Гэта гісторыя беларусаў, якія праз 80 гадоў аднавілі партызанскі рух на чыгунцы, каб дапамагчы Ўкраіне абараніцца ад расейскага нападу. Улады Беларусі адпомсьцілі ім прастрэленымі нагамі, драконаўскімі турэмнымі тэрмінамі і пагрозай расстраляць, калі яны толькі падумаюць паўтарыць.
Інфармацыя пра рэйкавых партызанаў настолькі розная, што можа ўзьнікнуць пытаньне, ці існавалі яны насамрэч. Іх было 11, больш за 40 або 5 тысяч? Пацярпелі 11 чыгуначных пунктаў або 80? Людзі рэальна нешта рабілі або толькі «мелі намер»? Каму зь іх урэшце прастрэлілі ногі? Мы паспрабавалі разабрацца, каб расказаць гэтую гісторыю.
«Зьвярнуліся 5 тысяч чалавек»
«Рэйкавыя партызаны» ня ўзьніклі самі па сабе, гэты рух летась арганізавалі шэраг камандаў на чале з ByPol, ініцыятывай былых беларускіх сілавікоў, якія выйшлі з сыстэмы, сьцьвярджае кіраўнік арганізацыі Аляксандар Азараў. У руху таксама ўдзельнічалі «Кібэрпартызаны», чыгуначнікі, ініцыятыва «Буслы ляцяць» і некаторыя іншыя.
24 лютага 2022 году ByPol заклікаў беларусаў, якія хочуць дапамагчы Ўкраіне, зьвяртацца да іх. Асноўнай задачай было запаволіць рух на чыгунцы, каб Расея не магла празь Беларусь давозіць тэхніку, боепрыпасы і вайскоўцаў у бок Кіева, які расейцы тады намагаліся захапіць.
У першыя дні пасьля 24 лютага па інструкцыі зьвярнуліся 5 тысяч беларусаў, сьцьвярджае ў размове са Свабодай Азараў.
Ініцыятыва «Буслы ляцяць» яшчэ за год да пачатку вайны публікавала інструкцыю, як можна пашкодзіць чыгуначныя шляхі з дапамогай звычайнага дроту і падпаліць рэлейную шафу, пры гэтым ня выдаўшы сябе.
Першыя «рэйкавыя партызаны» зьявіліся ў Беларусі ня летась у лютым, а пасьля апошніх прэзыдэнцкіх выбараў. У канцы 2020 году стала вядома пра дзесяткі затрыманьняў людзей, якія нібыта шкодзілі чыгуначныя шляхі, абкручвалі дротам рэйкі.
Улады Беларусі прадстаўлялі гэтыя дзеяньні як барацьбу пратэстоўцаў з рэжымам Лукашэнкі. Тады іх забіралі паводле «рэйкавага» артыкулу 309 КК («Наўмыснае прывядзеньне ў непрыдатнасьць транспартнага сродку або шляхоў зносін»). Фігуранты атрымлівалі па 2-4 гады калёніі. Тэрмінаў у 20 гадоў, як і гаворкі пра «тэрарызм», тады не было. Праўда, бабруйскім «рэйкавым партызанам», якіх затрымалі да 24 лютага 2022 году, а судзілі ўжо пасьля гэтай даты, далі па 14-16 гадоў.
Цана адной рэлейнай шафы — дзясяткі тысяч даляраў
Першая пасьля пачатку вайны дывэрсія адбылася ўжо 26 лютага. Невядомыя пашкодзілі абсталяваньне пад Асіповічамі. 27 лютага чыгуначнікі паведамілі, што Менскі і Аршанскі вузлы паралізаваныя.
