Праваабаронцам «Вясны» стала вядома, што ў СІЗА-1 на Валадарскага знаходзіцца 32-гадовы Максім Сташулёнак.
Паводле інфармацыі «Вясны», яго затрымалі ў пачатку лютага, пасьля вяртаньня ў Беларусь з-за мяжы.
Яму інкрымінуюць «народны» арт. 342 Крымінальнага кодэксу (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).
У 2020 годзе Максім працаваў пажарным у Менску і папярэджваў жыхароў, калі МНС ехала здымаць сьцягі. Пасьля таго, як ён папярэдзіў жыхароў кварталу «Каскад», што МНС плянуе зьняць вывешаны паміж дамамі вялікі бел-чырвона-белы сьцяг, яго звольнілі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Звольнілі менскага пажарнага, які папярэдзіў жыхароў, што іх сьцяг едуць здымацьЖыхара Сьветлагорску затрымалі, калі ён прыехаў з Расеі ў Беларусь мяняць пашпарт
Сёлета мужчына, які з 2019 году жыў у суседняй краіне, згубіў у Расеі пашпарт і вярнуўся на радзіму для афармленьня новага. Практычна адразу ж ён яго затрымалі, паведамляе «Вясна».
Як паведамляе МУС Беларусі, у 2021 годзе ён «у групавым чаце пакінуў абразьлівы допіс пад фатаздымкам міліцыянта са Сьветлагорскага РАУС». Яму інкрымінуюць «абразу службовай асобы пры выкананьні ёй службовых паўнамоцтваў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 27 лютага: затрыманьні ў Дзяржынску; лекара асудзілі на 6 гадоў калёніі за камэнтары на YouTube- Паводле дадзеных Дзяржаўнага памежнага камітэту, пры ўезьдзе ў Беларусь летась затрымалі 52 чалавекі за «экстрэмізм». Паводле інфармацыі праваабаронцаў «Вясны», агулам за 2022 год і пачатак 2023 года затрымалі сама меней 58 беларусаў. Зь іх мінімум 10 чалавек ужо асудзілі на пазбаўленьне волі, 4 чалавекі — на «хатнюю хімію», а супраць яшчэ 7 завялі крымінальныя справы. Некаторых з затрыманых судзілі ў адміністрацыйных справах і зьмяшчалі ў ізалятар на «суткі».
- Таксама праваабаронцам вядомыя выпадкі, калі сілавікі пасьля затрыманьня зьнішчалі дакумэнты беларусаў для выезду за мяжу і нават пашпарт.
- Апошнім часам улады ўсё часьцей заклікаюць тых беларусаў, якія выехалі, вяртацца дадому, маўляў, пасьля афіцыйнага звароту і раскаяньня ім ня будзе пагражаць пазбаўленьне або абмежаваньне волі. Але, напрыклад, цяпер гамяльчанцы Тацяны Курылінай, адміністратарцы чатаў «97%», якая паверыла абяцаньням сілавікоў і вырашыла скарыстацца праўладнай праграмай «Дорога домой», пагражае да 15 гадоў зьняволеньня.
3 гады турмы жыхару Гомля
Гомельскі абласны суд 27 лютага асудзіў да трох гадоў калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму мясцовага жыхара Канстанціна Лапіцкага, піша «Гомельская Вясна». Меркавана, яго асудзілі за камэнтары ў інтэрнэце. Прысуд вынес судзьдзя Мікалай Доля.
Канстанціна абвінавацілі паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 130 (распальваньне іншай сацыяльнай варожасьці), ч. 2 арт. 367 (паклёп на Лукашэнку), ч. 1 арт. 368 (абраза Лукашэнкі). Акалічнасьці справы невядомыя, бо суд з 10 лютага праходзіў у закрытым рэжыме. Вядома, што Канстанцін быў затрыманы напачатку лістапада і зьмешчаны пад варту.