Што здарылася з Алегам Осіпавым ва Ўкраіне
Да 2020 году Алег Осіпаў жыў у Менску. За пратэсты «атрымаў» некалькі крымінальных спраў. У канцы 2020 году пераехаў ва Ўкраіну. Падаўся там на дадатковую абарону як палітычны ўцякач. Працэс наданьня такога статусу цягнецца амаль два гады. Але ні адмоўнага, ні станоўчага рашэньня беларус так і не атрымаў.
Пасьля пачатку поўнамаштабнай вайны ён заставаўся ў Харкаве. Быў валянтэрам у дабрачынным фондзе. Алег кажа, што стаміўся за месяцы вайны, ня меўшы ніякай легалізацыі. Таму вырашыў паехаць у Польшчу. На мяжы яго не выпусьцілі ўкраінскія памежнікі, бо беларус ня меў пашпарта, толькі пасьведчаньне асобы (дакумэнт, які далі замест пашпарта ў міграцыйнай службе. — РС).
Осіпаў мусіў вярнуцца ў Харкаў, дзе атрымаў афіцыйную паперу, што ў яго няма ўвогуле пашпарта. Дакумэнт знаходзіўся ў будынку СБУ ў Харкаве, туды трапіла расейская ракета і зьнішчыла яго.
«Зь мяне яшчэ як зь беларуса максымальна пазьдзекаваліся», — сказаў у камэнтары Свабодзе ў кастрычніку Алег.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Памежнікі зь мяне максымальна пазьдзекаваліся». Беларуса ня выпусьцілі з Украіны, бо ягоны пашпарт зьнішчыла ракета«Мяне футболілі з інстанцыі ў інстанцыю, у выніку застаўся ні з чым»
«У выніку я „завіс“ у Львове. Жыў у беларусаў, спрабаваў вырашаць свае пытаньні рознымі шляхамі. Патрэбен быў дакумэнт, які дазволіць перайсьці мяжу. Пісаў у СБУ, яны накіроўвалі да памежнікаў. Памежнікі адпраўлялі ў міграцыйную службу. Тая — у СБУ. Кола замкнулася», — расказвае пра свае праблемы Осіпаў.
Праз розныя сувязі і дапамогу беларусаў і ўкраінскіх праваабаронцаў Алег дабраўся аж да кіраўніцтва ўкраінскага Памежнага камітэту.
«Там сказалі, што могуць мяне выпусьціць, калі будзе прашэньне за мяне ад Офісу Вярхоўнага камісара ў справах уцекачоў ААН. Але мае розныя аддзяленьні. Я „замацаваны“ за харкаўскім. З львоўскага аддзяленьня адказу я не атрымаў, з кіеўскага атрымаў такі, што яны ня могуць вырашаць пытаньні па-за межамі сваёй вобласьці», — патлумачыў беларус.
У сьнежні 2022 ён мусіў вярнуцца ў Харкаў, каб вырашаць пытаньні з дакумэнтамі. Бо і даведка, якая замяняла пасьведчаньне асобы, дзейнічала да 23 сьнежня. Працягнуць яе можна было толькі ў Харкаве.
«Ад іх словаў у мяне мозг разьбіўся на тысячу аскепкаў!»
Осіпаў вярнуўся ў Харкаў, пайшоў у міграцыйную службу. Перад спробай выезду ў Польшчу ён ужо быў у міграцыйнай службе ў Харкаве, прынёс туды заяву на адмову ад працэдуры афармленьня ўцякацтва.
«Мне сказалі тады, што „мы вашай заявы не прымаем, бо пашпарта няма, вярнуць вам на рукі няма чаго“. Ну і ўсё. Цяпер жа мне заявілі, што мая справа закрытая, бо яны, аказваецца, прынялі маю заяву! Мне пра гэта ніхто і ніякім чынам не паведаміў. Я быў упэўнены, што тую заяву яны проста выкінулі. Я быў у шоку. Мой мозг разьбіўся на тысячу аскепкаў, я спрабаваў яго сабраць», — кажа беларус.
Осіпаў дадае, што тую заяву пісаў толькі для таго, каб атрымаць на рукі пашпарт для выезду за мяжу.
«Я міграцыйнай службе сказаў: „Ды вы што, падманулі мяне тады? Вы ж сказалі, што не прымаеце заявы“. Яны нічога ня сталі слухаць. Як мне, нелегалу, жыць у краіне падчас вайны? Што мне рабіць, калі мяне спыняць ці вайскоўцы, ці паліцыя? У мяне адно жаданьне — быць легальным чалавекам падчас вайны», — зазначыў Алег.
Ён напісаў новую заяву на тое, каб яму далі статус уцекача. З Кіева, з галоўнага офісу міграцыйнай службы, Алег атрымаў адказ, што яны «не знайшлі прычын мне адмовіць» у прыёме папер на дадатковую абарону. З харкаўскай міграцыйнай службы атрымаў адказ, што «мы заяву ня прымем».
«Яны спаслаліся, што „тут вайна і таму як яны могуць мне даць абарону“. Маўляў, зьвяртайцеся ў іншую краіну па абарону. Але як я магу выехаць у іншую краіну?» — зьдзіўляецца Алег.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусы дапамаглі ўкраінскаму мабільнаму шпіталю і Кіеўскаму мэтро вырабіць модульныя ложкі на час бамбаваньняў. ФОТА«Цяпер чакаюцца масавыя абстрэлы, хоць бы жывым застацца»
Цяпер Алег з дапамогай адваката ад Офісу Вярхоўнага камісара ў справах уцекачоў ААН спрабуе абскардзіць рашэньне міграцыйнай службы ў судзе. Пакуль жа ён, як і раней, працуе валянтэрам. На гэты раз у дзіцячым госьпісе. Апроч гэтага, валянтэрыць як адміністратар дабрачыннага фонду: шукае донараў, піша лісты ў розныя арганізацыі, каардынуе працу.
«23-24 лютага Харкаў, як і многія гарады Ўкраіны, чакае масавых абстрэлаў з боку Расеі. Я назапасіў вады, харчоў, прадумаў шлях у бамбасховішча. Тут бы гэтымі днямі жывым застацца. Але мяне ня зломіш пасьля ўсяго таго, што я ўжо перажыў. Харкаў — жалезабэтон. Ну і я таксама», — дадаў Алег.
Свабода зьвярнулася з запытам аб сытуацыі Алега Осіпава ў Галоўнае ўпраўленьне Дзяржаўнай міграцыйнай службы Украіны. Мы апублікуем адказ, як толькі атрымаем.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Прозьвішча не прысуд». Як беларуска з прозьвішчам Лукашэнка дапамагае Ўкраіне