Пад санкцыі ЗША трапіў ураджэнец Беларусі і прыватная вайсковая кампанія, у якой ваявалі беларусы

Міністар РФ па разьвіцьці Далёкага Ўсходу і Арктыкі Аляксей Чакункоў

24 лютага, у гадавіну пачатку вайны Расеі супраць Украіны, ЗША пашырылі санкцыі супраць Расеі і трэціх краін, якія падтрымліваюць ваенныя дзеяньні РФ. Агулам пад санкцыі ЗША трапілі 200 фізычных і юрыдычных асобаў.

Выданьне «Зеркало» заўважыла ў санкцыйным сьпісе ўраджэнца Беларусі, а таксама прыватную вайсковую кампанію і гандляра зброяй, якія маюць сувязі зь Беларусьсю.

У сьпісе расейскіх чыноўнікаў, якія трапілі пад санкцыі ЗША — міністар РФ па разьвіцьці Далёкага Ўсходу і Арктыкі Аляксей Чакункоў, ураджэнец Беларусі. Ён нарадзіўся ў Менску, ягоны бацька Алег Чакункоў быў беларускім дыпляматам, у 1998–2001 гадах займаў пасаду надзвычайнага і паўнамоцнага пасла Беларусі ў Віетнаме.

Таксама ў сьпісе апынулася прыватная вайсковая кампанія «Рэдут». Нягледзячы на тое, што яна зарэгістраваная ў Маскве, у Мінфіне ЗША лічаць, што яна мае сувязі зь Беларусьсю (побач з назвай кампаніі ў санкцыйным сьпісе ўказаная ў тым ліку Беларусь). Вядома, што ва Ўкраіне затрымалі ўжо двох беларусаў, якія ваявалі ў ПВК «Рэдут». Аднаго зь іх — Максіма Зязюльчыка — у Службе бясьпекі Ўкраіны лічаць агентам КДБ Беларусі, яго асудзілі ва Ўкраіне да 10 гадоў калёніі. Яшчэ адзін беларус, які таксама ваяваў у «Рэдуце», цяпер чакае суда.

Пад санкцыі ЗША таксама патрапіў расейска-туркмэнскі гандляр зброяй Нурмурад Курбанаў, які прадстаўляў расейскія і беларускія абаронныя кампаніі за мяжой, у тым ліку падсанкцыйнае беларускае навукова-вытворчае таварыства з абмежаванай адказнасьцю «ОКБ ТСП».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША і саюзьнікі ўводзяць новыя санкцыі супраць Расеі за яе вайну ва Ўкраіне 
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўразьвяз зацьвердзіў 10 пакет санкцый супраць Расеі. Санкцыі супраць уладаў Беларусі разгледзяць 27 лютага