўрапейскага банку рэканструкцыі і разьвіцьця (ЭБРР), імпарт з заходніх краін і экспарт у Расею з Армэніі, Кіргізстану і Турэччыны істотна павялічыўся. Гэты рост, як падкрэсьліваюць журналісты, супадае з больш як 50-адсоткавым падзеньнем экспарту ў Расею з ЭЗ, ЗША і Вялікай Брытаніі ў параўнаньні зь сярэднім паказчыкам у 2017–2019 гадах.
Дзясяты пакет санкцый ЭЗ прадугледжвае забарону на транзыт праз Расею тавараў і тэхналёгій двайнога прызначэньня, якія экспартуюцца з ЭЗ, каб пазьбегнуць абыходу санкцый. ЭЗ таксама ўвёў дадатковыя абмежаваньні на пастаўкі ў Расею электронікі, спэцтэхнікі, дэталяў машын, запчастак для грузавікоў і рэактыўных рухавікоў, а таксама будаўнічых тавараў, якія могуць выкарыстоўвацца расейскай арміяй.
Раней мікрачыпы амэрыканскай кампаніі Texas Instruments былі знойдзены ў іранскіх бесьпілётніках.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Колькі каштуе рэпутацыя? Да паўторнага візыту Лукашэнкі ў ААЭ ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка паляцеў у ААЭ і Зымбабвэ, дзе беларускія вярхі маюць свае камэрцыйныя інтарэсы. Нагадваем пра некаторыя