Паводле кіраўніцы кампаніі Эгле Шыме, сёлета ў Літву не пусьцілі паўтары тысячы вагонаў пасьля падазрэньняў у магчымым абыходзе санкцый, паведамляе BNS.
«Адносна гэтага году, за першыя два месяцы мы атрымалі 3700 заявак на перавозку грузаў зь Беларусі. З гэтай колькасьці 9% адхілілі праз падазрэньні ва ўхіленьні ад санкцый», — сказала Шыме.
Агулам за першыя два месяцы на тэрыторыю Літвы не пусьцілі 453 вагоны. Часьцей за ўсё санкцыі спрабуюць абысьці пры перавозках драўніны, мэталяпрадукцыі, угнаеньняў і вугалю.
Дырэктар LTG resilience Эдвінас Керза паведаміў, што «Латвійская чыгунка» таксама была праінфармаваная аб спробах абысьці санкцыі. Паводле яго, праз Латвію ў Літву таксама вязуць угнаеньні, аднак у суседняй краіне выпадкаў абыходу санкцый не выяўлена, а апошні правераны груз быў з угнаеньнямі з Узбэкістану.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каб прадухіліць абыход санкцыяў, у Літве ўзмацнілі кантроль над грузамі зь БеларусіПершага сакавіка LTG Cargo паведаміла, што яшчэ больш узмацняе кантроль над грузамі, якія дастаўляюцца як зь Беларусі, а таксама зь іншых краінаў. Цяпер усе кліенты LTG Cargo, якія ажыцьцяўляюць шырокакалейныя чыгуначныя грузаперавозкі, павінны будуць даць дадатковыя дакумэнты і падрабязную інфармацыю аб грузах, а таксама паўторна падаць заяўкі на грузаперавозкі з трэціх краін.
Паводле «LTG Cargo», гэта дапаможа кампаніі «прадухіліць магчымыя спробы абыходу санкцыяў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літоўская чыгунка затрымала 15 вагонаў зь беларускімі ўгнаеньняміУ лютым Літва затрымала вагоны з кантрабанднымі беларускімі азотнымі ўгнаеньнямі, якія мусілі трапіць зь Беларусі ў Дубай зь перавалкай у порце Клайпэды. Усяго затрымалі больш за 3000 тон карбаміду на суму звыш 2 мільёнаў эўра.
Падчас сьледчых дзеяньняў правялі ператрусы ў трох гарадах, затрымалі дваіх падазраваных. Згодна з расьсьледаваньнем, для транспартаваньня ўгнаеньняў выкарыстоўвалася кампанія прыкрыцьця «Тэхнаспэцтрэйдынг». Яна была зарэгістраваная ў Беларусі і не падпала пад санкцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як беларускія ўлады абыходзяць заходнія санкцыі