Румынія назвала фэйкам паведамленьні аб канцэнтрацыі сваіх войскаў на мяжы з Малдовай

Міністэрства абароны Румыніі заявіла, што фота, апублікаваныя ў сацсетках, насамрэч зробленыя падчас вайсковага параду ў горадзе Альба Юлія ў 2002 годзе.

Нядаўна ў Расея заявілі, што Ўкраіна нібыта плянуе ўварвацца ў Прыднястроўе. Гэта зьняпраўдзілі ў Кіеве і Кішынёве.

Міністэрства абароны Румыніі заявіла, што дзясяткі паведамленьняў у сацыяльных сетках, у якіх сьцьвярджаецца, што Бухарэст нарошчвае войскі і вайсковую тэхніку на мяжы з Малдовай, былі часткаю «кампаніі фальшывых навін», распачатай Крамлём пасьля поўнамаштабнага ўварваньня ва Ўкраіну ў лютым летась.

«Нагадваем, што праўдзівасьць такой сэнсацыйнай і панічнай інфармацыі лепш за ўсё правяраць з дапамогай афіцыйных крыніц», — заявілі ў міністэрстве 28 лютага.

Малдова знаходзіцца паміж Румыніяй і Ўкраінай. Расея трымае больш за 1000 вайскоўцаў у сэпаратысцкім рэгіёне Малдовы Прыднястроўе.

Нядаўна Расея заявіла, што Ўкраіна нібыта плянуе ўварвацца ў Прыднястроўе, што выклікала падазрэньні, ці не шукае Масква нагоды для анэксіі сэпаратысцкага рэгіёну, як яна зрабіла з украінскім Крымам у 2014 годзе.

Прэзыдэнтка Малдовы Мая Санду і прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі папярэдзілі, што Масква плянуе дэстабілізацыйныя дзеяньні ўнутры Малдовы, каб апраўдаць расейскае ўварваньне ў Прыднястроўе, якое можа ператварыць Малдову ў пляцоўку для новых расейскіх нападаў на Ўкраіну.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея абвінаваціла Ўкраіну ў намеры захапіць Прыднястроўе. У Малдове зьняпраўдзілі

Уліковы запіс у Twitter пад назвай Geoinsider зь сіняй пазнакай «праверана» 26 лютага апублікаваў фатаздымак, на якім румынскія войскі нібыта рухаюцца да малдоўскай мяжы.

Подпіс да фота: «Румынія разгарнула супрацьпаветраныя комплексы на мяжы з Малдовай. Да мяжы таксама перакінутыя румынскія танкі і бронетэхніка».

Допіс пазьней быў выдалены. Тым не менш яго некалькі соцень разоў распаўсюдзілі дзясяткі акаўнтаў у Twitter, а некаторыя нават сьцьвярджалі, што румынскія войскі ўжо перасеклі мяжу Малдовы.

Прэс-сакратар Міністэрства абароны Румыніі Канстантын Спыну ў камэнтары Радыё Свабода адхіліў усе заявы, падкрэсьліўшы, што «ніякіх зьменаў у дысьлякацыі сілаў і супрацьпаветраных сыстэмаў Румыніі не адбылося».

Большая частка Малдовы была часткай Румыніі да Другой сусветнай вайны, перш чым яна была акупаваная Савецкім Саюзам і пераўтвораная ў савецкую рэспубліку. Румынія і Малдова маюць агульную гісторыю, культуру і мову.

Спыну сказаў Радыё Свабода, што румынскія вайскоўцы сутыкнуліся з хваляй фальшывых навінаў з пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі ва Ўкраіне 24 лютага 2022 году, і некаторыя паведамленьні сталі віруснымі. Паводле яго, Міністэрства абароны Румыніі стварыла ўласную плятформу для барацьбы з фэйкавымі навінамі пад назвай Inforadar.

27 лютага міністэрства асобна заявіла, што фатаграфіі, апублікаваныя ў сацыяльных сетках, насамрэч былі зробленыя падчас вайсковага параду ў горадзе Альба Юлія 1 сьнежня 2002 году.

Раней у гэтым месяцы прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн сустрэўся з Санду ў Польшчы і «пацьвердзіў рашучую падтрымку ЗША сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласьці Малдовы».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады Малдовы патрабуюць ад Расеі вывесьці свае войскі з Прыднястроўя