У Дзярждуму Расеі ўнесьлі папраўкі да Крымінальнага кодэксу, якія ўводзяць пакараньне за «дыскрэдытацыю» ўдзельнікаў вайны ва Ўкраіне, у тым ліку прадстаўнікоў добраахвотніцкіх фармаваньняў і арганізацый, якія «садзейнічаюць» расейскай арміі. Пра гэта паведаміў сьпікер Дзярждумы Вячаслаў Валодзін.
«Любое публічнае распаўсюджваньне заведама лжывай інфармацыі, а таксама публічныя дзеяньні, накіраваныя на дыскрэдытацыю Ўзброеных сіл Расейскай Фэдэрацыі, добраахвотніцкіх фармаваньняў, арганізацый і асоб, якія садзейнічаюць у выкананьні ўскладзеных на ВС РФ задач, недапушчальныя», — напісаў Валодзін.
Пакараньне прадугледжвае штраф да 5 мільёнаў рублёў, папраўчыя або прымусовыя работы да 5 гадоў, а таксама пазбаўленьне волі на тэрмін да 15 гадоў.
Па словах Валодзіна, другое чытаньне законапраекту адбудзецца 2 сакавіка, выніковае — 14 сакавіка, калі прапанову ўхваляць дэпутаты.
Цяпер у Расеі дзейнічаюць артыкулы 280.3 КК і 20.3.3 КаАП, якія прадугледжваюць пакараньне за «дыскрэдытацыю выкарыстаньня Ўзброеных сіл» на вайне супраць Украіны, пра добраахвотніцкія фармаваньні ў законах нічога не гаворыцца. Максымальнае пакараньне паводле іх — 5 гадоў калёніі.
У студзені заснавальнік ПВК «Вагнэр» Яўгеній Прыгожын заявіў, што «ёсьць асобныя СМІ, блогеры і тэлеграм-каналы, якія займаюцца адкрытай дыскрэдытацыяй добраахвотнікаў», і заклікаў «жорстка спыніць» гэта.
Пазьней сьпікер Дзярждумы Вячаслаў Валодзін даручыў кіраўнікам камітэту абароны Андрэю Картапалаву і камітэту бясьпекі і супрацьдзеяньня карупцыі Васілію Піскарову «ў тэрміновым парадку» вывучыць пытаньне аб магчымасьці ўнясеньня ў Крымінальны кодэкс адказнасьці за «дыскрэдытацыю» ўдзельнікаў баявых дзеяньняў.
У лістападзе прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін падпісаў закон, які прыраўноўвае статус добраахвотнікаў да статусу вайскоўцаў па кантракце.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Расеі апублікавалі відэа яшчэ адной «кары» кувалдай. Пазьней заявілі, што гэта была пастаноўка ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прыгожын абвінаваціў Шайгу і Герасімава ў масавай гібелі байцоў «ПВК Вагнэра»