Акцыі працягваліся яшчэ месяц, да канца сакавіка. Паводле інфармацыі чыгуначнікаў, іх прайшло ня менш за 11 па ўсёй Беларусі: у Асіповіцкім, Барысаўскім, Светлагорскім, Магілёўскім, Івацэвіцкім, Глыбоцкім, Аршанскім, Бабруйскім раёнах (усе вобласьці акрамя Горадзенскай). А вось МУС Беларусі сьцьвярджала, што дывэрсій было больш за 80.
Партызаны падпальвалі рэлейныя шафы, псавалі сыстэму сыгналізацыі і іншае абсталяваньне. Як сьцьвярджалі сілавікі, хтосьці падпаліў на рэйках бервяно, іншы зрабіў запальную сумесь і кінуў на рэлейную шафу, нехта абкруціў дротам рэйкі. У выніку сэмафор, які меўся гарэць чырвоным і забараняць праезд, мог аказацца выключаным, а праз закарочваньне рэек дротам свабодны шлях паказваў, быццам ён заняты.
Спаленая рэлейная шафа пад Стоўпцамі
Цана адной рэлейнай шафы, паводле інфармацыі чыгуначнікаў, складае дзясяткі тысяч даляраў. Якую агульную матэрыяльную шкоду партызаны нанесьлі чыгунцы, дагэтуль невядома.
Паралельна зь дзейнасьцю актывістаў «на зямлі» падключыліся кібэрпартызаны.
27 лютага і 2 сакавіка яны ўчынілі пасьпяховыя атакі на сыстэму беларускай чыгункі. Сайты, зьвязаныя зь ёй, на нейкі час перасталі працаваць. Немагчыма было купіць квіткі, лягістычныя кампаніі страцілі доступ да сваіх інтэрнэт-кабінэтаў, нельга было аформіць дакумэнты, што гэты цягнік прыбыў, а той ад’ехаў. Кіраваньне дарогай перайшло з аўтаматызаванага на ручное.
Аднак партызаны не стваралі аварыйных сытуацый, пасажырам пагрозы не было, падкрэсьлівала супольнасьць чыгуначнікаў.
Расейскія цягнікі спыніліся на тыдзень
Праз тры тыдні «рэйкавай вайны» высілкі беларускіх партызанаў публічна адзначылі ва Ўкраіне. 17 сакавіка да «татальнай рэйкавай вайны» супраць расейскіх цягнікоў, у тым ліку, на кірунку Гомель — Кіеў, заклікаў былы дарадца ўкраінскага прэзыдэнта Аляксей Арастовіч.
19 сакавіка начальнік украінскай чыгункі Аляксандар Камышын паведаміў, што зносіны паміж Беларусьсю і Ўкраінай спыніліся. За гэта ён падзякаваў беларускім чыгуначнікам.
«Рэйкавыя партызаны спынілі расейскія цягнікі на цэлы тыдзень. Першы тыдзень яны стоадсоткава стаялі пад Смаленскам і ня ведалі, ці ехаць далей, бо думалі, што могуць быць яшчэ акцыі па зьнішчэньні гэтых цягнікоў, што іх будуць кідаць пад адхон», — камэнтуе ўнёсак партызанаў у змаганьне з расейскім нападам Аляксандар Азараў з ByPol.
Праз тыдзень цягнікі рушылі, але вельмі марудна, перакананы былы беларускі сілавік.
«Яны ехалі без аўтаматычнай сыгналізацыі. Не было агульнага кіраваньня. Яны павінныя былі рухацца самастойна, як у дарэвалюцыйныя часы, калі машыніст сам глядзеў, куды ехаць. У яго не было паказчыкаў, дзе адкрытая ветка, дзе закрытая, ці можна павярнуць, ці не. Увесь чыгуначны рух па Беларусі быў сапсаваны, парушыўся ўвесь расклад, уся схема», — тлумачыць Азараў.
У красавіку партызанскія акцыі спыніліся. Па-першае расейскія цягнікі выехалі зь Беларусі, па-другое, сілавікі ўзялі чыгунку пад узмоцненую ахову.
