Сьвятлана Ціханоўская бярэ ўдзел у сэсіі Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ, якая праходзіць 23–24 лютага ў Вене. Вынікам яе перамоваў з дэпутатамі парлямэнту Аўстрыі стала стварэньне там парлямэнцкай групы «За незалежную дэмакратычную Беларусь».
У парлямэнце Аўстрыі кіраўнікі асноўных аўстрыйскіх партый 24 лютага далі сумесную зь Ціханоўскай прэсавую канфэрэнцыю, на якой выказалі падтрымку беларускага народу ў барацьбе за дэмакратыю і незалежнасьць, паведаміла прэсавая служба Ціханоўскай.
Падчас сустрэчы з дэпутатамі аўстрыйскага парлямэнту 24 лютага Ціханоўская выступіла з нагоды ўварваньня Расеі ва Ўкраіну:
«Беларусь разам з Украінай. Нягледзячы на рэпрэсіі, сотні тысяч беларусаў выйшлі на вуліцы. Нашы партызаны правялі больш за 80 дывэрсій на чыгунцы. Сотні беларусаў пайшлі добраахвотнікамі ва ўкраінскую армію. Больш за 200 тысяч беларусаў сталі ўдзельнікамі падпольнага супраціву. Таму мы настойваем на поўным вывадзе расейскіх войскаў ня толькі з Украіны, але і зь Беларусі. Без свабоднай Беларусі пастаянная пагроза Ўкраіне і Эўропе застанецца».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У гадавіну нападу Расеі на Ўкраіну праваабаронцы падлічылі, колькі беларусаў пацярпелі за антываенную пазыцыюВынікам сустрэч у Вене, як паведамляе прэсавая служба Ціханоўскай, стала стварэньне парлямэнцкай групы «За незалежную дэмакратычную Беларусь» у аўстрыйскім парлямэнце:
«Для забесьпячэньня міру і стабільнасьці Беларусь павінна выйсьці з Саюзнай дзяржавы з Расеяй. Гэта пагражае нашай незалежнасьці і сувэрэнітэту. Мая прапанова аўстрыйскім парлямэнтарыям аб’яднацца за незалежную Беларусь была пачутая. Стварэньне парлямэнцкай групы „За свабодную Беларусь“ будзе першым крокам нашага супрацоўніцтва», — адзначыла Ціханоўская.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская да гадавіны вайны: «Ганаруся казаць: мы беларусы. Асабліва пасьля гэтага году». ВІДЭАСьвятлану Ціханоўскую запрасілі на сэсію Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ, якая праходзіць 23–24 лютага ў Вене. Запрашэньне падпісала прэзыдэнтка ПА АБСЭ Маргарэта Сэдэрфэльт. Ціханоўская сустрэлася са сьпікерам аўстрыйскага парлямэнту Вольфгангам Собаткам, міністрам юстыцыі доктарам Альмай Задзіч, мэрам Вены Міхаэлем Людвігам.
Сьвятлана Ціханоўская таксама выступіла на арганізаваным Швэцыяй круглым стале «Сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі — барацьба за дэмакратыю». Ціханоўская расказала пра сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі, пра рэпрэсіі і зьнішчэньне арганізацый грамадзянскай супольнасьці, згадала палітвязьняў Алеся Бяляцкага, Дар’ю Лосік, Анджэя Пачобута, Аляксандру Касько, Віктара Макаранку. Як паведаміла прэсавая служба Ціханоўскай, яна расказала, сярод іншага, і пра катаваньні ў беларускіх турмах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская ў АБСЭ: «Лукашэнка павінен паўстаць перад трыбуналам»Візыт афіцыйнай дэлегацыі ў Вену
Беларускім дэпутатам Нацыянальнага сходу таксама далі візы для ўдзелу ў паседжаньні ПА АБСЭ ў Вене, якое праходзіць 23–24 лютага. Ад афіцыйнага Менску выступаў дэпутат Андрэй Савіных.
Кіраўніцтва Беларусі падтрымала агрэсію Расеі супраць Украіны і дазволіла скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч цывільных украінцаў.
Апрача беларускіх дэпутатаў, у сэсіі ПА АБСЭ ўдзельнічаюць 18 расейскіх дэпутатаў. Літва адмовіліся ад удзелу ў зімовай сэсіі. Паводле папярэдніх зьвестак, Польшча — таксама. Дэлегацыя Вярхоўнай Рады Ўкраіны заявіла, што ня будзе ўдзельнічаць у сэсіі, але адправіцца ў Вену для перамоваў з партнэрамі, паведамілі ўкраінскія СМІ.
МЗС Аўстрыі растлумачыў, што па міжнародным праве краіна абавязаная выдаваць візы ўдзельнікам мерапрыемстваў АБСЭ. Яны будуць дзейнічаць толькі ў Аўстрыі і толькі на час сэсіі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Падчас выступу Савіных у АБСЭ расейцы абражалі ўкраінскі сьцяг. ВІДЭА ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Вільні пачаў працаваць спэцпасланьнік Эстоніі па сувязях з дэмакратычнай Беларусьсю