Літва ўвяла праверку грузавікоў, не зарэгістраваных у Шэнгенскай зоне, на польска-літоўскай мяжы.
У ноч на нядзелю 26 лютага на літоўска-польскай мяжы, на месцы былога памежнага пункту Кальварыя, пачалі правяраць дазволы на паездкі ў кіроўцаў грузавікоў, якія не зарэгістраваныя ў Шэнгене, паведамляе Літоўскае ўпраўленьне бясьпекі на транспарце.
Кантроль вядуць супрацоўнікі адміністрацыі бясьпекі транспарту, дарожная паліцыя, памежнікі і мытня Літвы.
«Правяраюць наяўнасьць у кіроўцаў машын, зарэгістраваных у трэціх краінах, дазволу на праезд празь Літву. Пры адсутнасьці неабходных дакумэнтаў яны ісьці праз Літву ня змогуць», — паведаміла ўпраўленьне бясьпекі на транспарце Літвы.
Як доўга будзе дзейнічаць праверка, залежыць ад разьвіцьця сытуацыі, адзначаюць у Літве.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польшча абмяжоўвае рух грузавікоў на апошнім дзейным пункце пропуску зь Беларусьсю- 9 лютага Польшча закрыла памежны пераход у Баброўніках (Бераставіца зь беларускага боку), фактычна рэагуючы на прысуд Анджэю Пачобуту.
- У адказ Беларусь абмежавала ўезд польскіх грузавікоў: цяпер грузавыя аўтамабілі і цягачы, зарэгістраваныя ў Польшчы, змогуць уяжджаць на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь і пакідаць яе выключна на беларуска-польскім участку мяжы.
- 21 лютага Польшча абмежавала рух беларускіх грузавікоў на апошнім дзейным пункце пропуску «Кукурыкі — Казловічы». Рашэньне распаўсюджваецца і на краіны, якія не ўваходзяць у Эўразьвяз і Эўрапейскую асацыяцыю свабоднага гандлю (ЕАСГ).
- У МУС Польшчы заявілі, што не выключаюць поўнага спыненьня руху на мяжы зь Беларусьсю.
- Беларускія перавозчыкі па-ранейшаму могуць заяжджаць у Беларусь празь Літву і Латвію.
Закрыцьцё пераходаў на мяжы Польшчы і Беларусі. Што варта ведаць
- У ліпені 2021 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што з прычыны санкцыяў Беларусь больш ня будзе стрымліваць нелегальную міграцыю ў краіны Эўразьвязу. Польшча стала адной з краін, куды кінуліся патокі мігрантаў. Рэагуючы на крызіс, Польшча, як і Літва, пачала будаваць сьцяну на мяжы зь Беларусьсю, а 9 лістапада 2021 году закрыла пераход Кузьніца Беластоцкая — Брузгі.
- У Варшаве абвінавацілі рэжым Лукашэнкі ў арганізацыі нелегальнай міграцыі ў краіны Эўразьвязу з тым, каб шантажаваць краіны ЭЗ і патрабаваць зьняцьця санкцый. Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі выказаў упэўненасьць, што сцэнар «гібрыднай агрэсіі» супраць Эўразьвязу быў распрацаваны Менскам не самастойна, а ў шчыльнай супрацы з Масквой.
- 9 лютага 2023 году міністар унутраных спраў Польшчы Марыюш Каміньскі заявіў аб рашэньні закрыць памежны пераход Баброўнікі — Бераставіца, пачынаючы з 10 лютага. Гэта стала адказам Польшчы на палітычны прысуд журналісту Анджэю Пачобуту, актывісту польскай нацыянальнай меншасьці ў Беларусі. Яму прысудзілі 8 гадоў калёніі.
- Усяго на беларуска-польскай мяжы 6 пунктаў пропуску. З 10 лютага 2023 году зь іх толькі адзін адкрыты для легкавікоў і адзін для грузавікоў, у Берасьці.
- Берасьце (Тэрэспаль з польскага боку) — дзейнічае толькі для легкавікоў;
- Казловічы (Кукурыкі) — праезд дазволены толькі грузавым аўтамабілям;
- Брузгі (Кузьніца Беластоцкая)— закрыты ў 2021 годзе;
- Бераставіца (Баброўнікі), — закрыты з 10 лютага 2023;
- Пясчатка (Полаўцы) — не функцыянуе зь ініцыятывы польскага боку;
- Дамачава (Славатычы) — не функцыянуе зь ініцыятывы польскага боку.
- Каля Горадні працягвае працу памежны пункт зь Літвой «Прывалка — Райгардас». Ён знаходзіцца блізка да мяжы з Польшчай.
- На прэс-канфэрэнцыі ў Брусэлі 10 лютага прэм’ер-міністар Польшчы адзначыў, што ў Варшаве разглядаюць варыянт закрыцьця астатніх двух пераходаў на мяжы зь Беларусьсю. Ён заявіў, што да Беларусі «інструмэнтальна ставяцца» расейцы і Крэмль, і гэта складае вялікую пагрозу Польшчы і Ўкраіне.
- Перад закрыцьцём памежнага пераходу ў Баброўніках там затрымалі сама меней 12 мытнікаў. Гаворка, магчыма, ідзе пра хабарніцтва. Пра гэта паведаміла Gazeta Wyborcza. Інфармацыю аб затрыманьні мытнікаў выданьне атрымала ў ноч на 11 лютага, ужо пасьля закрыцьця памежнага пераходу.
- 13 лютага Памежны камітэт Беларусі паведаміў, што колькасьць аўтамабіляў за першыя выходныя пасьля закрыцьця Баброўнікаў на іншых пераходах павялічылася на 16%.