Паводле амэрыканскага выданьня The Washington Post, менавіта беларускія «рэйкавыя партызаны» сарвалі штурм Кіева. Выданьне апісвае іх як тайную сетку, у якую ўвайшлі чыгуначнікі, хакеры і перабежчыкі з органаў бясьпекі, каб пашкодзіць чыгуначныя шляхі і пашкодзіць расейскай лягістыцы.
Прадстаўнік ByPol Аляксандар Азараў не бярэцца ацаніць, наколькі беларускія партызаны перашкодзілі расейцам захапіць Кіеў, але падкрэсьлівае, што іхняя дзейнасьць дакладна запаволіла перадачу ва Ўкраіну расейскіх рэсурсаў у першы месяц.
Асобны ўнёсак у рэйкавы рух зрабілі ўласна чыгуначнікі. Яны ў сваім тэлеграм-канале паведамлялі, дзе і якую расейскую тэхніку заўважылі на дарозе. Некаторыя машыністы адкрыта адмовіліся кіраваць расейскімі цягнікамі, якія ехалі ў бок Кіева.
Урэшце расейцы сталі шыфравацца і перавозіць тэхніку ды боепрыпасы не вайсковымі эшалёнамі, а ў звычайных вагонах, на якіх не пазначалі, што яны вязуць небясьпечны груз, паведамляла 6 сакавіка 2022 года супольнасьць чыгуначнікаў.
Адну рэлейную шафу ахоўвалі 2-3 сілавікі
У адказ на «рэйкавую вайну» зь сярэдзіны сакавіка на пераходах і станцыях, у прыватнасьці ў Гомельскай і Берасьцейскай абласьцях, дзяжурыў спэцназ унутраных войскаў і міліцыя. Бабруйскі і Асіповіцкі раёны ўзялі пад кругласуткавы маніторынг. Асаблівая ўвага была да Стаўпецкага і Дзяржынскага раёнаў.
Чыгуначнікі інфармавалі, што патруль будзе ў цывільным адзеньні, са зброяй, рацыямі і GPS-трэкерамі. Жыць патрульныя меліся ў намётах паблізу чыгункі. На некаторых участках рэлейныя шафы ахоўвалі па 2-3 чалавекі. Яны дзяжурылі таксама ў лясах і на сельскіх дарогах побач з чыгункай. З паветра тэрыторыю патрулявалі дронамі і вялі здымку цеплавізарамі. Дзе-нідзе ўсталявалі фотапасткі.
Азараў расказаў, што каля шляхоў усталёўвалі агнямётныя пункты. Падчас апошняй вядомай партызанскай акцыі па актывістах стралялі, але тыя здолелі ўцячы. Гэта адбылося ў Гомельскай вобласьці 30 сакавіка 2022 году.
«У Сьветлагорску да партызанаў укаранілі агента»
КДБ і МУС Беларусі пачалі «зачыстку», каб знайсьці ўсіх партызанаў. На гэта кінулі шмат сваіх рэсурсаў.
Паводле інфармацыі чыгуначнікаў, сілавікі вялі поўны маніторынг сеткавага трафіку ў самых «небясьпечных» раёнах, напрыклад аналіз пошукавых запытаў. Апрацоўвалі выявы з камэр відэаназіраньня, каб знайсьці хоць якую зачэпку.
Затрыманьні ад пачатку плянавалі рабіць з дэманстратыўнай жорсткасьцю, нават калі ня будзе супраціву.
«Яны масава адпрацоўвалі гарады, паселішчы, найбліжэйшыя да месцаў акцый. Ведаю, што ў Стоўпцы прыяжджала палова ГУБАЗіКу, шукалі ўдзельнікаў. Кагосьці яны ўсё ж знайшлі», — камэнтуе Аляксандар Азараў.
На гарачым нікога не злавілі. Людзей забіралі празь некалькі дзён пасьля акцый, зазначае прадстаўнік ByPol.
