Чаму абаронцы Замчышча ўцякалі зь Беларусі

Радыё Свабода пачало ў новым YouTube-канале «Гісторыя на Свабодзе» публікацыю цыклю ілюстраваных відэагутарак пра Стары Менск.

У пятай частцы цыклю аўтар кнігі «Невядомы Менск. Гісторыя зьнікненьня» Сяргей Абламейка расказвае, як Інстытут Беларускай Культуры ў сярэдзіне 1920-х гадоў заняўся вывучэньнем Менскага Замчышча і што з гэтага атрымалася.

  • 2:14 — як і калі ў БССР заняліся аховай помнікаў
  • 3:21 — ключавая роля Ўсевалада Ігнатоўскага і зацікаўленьні помнікамі
  • 4:38 — Янка Купала і Язэп Драздовіч дзейнічаюць у часопісе «Вольны Сьцяг»
  • 8:36 — ці падпальвалі палякі Стары горад у часе акупацыі 1919 — 1920 гадоў
  • 12:02 — як выглядаў і чым жыў Стары горад у 20-я гады
  • 15:06 — грандыёзная паводка 1930-га году ў Менску і яе наступствы
  • 16:32 — Інбелкульт і Стары горад у Менску
  • 18:42 — высылкі эсэраў і арышты ў Менску ў 1921 — 1922 годзе
  • 19:54 — чым зьбіралася заняцца Камісія аховы помнікаў Інбелкульту
  • 20:38 — стварэньне «Камісіі для абгляду Замкавай гары»
  • 23:35 — канфлікт Камісіі аховы помнікаў з уладамі БССР з прычыны разбурэньня храмаў ХІІ стагодзьдзя ў Бельчыцах

Фрагмэнт размовы вядучага Сяргея Шупы зь Сяргеем Абламейкам:

— Як разгортвалася сытуацыя вакол Старога гораду ў БССР? Як і калі Інбелкульт заняўся помнікам старога Менску?

— Як толькі ад пачатку 1925 году Ўсевалад Ігнатоўскі ўзначаліў Інбелкульт, туды адразу з Наркамасьветы, дзе Ігнатоўскі кіраваў раней, перайшла і справа аховы помнікаў.

7 лютага 1925 году ў будынку на вуліцы Рэвалюцыйнай у Менску адбыўся ўстаноўчы сход камісіі Аховы помнікаў Інбелкульту. Старшынём стаў даўні супрацоўнік Ігнатоўскага прафэсар Салямон Кацэнбоген, намесьнікам старшыні пісьменьнік Міхайла Грамыка, а навуковым сакратаром дацэнт Ісак Сербаў. Членамі Камісіі аховы помнікаў, якія бралі актыўны ўдзел у яе працы, былі Мікола Азбукін, Мітрафан Доўнар-Запольскі, Васіль Дружчыц, Язэп Дыла, Міхал Мялешка, Аляксандар Палеес, Аляксандар Паноў, Аркадзь Смоліч, Алесь Сьцепуржынскі, Павел Харламповіч, Мікола Шчакаціхін і іншыя.

Камісія прыняла Статут, які аказаўся вельмі сур’ёзным дакумэнтам. Зьмест гэтага дакумэнту сьведчыць, што Камісія зьбіралася стаць дырэктыўным і адміністрацыйна-распарадчым органам у справе аховы помнікаў. Яна зьбіралася складаць пляны аднаўленьня помнікаў, фінансаваць гэтыя працы і караць вінаватых у разбурэньні або пашкоджаньні помнікаў.

З 2 сакавіка 1925 году пачынаюцца рэгулярныя паседжаньні Камісіі. У сакавіку іх адбылося шэсьць. І тут мы адразу бачым наўпроставую пераемнасьць з БНР, бо першае, чым пачынае займацца Камісія, гэта помнікі Менску. Яны адразу вырашаюць скласьці поўны сьпіс помнікаў гораду, сфатаграфаваць іх і стварыць грамадзкую камісію «для абгляду Замкавай гары».

12 красавіка тая камісія выйшла на «абгляд» Замчышча і правяла там цэлы дзень.

— Шкада, што тады не было Фэйсбуку, каб паглядзець, што ды як яны там рабілі. Ці захаваліся нейкія здымкі з таго дня?

— Мне, на жаль, ня трапіліся. Хоць трэба прызнаць, што я не татальна ўвесь тагачасны друк прагледзеў. Напрыклад, не ўсе нумары газэты «Рабочы» і ня ўсю тагачасную расейскамоўную «Звезду».

Сярод членаў грамадзкай камісіі былі Друшчыц, Палеес, Паноў, Сербаў, Сьцепуржынкі, Хрламповіч. І, што цікава, былі там і прадстаўнікі «Маладняка» — Уладзімер Дубоўка і Анатоль Вольны.

