Эўразьвяз працягнуў санкцыі ў дачыненьні да Беларусі. Цяпер яны будуць дзейнічаць да 28 лютага 2024 году, адпаведнае рашэньне Эўрарады 27 лютага апублікавалі ў Афіцыйным часопісе Эўразьвязу:
«Улічваючы цяжкую сытуацыю ў Беларусі, якая захоўваецца, і дачыненьне Беларусі да незаконнай агрэсіі Расейскай Федэрацыі супраць Украіны, мэтазгодна захаваць у сіле ўсе меры, прынятыя Зьвязам», — гаворыцца ў рашэньні.
Рашэньнем таксама ўдакладнены дадзеныя некаторых фігурантаў сьпісу, у прыватнасьці гендырэктара «Беларуськалію» Івана Галаватага, «Беларускай калійнай кампаніі», «Сінэзісу».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Галоўны заступнік беларускага калію — Партугалія». Рэдактар Свабоды Юзьвяк пра інсайды з Эўразьвязу і абыход санкцыйУ санкцыйны сьпіс унесеныя некаторыя ўдакладненыя зьвесткі фізычных і юрыдычных асоб. На мінулым тыдні эўрапейскі рэдактар Радыё Свабода Рыкард Юзьвяк паведаміў, што сталыя прадстаўнікі краін ЭЗ узгаднілі працяг санкцый супраць Беларусі:
«Амбасадары ЭЗ дамовіліся аб падаўжэньні на адзін год забароны на выдачу віз і замарожваньня актываў у дачыненьні да 195 чалавек і 34 арганізацый з Беларусі, уключаючы Лукашэнку і яго найбліжэйшае атачэньне», — зазначыў ён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Няхай чакаюць працягу». Аляксандар Азараў пра падрабязнасьці імавернага падрыву расейскага самалёта ў МачулішчахПачынаючы з кастрычніка 2020 года, Эўразьвяз прыняў шэсьць санкцыйных пакетаў супраць уладаў Беларусі. Санкцыі ўводзіліся за фальсыфікацыю прэзыдэнцкіх выбараў у 2020 годзе і жорсткае падаўленьне распачатых пасьля іх пратэстаў, прымусовую пасадку самалёта Ryanair і арышт апазыцыянэраў, штучна створаны міграцыйны крызіс на мяжы з краінамі ЭЗ, а таксама за дапамогу Расеі ў ваеннай агрэсіі супраць Украіны.
24 лютага Эўразьвяз зацьвердзіў 10-ы пакет санкцый супраць Расеі. Новы пакет закране фізычных і юрыдычных асобаў, адказных за незаконную дэпартацыю ўкраінскіх дзяцей у Расею, а таксама шэраг іншых момантаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўразьвяз прыняў дзясяты пакет санкцый у дачыненьні да Расеі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пад санкцыі ЗША трапіў ураджэнец Беларусі і прыватная вайсковая кампанія, у якой ваявалі беларусы