З пачатку поўнамаштабнай расейскай ваеннай агрэсіі ва Ўкраіне колькасьць пацьверджаных выпадкаў гібелі мірных жыхароў краіны ўжо склала 8101 чалавек, сказана ў лютаўскім дакладзе Офісу Вярхоўнага камісара ў правах чалавека ААН.
Яшчэ сама меней 13 479 мірных жыхароў атрымалі раненьні, гаворыцца ў дакладзе.
Сярод загінулых — 3584 мужчыны, 2127 жанчын, 256 хлопчыкаў і 201 дзяўчынка, а таксама 31 дзіця і 1902 дарослыя, чый пол вызначыць не ўдалося.
«Большасьць зарэгістраваных ахвяраў сярод цывільнага насельніцтва было выклікана авіяўдарамі, прымяненьнем выбуховых рэчываў з шырокай зонай паражэньня, уключаючы абстрэлы зь цяжкай артылерыі, рэактыўных сыстэм залпавага агню і ракет», — гаворыцца ў справаздачы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сотні тысяч загінулых цывільных і вайскоўцаў, зьнішчаныя школы і тэатры. Лічбы году расейскай вайны ва Ўкраіне- Даклады Офісу Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека аб становішчы мірных жыхароў ва Ўкраіне публікуюцца раз на месяц. У кожным зь іх падкрэсьліваецца, што колькасьць загінулых — гэта толькі задакумэнтаваныя і пацьверджаныя выпадкі. Насамрэч сьмерцяў сярод мірнага насельніцтва можа быць у разы больш — за кошт населеных пунктаў, дзе ішлі самыя інтэнсіўныя баі (у прыватнасьці, Марыюпаль, Севераданецк, Лісічанск, Салядар і Бахмут), і адкуль да гэтага часу вельмі складана атрымаць поўную інфармацыю.
- За час вайны ва Ўкраіне зафіксаваныя дзясяткі выпадкаў масавай гібелі мірных жыхароў. Так, у сакавіку мінулага года пасьля вызваленьня ўкраінскім войскам населеных пунктаў Буча і Ірпень былі знойдзеныя целы звыш 700 загінулых мірных жыхароў. У тым жа месяцы ў выніку бамбаваньня расейскай авіяцыяй Марыюпальскага драматычнага тэатра загінулі, паводле зьвестак украінскіх уладаў, каля 300 чалавек. 50 мірных жыхароў пазбавіліся жыцьця ў выніку ракетнага ўдару па вакзале ў Краматорску, 48 — пасьля абстрэлу жылога шматпавярховага дома ў горадзе Часаў Яр, яшчэ больш за 40 чалавек загінулі пры падзеньні ракеты ў жылы дом у Дняпры.