Першага сакавіка ў Берасьці міліцыя затрымалі 52 чалавекі, зь іх 41 непаўналетняга. Паводле сілавікоў, затрыманыя — прыхільнікі моладзевага субкультурнага руху «Родан».
Паводле УУС Берасьцейскага аблвыканкаму, яны сабраліся «па закліках, апублікаваных у сацыяльных сетках і мэсэнджарах, паблізу буйных гандлёвых цэнтраў». У міліцыі сьцьвярджаюць, што падлеткаў затрымлівалі «без ужываньня фізычнай сілы».
У МУС заяўляюць, што адзін з затрыманых узяў з сабой на сходку пнэўматычны пісталет Gletcher. На відэа ў хлопца пытаюцца, навошта ў яго з сабой пісталет. Той адказвае, што «не было дзе пакінуць».
Цяпер у дачыненьні да затрыманых праводзяць праверкі. Падлеткі да 16 гадоў атрымаюць папярэджаньні з пастаноўкай на ўлік у інспэкцыю ў справах непаўналетніх. Старэйшым за 16 гадоў дадаткова пагражае адміністрацыйная адказнасьць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Галоўная мэта нашага пакаленьня — зрабіць сьвет справядлівым». Расказваем пра ідэалёгію ПВК «Родан» і іх уплыў у БеларусіІніцыятыва «МотолькоПомоги» піша пра затрыманьні падлеткаў на сходцы «Родану» 1 сакавіка ў Менску каля ГЦ Galleria і ў Воршы, колькасьць затрыманых не вядомая.
Выданьне «Точка», журналісты якой пабывалі на месцы сустрэчы прыхільнікаў руху ў Менску, піша аб затрыманьні некалькіх маладых людзей. У ГУУС Менгарвыканкаму гэтую інфармацыю журналістам не пацьвердзілі, паабяцаўшы даць камэнтар пазьней. У ГЦ Galleria, паводле выданьня, былі заўважаны кіраўнік МУС Іван Кубракоў і начальнік ГУУС Менгарвыканкаму Міхаіл Грыб.
Паводле Orsha.eu, у Воршы днём міліцыянты хадзілі па навучальных установах, дзе расказвалі навучэнцам аб небясьпецы «ПВК Родан», а ўвечары ў горад выйшлі патрулі «з загадам затрымліваць маладых людзей з атрыбутыкай гэтага руху». Як адзначае выданьне, некалькі прадстаўнікоў «Родану» ўсё ж затрымалі.
Паводле інфармацыі «Нашай нівы», прыхільнікі руху «Родан» спрабавалі сабрацца і ў Магілёве, 1 сакавіка а 16-й гадзіне, каля гандлёвага цэнтру «Атрыюм». Цэнтар горада патрулявалі міліцыянты. Падлеткі стаялі па кутках плошчы кампаніямі да дзесяці чалавек. Калі іх зьбіралася больш, падыходзілі міліцыянты і моладзь разыходзілася, каб зноў сабрацца ў іншым месцы, піша выданьне. Як расказаў выданьню відавочца, ад 16 да 17 гадзін ля «Атрыюму» было «пад сотню маладзёнаў»; ці былі затрыманьні, суразмоўцы выданьня ня бачылі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МУС: у Гомлі затрымалі 200 чалавек, зь іх 183 — непаўналетнія, іх паставяць на ўлік28 лютага ў Гомлі міліцыя затрымала 200 чалавек (183 зь іх непаўналетнія), якія прыйшлі на анансаваную ў сацсетках сустрэчу прыхільнікаў «Родану». Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу паводле арт. 342 КК (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак). Непаўналетніх перадалі бацькам.
Пра так званую ПВК «Родан»
ПВК «Родан» — зусім маладая субкультура, якая, тым ня менш, ужо нарабіла шуму. На падлеткаў у клятчастых штанах і байках з выявай павука палююць сілавікі ў Беларусі і Расеі.
Аснову прыхільнікаў руху складаюць падлеткі – аматары японскага анімэ. Рух названы ў гонар злачыннай арганізацыі «Геней Родан», альбо «Павукі», зь японскай анімэ Hunter x Hunter. Прыстаўку ПВК («Прыватная вайсковая кампанія») дадаюць далёка ня ўсе прыхільнікі «Родану».
Абавязковым атрыбутам роданаўцаў зьяўляюцца чорная валасы, байкі з выявай павука, а таксама клятчастыя нагавіцы. Іх галоўны пасыл — не перашкаджайце нам выглядаць так, як мы хочам.
Сваімі галоўнымі праціўнікамі роданаўцы называюць «офнікаў». Часьцей за ўсё пад «офнікамі» маюцца на ўвазе моцныя падлеткі, які наводзяць страх на сваім раёне, школе ці іншай тэрыторыі. Іх галоўныя аргумэнты — гэта ўжываньне фізычнай сілы. Яны шукаюць любой магчымасьці, каб пабіцца. Сярод «офнікаў» няма нейкай канкрэтнай палітычнай ідэалёгіі, часта сярод іх сустракацца футбольныя фанаты, але гэта не абсалютна тоесныя паняткі.
Прыхільнікі «Родана», як і прадстаўнікі іншых моладзевых субкультур, часьцей за ўсё зьбіраюцца на фудкортах вялікіх гандлёвых цэнтраў. Там адбываюцца канфлікты і сутычкі зь іншымі субкультурамі. Менавіта зьбірацца ў гандлёвых цэнтрах і арганізоўваць бойкі з «офнікамі» заклікалі «павучыныя» суполкі як у Беларусі, так і ў Расеі з Украінай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Паcьля сходу прыхільнікаў групы «Родан» у Гомлі завялі крымінальную справу