Мікалай Клімовіч — інвалід 2-й групы, перанёс апэрацыю на сэрцы і інсульт.
У судзе Пінскага раёну і гораду Пінску 28 лютага абвясьцілі прысуд у крымінальнай справе ў дачыненьні да мясцовага блогера Мікалая Клімовіча: адзін год калёніі. Як піша «Вясна», яго абвінавацілі ў абразе Аляксандра Лукашэнкі паводле арт. 368 Крымінальнага кодэксу сатырычным малюнкам, які ён разьмясьціў у сацыяльнай сетцы.
Такі вырак вынес судзьдзя Андрэй Бачыла па прапанове пракурора Ільлі Гузарэвіча, нягледзячы на тое, што Мікалай Клімовіч мае інваліднасьць II групы ў сувязі з хваробай сэрца. Мужчыну арыштавалі ў залі суду, бо да прысуду ён быў на волі.
Нядаўна яго ўжо судзілі за падобныя дзеяньні, але ў адміністрацыйнай справе паводле арт. 19.10 КаАП. Падставай стала тое, што ў сацсетцы «Одноклассники» Клімовіч дазволіў сабе пасьмяяцца з карыкатуры на Ўладзіміра Пуціна, намаляванага ў нацысцкай форме — пад карыкатурай паставіў смайлік «сьмешна». Судзьдзя Андрэй Бачыла прызнаў блогера вінаватым у распаўсюдзе нацысцкай сымболікі і прызначыў яму штраф памерам у 111 беларускіх рублёў.
Увагу сілавікоў сацсеткі Мікалая Клімовіча прыцягнулі ў сьнежні 2022 году. Тады яго затрымалі і зьмясьцілі ў ізалятар часовага ўтрыманьня. За кратамі ён адседзеў трое сутак, пасьля яму стала дрэнна з сэрцам, тады міліцыянты перадалі яго лекарам і вызвалілі да суду.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 27 лютага: затрыманьні ў Дзяржынску; лекара асудзілі на 6 гадоў калёніі за камэнтары на YouTube