Сэрвіс Oliviahelp.org зьявіўся, бо для беларусак практычна не засталося спэцыялізаваных сэрвісаў для пацярпелых ад хатняга гвалту, а праблема актуальная, перакананы яго стваральнікі.
«Ва ўмовах абмежаванай дапамогі важна, каб зьяўляліся новыя ініцыятывы і праблема хатняга гвалту не замоўчвалася, ахвяры маглі знайсьці падтрымку, апору і дапамогу ў крызіснай сытуацыі. Улічваючы, што такога спэцыялізаванага сэрвісу для беларусак не было, наша каманда валянтэраў, у якую ўваходзяць дасьведчаныя псыхолягі і юрысты, вырашыла стварыць яго», — кажа прадстаўнік каманды.
Кансультанты лініі аказваюць неабходную інфармацыйную, псыхалягічную і прававую дапамогу. Калі патрэбна больш канкрэтная дапамога па месцы пражываньня, кансультанты перанакіруюць у іншыя арганізацыі, апавядае прадстаўнік.
Каб атрымаць кансультацыю, трэба патэлефанаваць у працоўны час або напісаць спэцыялістам у мэсэнджар (Viber, Telegram) з сайту.
«Колькасьць зваротаў ад аднаго чалавека неабмежаваная. Усё залежыць ад патрэб кліенткі. Калі сытуацыя і чаканьні кліенткі прадугледжваюць доўгатэрміновую дапамогу, то кансультанты лініі аказваюць яе ня толькі разава, а працягваюць кансультаваць да завяршэньня праблемы».
«Геаграфія зваротаў міжнародная»
За тэставы пэрыяд працы сэрвісу са сьнежня 2022 году на лінію зьвярнуліся 40 жанчын. 58% зь іх была патрэбна псыхалягічная дапамога, 38% — прававая, 65% — сацыяльная і 83% — інфармацыйная.
«Важна адзначыць, што хатні гвалт — комплексная праблема, таму ў рамках аднаго звароту можа быць некалькі запытаў. Пакуль мы яшчэ аналізуем запыты пасьля старту сталай працы лініі. Спадзяёмся, што колькасьць тых жанчын, хто нам даверыцца і каму мы зможам дапамагчы, будзе расьці».
У сэрвіс зьвяртаюцца як жанчыны зь Беларусі, так і тыя, хто выехаў за мяжу. Калі беларуска пацярпела ад фізычнага гвалту за мяжой, кансультанты сэрвісу дадуць усю неабходную інфармацыю і кантакты месца, куды можна зьвярнуцца.
«Пры стварэньні сэрвісу, акрамя Беларусі, мы арыентаваліся на тыя краіны, куды выехалі многія беларусы — Літву, Польшчу, Грузію, Украіну. Таму можна сказаць, што геаграфія зваротаў міжнародная. Нельга агулам падводзіць нейкія вынікі працы лініі, бо толькі невялікая колькасьць людзей ведала пра сэрвіс. Зараз мы больш актыўна рэклямуем лінію і будзем усе больш дапамагаць беларускам».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Амаль кожная другая беларуска зазнае хатні гвалт»«Жанчыны зьвяртаюцца ў паліцыю толькі пасьля пяці інцыдэнтаў хатняга гвалту»
Карэктна ацаніць, ці павялічылася колькасьць хатняга гвалту ў Беларусі з 2020 году складна, бо дасьледаваньні не праводзіліся, а большасьць профільных НДА і ініцыятываў былі зьліквідаваныя, тлумачыць прадстаўнік «Алівіі».
«Адна з асноўных тэорый хатняга гвалту сьведчыць пра тое, што, чым большы ўзровень гвалту ў грамадзтве, тым больш гэта адбіваецца і на ўзроўні гвалту ў блізкіх адносінах. Ускосна ацаніць узровень гвалту можна і па колькасьці зваротаў па дапамогу ў праваахоўныя органы. Але, з другога боку, колькасьць адміністрацыйных ці крымінальных спраў ня ў поўнай меры адлюстроўвае сытуацыю, бо большасьць зь іх пачынаюцца толькі пасьля заявы ахвяры. Паводле дадзеных эўрапейскіх дасьледаваньняў, жанчыны зьвяртаюцца ў паліцыю толькі пасьля пяці інцыдэнтаў хатняга гвалту. Так што лятэнтнасьць застаецца высокай».
Агрэсарам можа быць любы чалавек і любога полу, падкрэсьлівае прадстаўнік каманды валянтэраў.
«У кожнага свае апраўданьні і матывацыя праяўляць агрэсію. У большасьці выпадкаў у агрэсара заўсёды ёсьць апраўданьне. Але наша лінія факусуецца на хатнім гвалце і дапамозе толькі жанчынам. Працай з агрэсарам павінны займацца іншыя спэцыялісты».
«З блізкімі дзіўна і сорамна бывае падзяліцца тым, што ты сутыкаесься з хатнім гвалтам»
Важна працягваць павышаць узровень інфармаванасьці аб праблеме хатняга гвалту ўвогуле і аб асобных яго відах, мяркуе валянтэр сэрвісу.
«Неабходна разьвіваць спэцыялізаваныя сэрвісы для пацярпелых. Вельмі важна вучыць спэцыялістаў — псыхолягаў, юрыстаў і адвакатаў, мэдыцынскіх супрацоўнікаў, асабліва супрацоўнікаў праваахоўных органаў, бо ад якасьці іхнай працы залежыць давер ахвяраў і ўзровень зваротаў. „Алівія“ побач і гатовая дапамагчы разьбірацца ў канкрэтных сытуацыях. Ва ўсіх свае складанасьці, але, як паказвае практыка, з блізкімі дзіўна і сорамна бывае падзяліцца тым, што ты сутыкаесься з хатнім гвалтам. Менавіта таму мы стварылі „Алівію“, якая заўсёды выслухае і дапаможа, не асудзіць і будзе побач. Наша сіла і магчымасьці — у дапамозе».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Для пацярпелых ад хатняга гвалту беларусак у сваёй краіне і за мяжой запрацавала бясплатная онлайн-лінія ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Не для таго пералазіла праз плот, каб пакутаваць». Шчырая гутарка з Вольгай Гарбуновай, прадстаўніцай Кабінэту ў сацыяльных пытаньнях