Колькі ўсяго было рэальных партызанаў з тых 5 тысяч ахвотнікаў, суразмоўца ня хоча называць, каб «не нашкодзіць людзям на волі». Аднак, зь ягоных словаў, забралі толькі невялікую частку ўсіх актывістаў. Праваабаронцам вядома пра 11 затрыманых партызанаў, а вось МУС сьцьвярджала, што затрымалі больш за 40 чалавек.
«У Сьветлагорску затрымалі партызанаў, бо да іх укаранілі агента, які ўсіх чацьвярых здаў. У Бабруйску затрымалі партызанаў, але, як іх вылічылі, мы ня ведаем дагэтуль. Партызаны прымалі вельмі добрыя захады перасьцярогі», — расказвае Азараў.
Ініцыятыва «Буслы ляцяць» вучыла, што на акцыю варта ісьці без тэлефона, у адзеньні і абутку з сэканд-хэнду, адразу пасьля акцыі ўсё зь сябе выкінуць як мага далей ад дому. Каб сабакі ня выйшлі на сьлед, яны раілі апрацаваць падэшвы перцам або тытунем, разьліць па сваіх сьлядах машынную аліву ці антыфрыз.
Намесьнік міністра МУС Генадзь Казакевіч пацьвердзіў, што пры затрыманьні міліцыя страляла ў меркаваных дывэрсантаў на паражэньне (гэта значыць, іх можна было забіць пры затрыманьні. — РС). Аднак пра тое, каб кагосьці з партызанаў забілі, невядома.
Затрымалі больш за 30 чыгуначнікаў
Масавая «зачыстка» прайшла ў канцы сакавіка 2022 году і на «Беларускай чыгунцы». У першую чаргу зьвярталі ўвагу на тых, хто меў доступ да дакумэнтаў абмежаванага распаўсюду і хто быў зьвязаны з арганізацыяй руху цягнікоў. Былі масавыя затрыманьні сярод машыністаў, якія адмовіліся кіраваць расейскімі цягнікамі. Вядома, што 28 сакавіка ў Гомлі машыніста затрымалі проста па дарозе ў дэпо на рэйс.
«Калі ў тэлефоне знаходзілі што-небудзь, за што можна прыцягнуць да адказнасьці, то прыцягвалі за гэта», — расказаў прадстаўнік ByPol.
Усяго затрымалі больш за 30 супрацоўнікаў БЧ, сілавікі іх вымусілі запісаць відэа. Як мінімум некаторыя апынуліся ў СІЗА ў крымінальных справах. Іх падазравалі ў «шпіянажы», «здрадзе дзяржаве», «акце тэрарызму».
Першым вядомым затрыманым чыгуначнікам стаў Сяргей Канавалаў. Яму 50 гадоў. Ён працаваў у Віцебскім аддзяленьні чыгункі і меў доступ да сыстэмы сыгналізацыі і сувязі. Канавалава затрымалі 6 сакавіка 2022 году.
«Сярод асуджаных „рэйкавых партызанаў“ ёсьць тыя, хто не зьбіраўся нічога рабіць. Жыхар Віцебску на паседжаньні чыгуначнікаў сказаў, што някепска было б што-небудзь зрабіць з расейскімі цягнікамі. Кшталту „слушна, што праводзяць акцыі“», — расказаў Азараў.
Чыгуначнікі сьцьвярджалі, што прычынай стаў канфлікт Канавалава зь ягоным начальнікам па ідэалёгіі. У выніку той паведаміў КДБ, што падначалены рыхтуе дывэрсію, хаця падставаў для гэтага не было. Судовы працэс ішоў у закрытым рэжыме. Канавалава ўнесьлі ў «тэрарыстычны сьпіс» і далі яму 15 гадоў калёніі.
