Ціханоўская дамовілася аб супрацоўніцтве з украінскай дэлегацыяй у Вене

У рамках візыту ў Вену на зімовую сэсію Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ Сьвятлана Ціханоўская сустрэлася з украінскай дэлегацыяй на чале са старшынём камітэту ў пытаньнях гуманітарнай і інфармацыйнай палітыкі Вярхоўнай Рады Мікітам Патураевым.

Пра гэта паведаміў BPN галоўны дарадца беларускай дэмакратычнай лідаркі Франак Вячорка.

«Ціханоўская расказала, як беларусы, у тым ліку добраахвотнікі на фронце, дапамагаюць украінцам; выказала падтрымку і салідарнасьць. Бакі абмеркавалі варыянты сумесных дзеяньняў на міжнароднай арэне, каб спыніць агрэсію Пуціна і Лукашэнкі, закранулі праблему антыўкраінскай прапаганды. Дамовіліся пра далейшае супрацоўніцтва», — сказаў Вячорка.

Паводле яго, сустрэча адбылася ва ўкраінскім пастаянным прадстаўніцтве пры АБСЭ.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што сказала Ціханоўская падчас выступу ў Вене, які не захацелі слухаць прадстаўнікі Лукашэнкі

Мікіта Патураеў быў паліттэхнолягам будучага прэзыдэнта Ўладзіміра Зяленскага. Уваходзіць у фракцыю кіроўнай партыі «Слуга народа».

У Ціханоўскай і Зяленскага была толькі адна кароткая сустрэча — у кулюарах Канфэрэнцыі па пытаньнях рэформаў ва Ўкраіне ў ліпені 2021 году ў Вільні, дзе працуе яе офіс. Украінскія і беларускія аналітыкі неаднаразова выказвалі меркаваньне, што афіцыйная сустрэча бакоў да гэтага часу не адбылася, бо Кіеў імкнецца не правакаваць Аляксандра Лукашэнку на яшчэ большае ўцягненьне ў вайну, якую пачала Расея супраць Украіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Савіных спрабаваў сарваць выступ Ціханоўскай перад ПА АБСЭ, яго падтрымала толькі Расея
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская ў АБСЭ: «Лукашэнка павінен паўстаць перад трыбуналам»