Пасьля «абгляду» Замчышча камісія склала пратакол. Вось зь яго цытата:

«Камісія — у складзе т. Сербава ад Камісіі па ахове помнікаў, т. Дружчыц ад Гістарычна-археалягічнай сэкцыі, т. Палееса ад Гэбрэйскага аддзелу, т. т. Ажгірэя і Дубоўкі ад групы „Маладняк“, т. т. Харламповіча і Вяржбіцкага ад Дзяржаўнага Музэю, т. т. Сьцепуржынскага і Панова — абгледзела плошчу, якую займаюць Стары Менск і яго Замчышча, на правым беразе ракі Сьвіслачы пры зьліяньні яе зь Нямігай. Ад старога менскага замку засталася толькі насыпная гара, вельмі зруйнаваная і заваленая розным мусарам. На самай гарэ стаяць каменныя і драўляныя руіны будынкаў... Уся мясцовасьць Замчышча знаходзіцца ў самым антысанітарным становішчы. Ад старых замкавых будынкаў захаваўся толькі Дом гродзкага суда, ніз каменны, а верх драўляны, вельмі цікавай архітэктуры. На другім паверсе жывуць кватаранты, а ў ніжнім зьмяшчаецца кузьня. Будынку пагражае з аднаго боку руйнаваньне, а з другога — пажар ад кузьні. Камісія прызнала, што трэба абавязкова:

1) Прывесьці Замкавую гару ў належны від, абчысьціць яе ад мусару... закрапіць апоўзьні насыпаў...

2) Узяць Дом гродзкага суда на ўчот па ахове помнікаў і прымусіць гаспадара гэтага будынку зрабіць належны рамонт, а таксама выселіць адтуль кузьню.

3) Камісіі па ахове помнікаў злажыць пляны і каштарысы на прывядзеньне менскага Замчышча ў належны від і прадставіць усе матар’ялы па гэтых пытаньнях у Прэзыдыюм ІБК».

Гэтыя пляны пачалі выконвацца, але неўзабаве здарылася нечаканая рэч. Камісія вельмі хутка ўвайшла ў канфлікт з камуністычнымі ўладамі БССР.

— Якраз пра гэта я хацеў спытацца. Напэўна ж улады былі ня дурні, бачылі, куды хінецца справа. Так?

— Так, вядома. Вось выступае ў 1925 годзе ў газэце «Савецкая Беларусь» Уладзімер Дубоўка і піша, маўляў, мы павінны адрэстаўраваць Замчышча, у двары Гродзкага суду трэба паставіць помнік Каліноўскаму, бо менавіта ў тым будынку, была друкарня, дзе друкавалася «Мужыцкая праўда». Зразумела, што савецкім уладам гэта было ня вельмі прыемна.

І яшчэ адна падзея, якая спрычынілася да ахалоджваньня ўладаў адносна Камісіі аховы помнікаў, была ня менскаю. Калі я пра гэта думаю, то сэрца крывёю абліваецца. Калі паглядзім сёньня вакол, то суседзі Беларусі маюць храмы ХІІ стагодзьдзя — Наўгародзкія, Пскоўскія, Уладзіміра-Суздальскія, Чарнігаўскія. А ў Полацку ў нас засталася толькі адна Спаса-Эўфрасіньеўская царква.

Справа ў тым, што ў траўні 1925 году ў Полацку, у Бельчыцах былі разбураныя Барысаглебскі і Пятніцкі храмы ХІІ стагодзьдзя, якія стаялі да таго зусім цэлыя.

Камісія камандзіравала туды Міколу Шчакаціхіна. Ён прыехаў, з жахам убачыў кучы друзу і абрынутыя скляпеньні з росьпісамі ХІІ стагодзьдзя пасярод рэшткаў сьцен. Аказалася, што мясцовы Камгас прыняў рашэньне разабраць храмы на будаўнічы матэрыял — чыноўнікі спадзяваліся, што ім у ХХ стагодзьдзі падыдзе цэгла-пальчатка ХІІ стагодзьдзя.

Шчакаціхін склаў пратакол і адпаведныя акты. І паралельна з клопатам пра рэстаўрацыю Менскага Замчыша Камісія пачала дамагацца суду над вінаватымі ў разбурэньні Бельчыцкіх храмаў паводле крымінальнага заканадаўства.

Вось тут і адбылося сутыкненьне Камісіі з уладамі, бо Аддзелы камунальнай гаспадаркі былі структурнымі падразьдзяленьнямі... НКУС. Судзіць сваіх людзей Камісіі дазволіць улады не маглі. І з таго часу пачынаецца блякаваньне яе высілкаў.

Слухаць гутаркі пра гісторыю вы таксама можаце і на ўсіх папулярных падкаст-плятформах.

Бясплатна спампуйце і чытайце кнігі «Бібліятэкі Свабоды»:

  • Сяргей Абламейка. Невядомы Менск. Гісторыя зьнікненьня. Кніга першая. 2021 (PDF) (EPUB)
  • Сяргей Абламейка. Невядомы Менск. Гісторыя зьнікненьня. Кніга другая. 2021 (PDF) (EPUB)
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як БНР у 1919–1920 гадах ператварыла Менск у сталіцу. ВІДЭА
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Розныя твары старога Менску і яго атмасфэра. ВІДЭА

«Гісторыя на Свабодзе». Дзе глядзець і слухаць

Вакол Беларусі ідзе вайна гісторыяў. Апанэнты страляюць ня толькі ракетамі і снарадамі, але і гістарычнымі аргумэнтамі. Мінулае Беларусі, Эўропы і сьвету вачыма беларусаў — у праекце «Гісторыя на Свабодзе».

Новыя выпускі выходзяць раз на тыдзень, па серадах.

Як глядзець на YouTube

Падпішыцеся на наш адмысловы YouTube-канал «Гісторыя на Свабодзе», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.

Як слухаць падкаст

Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.

Чароўная спасылка – клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.