Як паведамляе «Наша ніва», у лісьце на імя кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі Ігара Сергеенкі Бондарава піша, што помнік «адным сваім выглядам прыносіць невыносныя пакуты вэтэранам ВАВ», «няславіць чыстае імя Беларускай праваслаўнай царквы».
Бондарава піша, што ў 2003 годзе мітрапаліт Філярэт дабраславіў адкрыцьцё помніка, але нібыта ня быў пастаўлены ў вядомасьць у падрабязнасьці біяграфіі паэткі. Аргумэнтам супраць помніка Бондарава называе той факт, што Генэральная пракуратура тройчы (апошні раз у 1999 годзе) адмаўляла ў рэабілітацыі Ларысы Геніюш.
Спадарыня Бондарава зьвярталася і да мітрапаліта Менскага і Заслаўскага Веньяміна, аднак ён пераслаў зварот на разгляд Горадзенскай эпархіі Беларускай праваслаўнай царквы.
- Летась у лістападзе Бондарава паведаміла, што дзякуючы супрацоўніцтву з уладамі з мэмарыяльнай зоны перад будынкам прыватнага музэю Анатоля Белага ў Старых Дарогах былі выдаленыя партрэты паэткі Натальлі Арсеньневай, Ларысы Геніюш, братоў Луцкевічаў, Кастуся Каліноўскага, дзеячоў БНР і БЦР.