На сайце Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі можна сачыць за чэргамі на мяжы ў рэжыме рэальнага часу. Інфармацыя абнаўляецца кожныя дзьве гадзіны.
Самая вялікая чарга 1 сакавіка была ў Берасьці на Варшаўскім мосьце: больш за 210 аўтамабіляў на выезд зь Беларусі ў Польшчу. На ўезд у Беларусь, мяркуючы па відэа, чарга таксама істотная.
На мяжы Беларусі зь Літвой у Беняконях і Прывалцы — больш за 30 аўтамабіляў на выезд. Але відэакамэры чамусьці «часова недаступныя». На ўезд у Беларусь зь Літвы ў Каменным Лагу камэры паказваюць даволі доўгую чаргу.
Пасажырскія аўтобусы зь Беларусі ў Польшчу прыходзяць зь вялікім спазьненьнем
На мяжы Беларусі з Польшчай застаўся адзін дзейны пасажырскі пераход, празь які можна праехаць на аўтамабілі, аўтобусе і маршрутцы: Берасьце — Тарэспаль.
З 10 лютага Польшча зачыніла памежны пераход Баброўнікі на мяжы зь Беларусьсю. Такім быў адказ на 8-гадовы прысуд журналісту Андрэю Пачобуту. Раней, увосень 2021 году, Польшча ў адказ на мігранцкі крызіс закрыла памежны пераход Брузгі — Кузьніца. Цяпер горадзенцы езьдзяць у Польшчу празь Літву.
А на адзіным пераходзе Берасьце — Тарэспаль вялікія чэргі. Тэлеграм-каналы і чаты кшталту «ГраницаBY», «Граница Польша» стракацяць паведамленьнямі пра іх:
«З аўтобусамі ў апошнія дні дурдом. Тыя, што выяжджалі ў 11.45 ад аўтавакзалу, а 20 гадзіне стаялі яшчэ на Варшаўскім мосьце. Забіта ўсё пад завязку. Узмоцнены надгляд з усімі рэчамі праз залю».
«Адпраўленьне зь Берасьця ў 20.50, праехалі польскую мяжу а 7 раніцы».
«Аўтобус адпраўленьнем зь Берасьця а 22 гадзіне прыйшоў у Варшаву а 13-й. 9 гадзін праходзілі межы. Пільны надгляд рэчаў, пытаньні, куды едзеце і зь якой мэтай».
«Аўтобус Менск — Уроцлаў. Прыехалі на мяжу а 4-й раніцы. Да першага шлягбаўма стаялі 5,5 гадзіны. Усяго на межах — 8,5 гадзіны. Пільны надгляд багажу. Раней такога не было».
«У аўторак бацькі выехалі зь Менску ў 9.40 раніцы, а ў Варшаве на вакзале былі а 5-й раніцы ў сераду. Больш за 18 гадзін дарогі».
«Я ехаў па працоўнай візе. Мяне запытваліся, куды я еду, чаму ў Польшчу, чым буду займацца. Сумку глядзелі крыху. Але ўвесь час чалавек у цывільным глядзеў у вочы, нібыта злавіць хацеў мяне на хлусьні. Вельмі непрыемнае ўражаньне».
«Прыйшло паведамленьне ад мэнэджара: выдаліць усю палітычную гісторыю, паведамленьні, аватаркі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што адбываецца на беларускіх межах. Мапа дзейных і закрытых пунктаў пропускуПадпісчыкі тэлеграм-канала «Беларусь за МКАДом» паведамляюць пра дзіўныя праверкі ў пункце пропуску «Беняконі» на беларуска-літоўскай мяжы.
«Людзі ў цывільным запрашаюць практычна ўсіх мужчын на „гутарку“, сутнасьць якой заключаецца ў праверцы мабільнага тэлефона», — піша беларус.
Іншы падпісчык дадае:
«Працую ў грузаперавозках, езьдзім праз пункт пропуску „Казловічы“. Прыйшло паведамленьне ад мэнэджара выдаліць усю палітычную гісторыю, паведамленьні, аватаркі з тэлефона. Пільна правяраюць мабільныя тэлефоны».
З 26 лютага беларускія перавозчыкі ня могуць трапіць у Беларусь з Польшчы празь Літву
Антон, які працуе дальнабойшчыкам на фуры, на ўмовах ананімнасьці падзяліўся сваёй думкай, чаму гэта адбываецца.
«Ехаў у Польшчу ў нядзелю 26 лютага ўвечары праз Казловічы. Акрамя памежнікаў, былі людзі ў цывільным, якія адразу папрасілі паказаць тэлефон. Задавалі дзіўныя пытаньні, што чытаю, чаму няма падпісак на тэлеграм-каналы. Праверылі пільна ўсе рэчы. Раней ніколі з такой праверкай не сутыкаўся», — кажа Антон.
Ён дадае, што грузаперавозчыкі заклапочаныя закрыцьцём пунктаў пропуску «Баброўнікі — Бераставіца», абмежаваньнем руху грузавікоў на адзіным дзейным пункце «Кукурыкі — Казловічы», немагчымасьцю вяртацца з Польшчы празь Літву.
«З 26 лютага беларускія перавозчыкі ня могуць праехаць у Беларусь з Польшчы празь Літву. У Кальварыі правяраюць дакумэнты, калі няма дазволу ехаць празь Літву, заварочваюць назад. Працаваць стала вельмі цяжка, перашкоды з усіх бакоў», — разважае беларускі дальнабойшчык.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Прывалка — 26 гадзін на мяжы». Даведаліся, што адбываецца на памежных пераходах