У МЗС Беларусі на трэці дзень абверглі інфармацыю аб падрыве расейскага самалёта ў Мачулішчах

Юры Амбразевіч

Намесьнік міністра замежных справаў Беларусі Юры Амбразевіч у камэнтары Reuters абвергнуў інфармацыю аб падрыве расейскага самалёта на аэрадроме ў Мачулішчах пад Менскам 26 лютага.

Паведамленьні аб дывэрсіі чыноўнік назваў «фэйкам». Словы чыноўніка прыводзіць BPN.

«Улічваючы адсутнасьць афіцыйнай рэакцыі, я глыбока перакананы, што гэта яшчэ адно фэйкавае сьцвярджэньне, накіраванае на тое, каб падкрэсьліць пэўныя правалы ў нашай палітыцы нацыянальнай бясьпекі», — сказаў Амбразевіч 28 лютага ў кулюарах Канфэрэнцыі ААН па раззбраеньні ў Жэнэве.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зьявіліся першыя здымкі расейскага А-50 у Мачулішчах пасьля меркаванага падрыву
  • ByPol паведаміў, што выбухі пашкодзілі пярэднюю і цэнтральную часткі самалёта. Адказнасьць за дывэрсію ў Мачулішчах узялі ўдзельнікі пляну «Перамога».
  • Рэжым Аляксандра Лукашэнкі пакуль ніяк не пракамэнтаваў здарэньне, хоць сам Лукашэнка склікаў не анансаваную раней нараду зь сілавікамі.
  • Прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітры Пяскоў заявіў, што афіцыйны Менск зьняпраўдзіў інцыдэнт, хоць гэтага не адбылося.
  • Пасьля меркаванага выбуху ў Мачулішчах памежнікі ўзмоцнена праглядаюць людзей на выезьдзе зь Беларусі.
  • Праваабаронцы паведамляюць пра затрыманьні людзей ў Мачулішчах і Фаніпалі пасьля меркаванага падрыву.
  • Рэдакцыя Свабоды пакуль ня можа спраўдзіць гэтую інфармацыю з дапамогай незалежных крыніц.

Радыё Свабода сочыць далей за разьвіцьцём сытуацыі на беларускіх вайсковых аб’ектах. Калі ў вас ёсьць інфармацыя, якой вы можаце з намі падзяліцца, прысылайце, калі ласка, у рэдакцыю.

Сувязь з рэдакцыяй у Telegram — @SvabodaBelarus

Даслаць навіну ў Signal можна па нумары +37068643669