Улады Малдовы закрылі цэнтар Кішынёва, дзе плянавалася прарасейская акцыя

Цэнтар Кішынёва, архіўнае ілюстрацыйнае фота

Паліцыя Малдовы 28 лютага аб’явіла аб закрыцьці цэнтру Кішынёва для руху транспарту і забарону правядзеньня масавых акцый да вечара 2 сакавіка.

Праход і праезд у цэнтар Кішынёва і на прылеглыя вуліцы быў абмежаваны а 8-й раніцы 28 лютага і будзе адноўлены 2 сакавіка пасьля 18 гадзін паводле мясцовага часу. Афіцыйная прычына забароны — захады бясьпекі ў сувязі зь візытам афіцыйнай дэлегацыі.

28 лютага ў малдоўскай сталіцы быў заплянаваны масавы мітынг апазыцыі, арганізаваны прарасейскай партыяй «Шор», якая апошнім часам вядзе інтэнсіўную пратэставую дзейнасьць супраць арыентаванага на збліжэньне з Захадам ураду Малдовы, піша ВВС.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады Малдовы патрабуюць ад Расеі вывесьці свае войскі з Прыднястроўя
  • Пратэсты, арганізаваныя партыяй «Шор», праходзяць у Кішынёве па нядзелях зь сярэдзіны верасьня.
  • 13 лютага прэзыдэнтка Малдовы Мая Санду заявіла, што Расея плянуе пры дапамозе іншаземных грамадзян з вайсковай падрыхтоўкай ажыцьцявіць у Малдове дзяржаўны пераварот, каб цалкам падпарадкаваць краіну Расеі.
  • Незадоўга да гэтага прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што Кіеў перахапіў пляны расейскіх спэцслужбаў па дэстабілізацыі Малдовы. Выведка Малдовы пацьвердзіла заявы Зяленскага.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі заявіў, што ўкраінская выведка атрымала доказы намераў Расеі дэстабілізаваць сытуацыю ў Малдове
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выведка Малдовы пацьвердзіла заявы Зяленскага аб тым, што Расея плянуе дэстабілізацыю краіны