Бязьвізавы ўезд для грамадзян Польшчы будзе дазволены ва ўсіх пунктах пропуску на мяжы з Эўразьвязам, паведаміў 1 сакавіка Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі.
«Бязьвіз» будзе дзейнічаць з 00 гадзін 2 сакавіка да 31 сьнежня ўключна. Раней грамадзяне Польшчы маглі ўехаць у Беларусь бязь візы толькі на беларуска-польскім участку мяжы, але цяпер там дзейнічае толькі адзін пункт пропуску — у Берасьці.
Беларусь з 15 красавіка мінулага году ўвяла бязьвізавы рэжым для грамадзян Літвы, грамадзян і неграмадзян Латвіі, а з 1 ліпеня — для грамадзян Польшчы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля выраку Пачобуту Польшча вырашыла закрыць памежны пераход зь Беларусьсю ў БаброўнікахАбвастрэньне адносін паміж Польшчай і Беларусьсю
Пасьля абвяшчэньня 8 лютага прысуду актывісту польскай меншасьці журналісту Анджэю Пачобуту пачалося абвастрэньне адносінаў паміж краінамі. Польшча прыпыніла працу пункту пропуску «Баброўнікі» з 10 лютага. Апрача таго, Польшча з 21 лютага абмежавала рух беларускіх грузавых аўтамабіляў праз памежны пераход «Кукурыкі — Казловічы».
Менск у адказ выслаў зь Беларусі афіцэра сувязі польскай памежнай аховы і двух супрацоўнікаў польскага консульства ў Горадні. Польшча выслала беларускага аташэ па пытаньнях абароны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У МУС Польшчы заявілі, што не выключаюць поўнага спыненьня руху на мяжы зь Беларусьсю: «Хочам, каб Пачобут стаў вольным»Закрыцьцё пераходаў на мяжы Польшчы і Беларусі. Што варта ведаць
- У ліпені 2021 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што з прычыны санкцыяў Беларусь больш ня будзе стрымліваць нелегальную міграцыю ў краіны Эўразьвязу. Польшча стала адной з краін, куды кінуліся патокі мігрантаў. Рэагуючы на крызіс, Польшча, як і Літва, пачала будаваць сьцяну на мяжы зь Беларусьсю, а 9 лістапада 2021 году закрыла пераход Кузьніца Беластоцкая — Брузгі.
- У Варшаве абвінавацілі рэжым Лукашэнкі ў арганізацыі нелегальнай міграцыі ў краіны Эўразьвязу з тым, каб шантажаваць краіны ЭЗ і патрабаваць зьняцьця санкцый. Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі выказаў упэўненасьць, што сцэнар «гібрыднай агрэсіі» супраць Эўразьвязу быў распрацаваны Менскам не самастойна, а ў шчыльнай супрацы з Масквой.
- 9 лютага 2023 году міністар унутраных спраў Польшчы Марыюш Каміньскі заявіў аб рашэньні закрыць памежны пераход Баброўнікі — Бераставіца, пачынаючы з 10 лютага. Гэта стала адказам Польшчы на палітычны прысуд журналісту Анджэю Пачобуту, актывісту польскай нацыянальнай меншасьці ў Беларусі. Яму прысудзілі 8 гадоў калёніі.
- Усяго на беларуска-польскай мяжы 6 пунктаў пропуску. З 10 лютага 2023 году зь іх толькі адзін адкрыты для легкавікоў і адзін для грузавікоў, у Берасьці.
- Берасьце (Тэрэспаль з польскага боку) — дзейнічае толькі для легкавікоў;
- Казловічы (Кукурыкі) — праезд дазволены толькі грузавым аўтамабілям;
- Брузгі (Кузьніца Беластоцкая)— закрыты ў 2021 годзе;
- Бераставіца (Баброўнікі), — закрыты з 10 лютага 2023;
- Пясчатка (Полаўцы) — не функцыянуе зь ініцыятывы польскага боку;
- Дамачава (Славатычы) — не функцыянуе зь ініцыятывы польскага боку.
- Каля Горадні працягвае працу памежны пункт зь Літвой «Прывалка — Райгардас». Ён знаходзіцца блізка да мяжы з Польшчай.
- На прэс-канфэрэнцыі ў Брусэлі 10 лютага прэм’ер-міністар Польшчы адзначыў, што ў Варшаве разглядаюць варыянт закрыцьця астатніх двух пераходаў на мяжы зь Беларусьсю. Ён заявіў, што да Беларусі «інструмэнтальна ставяцца» расейцы і Крэмль, і гэта складае вялікую пагрозу Польшчы і Ўкраіне.
- Перад закрыцьцём памежнага пераходу ў Баброўніках там затрымалі сама меней 12 мытнікаў. Гаворка, магчыма, ідзе пра хабарніцтва. Пра гэта паведаміла Gazeta Wyborcza. Інфармацыю аб затрыманьні мытнікаў выданьне атрымала ў ноч на 11 лютага, ужо пасьля закрыцьця памежнага пераходу.
- 13 лютага Памежны камітэт Беларусі паведаміў, што колькасьць аўтамабіляў за першыя выходныя пасьля закрыцьця Баброўнікаў на іншых пераходах павялічылася на 16%.