Былы пазаштатны дарадца Офіса прэзыдэнта Ўкраіны Аляксей Арастовіч у эфіры «Фейгін Live» выказаўся пра выбухі на аэрадроме ў Мачулішчах, што пад Менскам, падчас якіх, па словах BYPOL, атрымаў пашкоджаньні расейскі вайсковы самалёт А-50.
Аляксей Арастовіч пагадзіўся з вэрсіяй аб тым, што да выбухаў у Мачулішчах датычныя беларускія партызаны:
«Яны ўзялі адказнасьць на сябе; трэба думаць, што гэта яны».
Палітык заявіў, што «Беларусь ня зводзіцца да Лукашэнкі», нягледзячы на тое, што апошні дазваляе расейскаму войску наносіць удары па тэрыторыі Украіны:
«Ёсьць беларусы, якія дапамагаюць „ваярам сьвятла“ змагацца супраць цемры, пашкоджваючы вельмі дарагія, вельмі ключавыя і вельмі сыстэмаўтваральныя элемэнты вялікіх выведвальна-ўдарных комплексаў, накіраваных супраць Украіны. Гэта вельмі сурʼёзная перамога, нездарма яе ўсе так адзначылі. Дзякуй беларускім партызанам», — сказаў Арастовіч.
Арастовіч падкрэсьліў, што Ўкраіна «прынцыпова» не атакуе Беларусь, каб не псаваць зь ёй адносін, а таксама таму, што Беларусь мае вялікае значэньне для ўкраінскай бясьпекі. Ён нагадаў, што з тэрыторыі Беларусі ўжо некалькі месяцаў не наносілася ўдараў па Ўкраіне:
«Шмат рыторыкі, шмат візытаў у Маскву, шмат страшных заяў, але ўдараў з тэрыторыі Беларусі няма. Гэта найважнейшы фактар».
Менавіта таму Ўкраіна ня бʼе па беларускай тэрыторыі, патлумачыў ён. Таксама, паводле яго, Кіеў не зьвязаны з партызанамі ўнутры нашай краіны:
«Дзеяньнямі беларускіх партызанаў мы не кіруем. Аднак дзеяньні партызанаў не накіраваныя супраць Беларусі — яны ўдарылі па акупацыйных расейскіх войсках. Гэта зусім іншая гісторыя. Беларусь акупаваная расейцамі, гэта адназначна», — сказаў Арастовіч.
З пачатку расейскага ўварваньня ва Ўкраіну кіраўніцтва Беларусі падтрымала агрэсію Расеі супраць Украіны і дазволіла скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч цывільных украінцаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выведка Вялікай Брытаніі: Страта самалёта ў Мачулішчах яшчэ больш абмяжуе паветраныя апэрацыі Расеі ва Ўкраіне- ByPol паведаміў, што выбухі пашкодзілі пярэднюю і цэнтральную часткі самалёта. Адказнасьць за дывэрсію ў Мачулішчах узялі ўдзельнікі пляну «Перамога».
- Рэжым Аляксандра Лукашэнкі пакуль ніяк не пракамэнтаваў здарэньня, хоць сам Лукашэнка склікаў не анансаваную раней нараду зь сілавікамі.
- Прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітрый Пяскоў заявіў, што афіцыйны Менск зьняпраўдзіў інцыдэнт, хоць гэтага не адбылося.
- Пасьля меркаванага выбуху ў Мачулішчах памежнікі ўзмоцнена надглядаюць людзей на выезьдзе зь Беларусі.
- Праваабаронцы паведамляюць пра затрыманьні людзей у Мачулішчах і Фаніпалі пасьля меркаванага падрыву.
- Рэдакцыя Свабоды пакуль ня можа спраўдзіць гэтую інфармацыю з дапамогай незалежных крыніц.