Яшчэ адным фігурантам аказаўся супрацоўнік Баранавіцкай чыгункі і адміністратар тэматычных чыгуначных рэсурсаў «УКантакце» і Instagram. Гэта 30-гадовы Валянцін Самасюк.
Яго вінавацілі ў тым, што ён у сакавіку адправіў у «экстрэмісцкі» тэлеграм-канал некалькі фатаздымкаў чыгуначнай тэхнікі з камэнтарамі («садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці»). Вядома, што Самасюка ўжо асудзілі на тэрмін у калёніі, але дэталі невядомыя. Паводле гэтага артыкулу пагражае да 6-7 гадоў калёніі.
44-гадовы праваднік рэзэрвы з Гомля Аляксандар Лучыновіч атрымаў 2 гады калёніі за тое, што перадаў фота расейскай вайсковай тэхнікі ў канал «Беларускі Гаюн».
Быў выпадак, калі ў пашкоджаньні чыгуначнага абсталяваньня ў Воршы абвінавацілі супрацоўніка чыгункі. Ягоныя імя і далейшы лёс невядомыя.
Як улады помсьцілі «рэйкавым партызанам»
- КДБ прызнаў чат беларускіх чыгуначнікаў «экстрэмісцкім фармаваньнем» яшчэ ў сакавіку 2022 году. Многіх затрыманых за дывэрсіі на чыгунцы ўнесьлі ў «тэрарыстычны сьпіс». Большасьць судоў над імі праходзілі ў закрытым рэжыме.
- Двум мужчынам прастрэлілі ногі пры затрыманьні: гэта Віталь Мельнік зь Менскага раёну і Дзьмітры Клімаў з Бабруйску. Некаторыя затрыманыя на відэа сілавікоў выглядалі пабітымі, пашкоджаньні было відаць на твары, у кагосьці ад ацёку не расплюшчвалася вока.
- Сёлета ў студзені 15-гадовага брата адміністратара тэлеграм-канала чыгуначнікаў беларускія ўлады фактычна ўзялі ў закладнікі. Яго затрымалі, потым перавялі ў псыхіятрычны шпіталь у Навінках, цяпер хлопец знаходзіцца ў СІЗА на Валадарскага ў крымінальнай справе. Блізкія заяўлялі пра жорсткае стаўленьне і ціск на дзіця за кратамі.
- Пасьля пачатку рэйкавай вайны беларускія ўлады выдалі закон, які дазваляе расстрэльваць ня толькі за «тэракт», але і за намер на яго.
Сьпіс рэйкавых партызанаў
Праваабаронцам вядома пра 11 затрыманых рэйкавых партызанаў пасьля пачатку вайны ва Ўкраіне. Ім ад 28 да 52 гадоў, усе мужчыны, усе жыхары рэгіёнаў — ня Менску і не абласных цэнтраў. У многіх ёсьць малыя дзеці, нават немаўляты.
Мужчын забіралі амаль адразу пасьля меркаваных дывэрсій — з 28 лютага да 4 сакавіка 2022 году. Большасьць зь іх вінавацілі ў «акце тэрарызму», унесьлі ў «тэрарыстычны сьпіс» і судзілі ў закрытым рэжыме. Некаторых зь іх пасадзілі толькі за «намер зрабіць дывэрсію».
Ім прысудзілі ад 11 да 23 гадоў калёніі. На ўсіх — 176,5 года. Толькі аднаму зь іх — Яўгену Мінкевічу з Бабруйску — далі мінімальны тэрмін у 1,5 года калёніі за «неданясеньне аб злачынстве». Яго выпусьцілі з залі суду па амністыі.
Мазыр
1. Сяргей Пляшкун — 35-гадовы жыхар Мазыра.
