Выведка Вялікай Брытаніі: Страта самалёта ў Мачулішчах яшчэ больш абмяжуе паветраныя апэрацыі Расеі ва Ўкраіне

Расейскі самалёт А-50. Архіўнае фота

Страта расейскага самалёта А-50 у выніку імавернай атакі на беларускі аэрадром у Мачулішчах пад Менскам яшчэ больш абмяжуе паветраныя апэрацыі Расейскай Фэдэрацыі, паведамляе дэпартамэнт выведкі Мінабароны Вялікай Брытаніі ў сваёй зводцы.

26 лютага 2023 года ByPol і лідэры апазыцыі ў выгнаньні паведамілі, што расейскі самалёт далёкага радыёлякацыйнага выяўленьня і кіраваньня А-50 быў пашкоджаны ў выніку атакі бесьпілётнікаў на авіябазу ў Мачулішчах.

Група ByPol паведаміла аб двух выбухах і пашкоджаньні пярэдняй і сярэдняй частак А-50, а таксама антэны радара.

Роля самалёта А-50 — стварэньне пазнавальнай карціны паветранай абстаноўкі і забесьпячэньне каардынацыі дзеяньняў зьнішчальнікаў.

Нягледзячы на тое, што пашкоджаньні афіцыйна не пацьверджаныя, брытанская выведка адзначае, што страта А-50 будзе значнай для РФ, бо самалёт мае вырашальнае значэньне для расейскіх паветраных апэрацый у забесьпячэньні карціны паветранай прасторы.

«У выніку шэсьць спраўных А-50, верагодна, застануцца ў страі, што яшчэ больш абмяжуе расейскую авіяцыю», — гаворыцца ў аглядзе.
У студзені брытанская выведка адзначыла, што ў той час, як Расея ўтрымлівае значную колькасьць войскаў у Беларусі, яны наўрад ці будуць складаць рэальную наступальную сілу.

З пачатку расейскага ўварваньня ва Ўкраіну кіраўніцтва Беларусі падтрымала агрэсію Расеі супраць Украіны і дазволіла скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч цывільных украінцаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што вядома пра імаверны падрыў расейскага самалёта. ВІДЭА
  • ByPol паведаміў, што выбухі пашкодзілі пярэднюю і цэнтральную часткі самалёта. Адказнасьць за дывэрсію ў Мачулішчах узялі ўдзельнікі пляну «Перамога».
  • Рэжым Аляксандра Лукашэнкі пакуль ніяк не пракамэнтаваў здарэньня, хоць сам Лукашэнка правёў не анансаваную раней нараду зь сілавікамі.
  • Прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітрый Пяскоў заявіў, што афіцыйны Менск зьняпраўдзіў інцыдэнт, хоць гэтага не было.
  • Пасьля меркаванага выбуху ў Мачулішчах памежнікі ўзмоцнена надглядаюць людзей на выезьдзе зь Беларусі.
  • Праваабаронцы паведамляюць пра затрыманьні людзей у Мачулішчах і Фаніпалі пасьля меркаванага падрыву.
  • Рэдакцыя Свабоды пакуль ня можа спраўдзіць гэтую інфармацыю з дапамогай незалежных крыніц.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму ўлады замоўчваюць інцыдэнт у Мачулішчах