Эўразьвяз зацьвердзіў 10 пакет санкцый супраць Расеі. Санкцыі супраць уладаў Беларусі разгледзяць 27 лютага

Эўрапейская камісія (ілюстратыўнае фота)

Новы пакет закране фізычных і юрыдычных асобаў, адказных за незаконную дэпартацыю ўкраінскіх дзяцей у Расею.

Эўразьвяз узгадніў асноўны зьмест дзясятага пакета санкцый супраць Расеі за яе агрэсію супраць Украіны. Пра гэта на брыфінгу 24 лютага заявіў сталы прадстаўнік Польшчы пры ЭЗ Анджэй Садась, піша DW.

Паводле намесьніка амбасадара Польшчы ў ЭЗ, дасягнутая дамоўленасьць адносна фізычных і юрыдычных асобаў, адказных за незаконную дэпартацыю ўкраінскіх дзяцей, а таксама па шэрагу іншых момантаў.

Дасягнутыя таксама палітычныя дамоўленасьці ў пытаньні імпарту алмазаў з Расейскай Фэдэрацыі — рашэньне прымалася ўзгоднена з партнэрамі па G7. Краіны таксама вызначыліся наконт «далейшых крокаў у дачыненьні да ядзернага сэктара» Расеі.

Інтэнсіўная праца па санкцыях у дачыненьні да Беларусі пачнецца 27 лютага


Швэдзкі бок запэўніў, што інтэнсіўная праца па санкцыях у дачыненьні да Беларусі пачнецца 27 лютага, піша DW.

Як сказала кіраўніца Эўракамісіі Уршуля фон дэр Ляен на сумеснай прэс-канфэрэнцыі з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім 9 лютага, пад новыя абмежавальныя меры павінны былі трапіць расейскія палітыкі, вайскоўцы і прапагандысты. Акрамя таго, чакалася ўвядзеньне новых эмбарга, у выніку якіх Расея недалічыцца яшчэ 10 млрд эўра ў бюджэце, абяцала фон дэр Ляен.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Галоўны заступнік беларускага калію — Партугалія». Рэдактар Свабоды Юзьвяк пра інсайды з Эўразьвязу і абыход санкцый
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША і саюзьнікі ўводзяць новыя санкцыі супраць Расеі за яе вайну ва Ўкраіне