Працаваў гандлёвым агентам. Жанаты, мае дваіх дзяцей, малодшаму не было году, калі бацьку забралі. Гэта адбылося 28 лютага 2022 году. Абвінавацілі ў тым, што ён разам зь Сельвічам нібыта плянаваў зьнішчыць вайсковую тэхніку РФ, якая ішла праз Мазырскі раён. Паводле сьледзтва, мужчыны вырабілі бутэлькі з запальнай сумесьсю і абмяркоўвалі, як пашкодзіць рэйкі. Сілавікі здымалі мазыранаў схаванай камэрай у гаражы. Размову расцанілі як «падрыхтоўку да тэрарызму». Плешкуна асудзілі на 16 гадоў калёніі.
2. Юры Сельвіч — 45-гадовы жыхар Мазыра.
Працаваў «на сябе», займаўся рамонтамі. Жанаты, мае двух сыноў (служылі ў войску, калі бацьку забралі) і прыёмную дачку. Яго затрымалі 28 лютага 2022 году. Абвінавацілі ў тым, што ён разам з Плешкуном нібыта плянаваў зьнішчыць вайсковую тэхніку РФ, якая ішла праз Мазырскі раён. Паводле сьледзтва, мужчыны вырабілі бутэлькі з запальнай сумесьсю і абмяркоўвалі, як пашкодзіць рэйкі. Гэта расцанілі як «падрыхтоўку да тэрарызму». Сілавікі здымалі мазыранаў схаванай камэрай у гаражы. Яго асудзілі на 14 гадоў калёніі.
Бабруйск
3. Уладзімер Аўрамцаў — 28-гадовы жыхар Бабруйску.
Спартовец, займаўся барацьбой, працаваў у фітнэс-цэнтры. Яго затрымалі 30 сакавіка 2022 году. Абвінавацілі ў тым, што ён датычны да зьнішчэньня дзьвюх рэлейных шафаў пад Асіповічамі. Падчас затрыманьня сілавікі стралялі па бабруйскіх партызанах на паражэньне. Аўрамцава абвінавацілі ў тым, што ён нібыта спаліў дзьве рэлейныя шафы пад Асіповічамі. У закрытым рэжыме яго асудзілі на 22 гады калёніі.
4. Дзьмітры Клімаў — 29-гадовы жыхар Бабруйску.
Працаваў кіроўцам, таксістам. Жанаты, ёсьць малая дачка. Яго затрымалі 30 сакавіка 2022 году. Абвінавацілі ў тым, што ён датычны да зьнішчэньня дзьвюх рэлейных шафаў пад Асіповічамі. Падчас затрыманьня сілавікі стралялі па бабруйскіх партызанах на паражэньне. Клімаву прастрэлілі ногі, ён знаходзіўся ў шпіталі. На відэа, якое запісалі славікі, у Клімава была перавязаная жгутом нага. Яго абвінавацілі ў тым, што ён нібыта спаліў дзьве рэлейныя шафы пад Асіповічамі. У закрытым рэжыме яго асудзілі на 22 гады калёніі.
5. Яўген Мінкевіч — 29-гадовы жыхар Бабруйску.
Працаваў таксістам і санітарам на хуткай дапамозе. Паводле адукацыі фізкультурнік. Жанаты, ёсьць малы сын. Мінкевіча затрымалі 30 сакавіка 2022 году. Падчас затрыманьня сілавікі стралялі па бабруйскіх партызанах на паражэньне. Мінкевіча асудзілі на 1,5 года калёніі за «неданясеньне аб злачынстве». Ягоных паплечнікаў судзілі паводле пяці артыкулаў. Пасьля прысуду яго вызвалілі па амністыі ў залі суду.
Менскі раён
6. Віталь Мельнік — 41-гадовы жыхар вёскі Хадакова Менскага раёну.
Ёсьць малое дзіця. Яго затрымалі 30 сакавіка 2022 году. Пры затрыманьні прастрэлілі калені. Мужчына перасоўваўся ў турме на мыліцах. Мельніка вінавацілі ў тым, што ён нібыта сапсаваў рэлейную шафу ў Менскім раёне. Паводле СК, ён затрымаў 22 грузавыя і 17 пасажырскіх цягнікоў. Ягоная сям’я мяркуе, што Віталь ня мае дачыненьня да злачынства. У закрытым рэжыме яго асудзілі на 13 гадоў калёніі.
