Стывэн Пайфэр, былы амбасадар ЗША ва Ўкраіне, а цяпер дасьледчык у Стэнфардзкім унівэрсытэце, адказаў на пытаньні выданьня Stanford News пра хаду вайны і яе магчымыя далейшыя сцэнары. Прапануем вашай увазе некаторыя ягоныя думкі.
Пашырэньне NATO — толькі нагода для Расеі
- Некаторыя людзі ў Амэрыцы і Эўропе не разумеюць карані гэтага канфлікту і купіліся на крамлёўскую гісторыю, што вайну выклікала пашырэньне NATO. Гэтая гісторыя не вытрымлівае сур’ёзнай праверкі.
- Украінскае кіраўніцтва спрабуе атрымаць сяброўства ў NATO, і гэта зразумела, улічваючы расейскую агрэсію апошніх 9 гадоў. Але ў альянсе няма для гэтага шырокай падтрымкі, а для далучэньня Ўкраіны патрэбны кансэнсус усіх дзяржаваў NATO.
- Шмат хто з чальцоў NATO цяпер не гатовы абавязацца ваяваць з Расеяй на баку Ўкраіны. Гэта добра разумелі ў Маскве. Заявы спадара Пуціна для прэсы летась у чэрвені, што няма пра што хвалявацца наконт далучэньня да NATO Швэцыі і Фінляндыі, паказваюць, што пашырэньне альянсу ня выклікала такой ужо вялікай заклапочанасьці Крамля.
Правал расейскіх плянаў
- Год таму вельмі няшмат хто з аналітыкаў на Захадзе і, выглядае, ніхто ў Крамлі не прадказваў, што ў лютым 2023 году ўкраінскія ўзброеныя сілы будуць па-ранейшаму трымаць свае пазыцыі.
- Выглядае відавочным, што Расея ня здолее перамагчы ў гэтай вайне ў тым сэнсе, каб дасягнуць сваіх першапачатковых мэтаў. Калі меркаваць па ўварваньні з розных кірункаў год таму, Крэмль спрабаваў хутка захапіць Кіеў і ўзяць пад кантроль ад паловы да дзьвюх трацінаў тэрыторыі Ўкраіны. Вельмі мала сур’ёзных вайсковых аналітыкаў вераць, што расейскія войскі цяпер на гэта здольныя.
- Як бы ні працягвалася вайна, незалежная і сувэрэнная Ўкраіна застанецца на мапе Эўропы, і яна будзе нашмат большая, чым тая абкарнаная дзяржава, на якую, выглядае, Масква разьлічвала год таму.
- Украінскія войскі атрымалі значныя посьпехі ў апошнія чатыры месяцы 2022 году, выбіўшы расейскія сілы з Харкаўскай вобласьці і адсунуўшы іх за раку Дняпро ў Херсонскай вобласьці. Выглядае, што яны здольныя вызваліць дадатковую тэрыторыю — магчыма, увесну. Але цалкам выбіць расейцаў з Украіны выглядае складанай задачай, асабліва калі ўлічыць, што расейскія войскі падрыхтавалі абарончыя пазыцыі.
Вайна на зьнясіленьне
Амэрыканская выведная супольнасьць прагназуе, што найбольш імаверны сцэнар — гэта вайна на зьнясіленьне, калі ніводзін з бакоў ня здольны правесьці вырашальную апэрацыю, якая б завяршыла вайну. Гэта можа працягвацца месяцамі ці нават гадамі.
Потым можа паўстаць пытаньне: калі ж абодва бакі настолькі зьнясіляцца, што гэта адкрые шлях да перамоваў? Пакуль што, аднак, Масква не паказвае гатоўнасьці ўсурʼёз весьці перамовы. Расейскае кіраўніцтва павялічвала свае патрабаваньні да Кіева, у той час як расейскія войскі гублялі пазыцыі на полі бою.
Каб вайна скончылася, трэба альбо каб адзін з бакоў здабыў вырашальную перамогу, альбо каб была нейкая згода на перамовах. Масква выступае з патрабаваньнямі, пра якія мусіць ведаць, што яны непрымальныя. Украінцы ў сакавіку 2022 году імкнуліся да перамоваў, каб скончыць вайну і, сярод іншых рэчаў, прапаноўвалі нэўтралітэт. Аднак пазьней у сакавіку пазыцыя ўкраінскага ўраду стала больш жорсткай, бо пасьля вызваленьня такіх гарадоў, як Буча ці Ірпень, стаў відавочным маштаб расейскіх зьверстваў.
Больш жорсткай стала ня толькі пазыцыя ўраду; апытаньні паказваюць, што пераважная большасьць украінцаў падтрымлівае змаганьне да перамогі і выступае супраць перамоваў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Страты Расеі за год вайны ва Ўкраіне перавысілі страты СССР у Афганістане за 9 гадоўДапамагчы цяпер, каб пазьбегнуць доўгай вайны
- Доўгая вайна нявыгадная Ўкраіне, і будзе цяжка захаваць грамадзкую падтрымку на Захадзе для той дапамогі, якая спатрэбіцца Ўкраіне ў доўгатэрміновай пэрспэктыве. Таму я лічу, што Захад павінен даць Украіне значную ваенную дапамогу цяпер, каб украінскія войскі маглі альбо выцесьніць расейцаў, альбо прынамсі дасягнуць такіх посьпехаў на полі бою, што крамлёўскія разьлікі памяняюцца і Масква пойдзе на пагадненьне, якое будзе прымальным для ўкраінцаў.
- Нават калі будзе такое пагадненьне, Украіна па-ранейшаму будзе мець варожага суседа. Захаду трэба будзе працаваць з Кіевам, каб той мог падтрымліваць моцныя сучасныя ўзброеныя сілы, здольныя стрымаць магчымы будучы расейскі напад
Стывэн Пайфэр займаецца дасьледаваньнямі ў такіх сфэрах, як кантроль за ядзернымі ўзбраеньнямі, Украіна, Расея і эўрапейская бясьпека. Больш за 25 гадоў ён працаваў дыпляматам. Быў намесьнікам памочніка дзяржсакратара ЗША (2001–2004), амбасадарам ва Ўкраіне (1998–2000), спэцыяльным памочнікам прэзыдэнта і старшым дырэктарам, адказным за Расею, Украіну і Эўразію, у Радзе нацыянальнай бясьпекі ЗША (1996–1997).