Польшча чакае пэўных сыгналаў ад Беларусі пасьля закрыцьця большасьці памежных пераходаў. Такім сыгналам магло б стаць вызваленьне Анджэя Пачобута, пра гэта ў эфіры польскага радыё Trójkа 27 лютага заявіў намесьнік міністра ўнутраных спраў і адміністрацыі Мацей Вонсік:
«Ня ведаю, ці магчымае закрыцьцё ўсіх памежных пераходаў зь Беларусьсю. Я ведаю адно: мы ня можам глядзець, нічога ня робячы, на тое, што робіць Лукашэнка з польскай меншасьцю, таму што тое, што зроблена са спадаром Пачобутам, проста немагчыма ўявіць. Не дазволім, каб бяскарна, без рэакцыі польскай дзяржавы Лукашэнка зьнішчаў могілкі жаўнераў Арміі Краёвай», — сказаў ён.
Намесьнік міністра падкрэсьліў, што польскі бок гатовы да любога развіцьця падзей:
«Польшча гатовая да розных сытуацый, і я б не выключаў сытуацыі, што ў нас ня будзе руху празь мяжу зь Беларусьсю. Мы гатовыя і нацэленыя на далейшыя дзеяньні, у той жа час паглядзім, як будзе паводзіць сябе беларускі бок. Мы чакаем пэўных сыгналаў, і перш за ўсё хочам, каб вольны стаў Пачобут, гэта відавочна», — дадаў намесьнік міністра.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля выраку Пачобуту Польшча вырашыла закрыць памежны пераход зь Беларусьсю ў БаброўнікахМацей Вонсік растлумачыў, што таксама размова ідзе аб кіраўніцы Саюзу палякаў Анжаліцы Борыс, якая знаходзіцца пад хатнім арыштам, і ў цэлым павазе правоў польскай меншасьці ў Беларусі, аб спыненьні зьнішчэньня пахаваньняў Арміі Краёвай. Намесьнік міністра таксама паведаміў, што завяршаецца стварэньне электроннага бар’ера на мяжы зь Беларусьсю, засталося падключыць апошні ўчастак агароджы.
8 лютага МЗС Польшчы выклікаў паверанага ў справах Беларусі пасьля таго, як журналіста польскага паходжаньня Анджэя Пачобута ў Беларусі пакаралі на 8 гадоў пазбаўленьня волі ў справе, якая, як падкрэсьлівае Варшава, зьяўляецца палітычна матываванай. Пра гэта паведаміў прадстаўнік замежнапалітычнага ведамства Польшчы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Марыў стаць адвакатам, іграў панк-рок. Сем фактаў пра Анджэя Пачобута, якога асудзілі на 8 гадоўВонсік таксама пракамэнтаваў дадатковае ўмацаваньне мяжы зь Беларусьсю, якое пачалося днямі. Паводле яго, польскі бок рыхтуецца да любога сцэнару, зьвязанага з вайной ва Ўкраіне, аднак ён падкрэсьліў, што ў Варшаве ня лічаць рэальным уступленьне Беларусі ў баявыя дзеяньні:
«Ня бачым тут такой сытуацыі, каб Беларусь хацела ўступіць у гэтую вайну, хіба што Пуцін проста ўвойдзе і ліквідуе рэшткі беларускай аўтаноміі; ня можам гаварыць пра незалежнасьць, можам гаварыць пра нейкую аўтаномію, якую Лукашэнка мае перад Пуціным», — сказаў ён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Dziennik Wschodni: Беларусы «штурмуюць» польскія крамы, бо баяцца закрыцьця мяжыЗакрыцьцё пераходаў на мяжы Польшчы і Беларусі. Што варта ведаць
- У ліпені 2021 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што з прычыны санкцыяў Беларусь больш ня будзе стрымліваць нелегальную міграцыю ў краіны Эўразьвязу. Польшча стала адной з краін, куды кінуліся патокі мігрантаў. Рэагуючы на крызіс, Польшча, як і Літва, пачала будаваць сьцяну на мяжы зь Беларусьсю, а 9 лістапада 2021 году закрыла пераход Кузьніца Беластоцкая — Брузгі.
- У Варшаве абвінавацілі рэжым Лукашэнкі ў арганізацыі нелегальнай міграцыі ў краіны Эўразьвязу з тым, каб шантажаваць краіны ЭЗ і патрабаваць зьняцьця санкцый. Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі выказаў упэўненасьць, што сцэнар «гібрыднай агрэсіі» супраць Эўразьвязу быў распрацаваны Менскам не самастойна, а ў шчыльнай супрацы з Масквой.
- 9 лютага 2023 году міністар унутраных спраў Польшчы Марыюш Каміньскі заявіў аб рашэньні закрыць памежны пераход Баброўнікі — Бераставіца, пачынаючы з 10 лютага. Гэта стала адказам Польшчы на палітычны прысуд журналісту Анджэю Пачобуту, актывісту польскай нацыянальнай меншасьці ў Беларусі. Яму прысудзілі 8 гадоў калёніі.
- Усяго на беларуска-польскай мяжы 6 пунктаў пропуску. З 10 лютага 2023 году зь іх толькі адзін адкрыты для легкавікоў і адзін для грузавікоў, у Берасьці.
- Берасьце (Тэрэспаль з польскага боку) — дзейнічае толькі для легкавікоў;
- Казловічы (Кукурыкі) — праезд дазволены толькі грузавым аўтамабілям;
- Брузгі (Кузьніца Беластоцкая)— закрыты ў 2021 годзе;
- Бераставіца (Баброўнікі), — закрыты з 10 лютага 2023;
- Пясчатка (Полаўцы) — не функцыянуе зь ініцыятывы польскага боку;
- Дамачава (Славатычы) — не функцыянуе зь ініцыятывы польскага боку.
- Каля Горадні працягвае працу памежны пункт зь Літвой «Прывалка — Райгардас». Ён знаходзіцца блізка да мяжы з Польшчай.
- На прэс-канфэрэнцыі ў Брусэлі 10 лютага прэм’ер-міністар Польшчы адзначыў, што ў Варшаве разглядаюць варыянт закрыцьця астатніх двух пераходаў на мяжы зь Беларусьсю. Ён заявіў, што да Беларусі «інструмэнтальна ставяцца» расейцы і Крэмль, і гэта складае вялікую пагрозу Польшчы і Ўкраіне.
- Перад закрыцьцём памежнага пераходу ў Баброўніках там затрымалі сама меней 12 мытнікаў. Гаворка, магчыма, ідзе пра хабарніцтва. Пра гэта паведаміла Gazeta Wyborcza. Інфармацыю аб затрыманьні мытнікаў выданьне атрымала ў ноч на 11 лютага, ужо пасьля закрыцьця памежнага пераходу.
- 13 лютага Памежны камітэт Беларусі паведаміў, што колькасьць аўтамабіляў за першыя выходныя пасьля закрыцьця Баброўнікаў на іншых пераходах павялічылася на 16%.