Стоўпцы
7. Сяргей Глебка — 44-гадовы жыхар Стоўпцаў.
Жанаты, мае траіх непаўналетніх дзяцей. Яго затрымалі 2 сакавіка 2022 году за тое, што нібыта падпаліў бервяно на рэйках, каб спыніць рух расейскіх цягнікоў. На відэа сілавікоў відаць, што Сяргей пабіты. Разам зь ім затрымлівалі таксама ягоную жонку Кацярыну. Справу Глебкі разглядалі ў адкрытым рэжыме. Яго асудзілі на 11 гадоў калёніі.
Асіповічы
8. Аляксей Шышкавец — 43-гадовы жыхар Асіповічаў.
Прадпрымальнік. Яго затрымалі 2 сакавіка 2022 году. Судзілі толькі за тое, што ён нібыта зарэгістраваўся ў чат-боце ByPol і атрымаў інструкцыю, як рабіць «кактэйль Молатава». Мужчыну не абвінавачвалі ў псаваньні рэлейнай шафы або іншага абсталяваньня. Яму далі 11 гадоў калёніі.
Сьветлагорск
9. Дзяніс Дзікун — 30-гадовы жыхар Сьветлагорску.
Паводле адукацыі токар, працаваў у краме, якую трымае ягоная сястра. Яго затрымалі 4 сакавіка 2022 году. На відэа сілавікоў ён выглядаў пабітым. Затрымлівалі таксама ягоную дзяўчыну, але потым адпусьцілі. У закрытым працэсе яго асудзілі на 23 гады калёніі за тое, што нібыта падпаліў рэлейную шафу на чыгуначным перагоне Жэрдзь — Астанкавічы ў Сьветлагорскім раёне Гомельскай вобласьці 28 лютага 2022 году. Таксама яму прысудзілі штраф 5550 рублёў.
10. Дзьмітры Равіч — 34-гадовы жыхар Сьветлагорску.
Працаваў электраманцёрам на «Беларуснафце». Жанаты, мае дзьвюх малых дачок. Яго затрымалі 4 сакавіка 2022 году. Затрымлівалі таксама ягоную жонку, але потым адпусьцілі. У закрытым працэсе асудзілі на 22 гады калёніі за тое, што нібыта падпаліў рэлейную шафу на чыгуначным перагоне Жэрдзь — Астанкавічы ў Сьветлагорскім раёне Гомельскай вобласьці 28 лютага 2022 году. Таксама яму прысудзілі штраф 5550 рублёў.
11. Алег Малчанаў — 52-гадовы жыхар Сьветлагорску.
Былы вайсковец, займаўся перавозкамі, бацька дзяўчыны Дзяніса Дзікуна. Яго затрымалі 4 сакавіка 2022 году. У закрытым працэсе яго асудзілі на 21 год калёніі за тое, што нібыта падпаліў рэлейную шафу на чыгуначным перагоне Жэрдзь — Астанкавічы ў Сьветлагорскім раёне Гомельскай вобласьці 28 лютага 2022 году. Таксама яму далі штраф 5550 рублёў.
Жодзіна
12. Імя яшчэ аднаго рэйкавага партызана невядомае. Вядома толькі, што гэта 35-гадовы мужчына. Яго затрымалі 2 сакавіка 2022 году ў Жодзіне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Яны хацелі хаця б неяк дапамагчы Украіне». Брат «рэйкавага партызана» расказаў падрабязнасьці справы Год вайны Расеі супраць Украіны: «У капітуляцыю Зяленскага мы не паверылі». Што адбывалася ў беларускім войску ў пачатку расейскага ўварваньня ва Ўкраіну