Байдэн заявіў аб гэтым у Варшаве перад сустрэчай з лідэрамі дзяржаў так званага ўсходняга флянгу NATO.
Гэта дзевяць краінаў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы — Польшча, Чэхія, Славакія, Угоршчына, Румынія, Баўгарыя, Эстонія, Латвія і Літва. Большая іх частка выступае за жорсткую пазыцыю ў адносінах да Расеі і пашырэньне падтрымкі Ўкраіны.
Выступаючы на сустрэчы, прэзыдэнт ЗША зазначыў, што гэтыя краіны знаходзяцца «на перадавой» калектыўнай бясьпекі NATO, і зноў паабяцаў ім абарону ў выпадку магчымай агрэсіі. Прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда адзначыў, што агрэсія Расеі супраць Украіны стварыла новую сытуацыю зь бясьпекай у Эўропе, і заклікаў падумаць аб канкрэтных мерах падтрымкі Украіны і ўмацаваньні бясьпекі.
Напярэдадні Байдэн сустрэўся ў Варшаве таксама з прэзыдэнтам Малдовы Маяй Санду і запэўніў яе ў падтрымцы Малдовы Злучанымі Штатамі. Улады краіны нядаўна сьцьвярджалі, што мясцовыя прарасейскія сілы рыхтуюць правакацыі і, магчыма, нават пераварот.
Прэзыдэнт ЗША напярэдадні выступіў у сталіцы Польшчы з вялікай прамовай, прысьвечанай гадавіне расейскага шырокамаштабнага ўварваньня ва Ўкраіну. Ён заявіў, што ЗША і саюзьнікі працягнуць падтрымліваць Кіеў.
- У сераду расейская Рада Фэдэрацыі і Дзярждума ўхвалілі законапраект аб прыпыненьні дамовы са Злучанымі Штатамі аб абмежаваньні ядзерных узбраеньняў. Праект унёс прэзыдэнт Уладзімер Пуцін, які напярэдадні заявіў, што Расея прыпыніць свой удзел у дамове — хоць такая магчымасьць самой дамовай не прадугледжана.
- Дагавор аб абмежаваньні стратэгічных наступальных узбраеньняў, вядомы як СНУ-3, быў падпісаны ў Празе ў 2010 годзе. Ён абмяжоўвае максымальную колькасьць разгорнутых ядзерных боегаловак, колькасьць іх носьбітаў, забараняе краінам разьмяшчаць стратэгічную ядзерную зброю за межамі сваіх тэрыторый, абавязвае не хаваць ядзерныя ракеты ад сродкаў выведкі і даваць узаемны доступ інспэктарам на базы з ядзернай зброяй. МЗС Расеі заявіў, што Расея пакуль ня мае намеру перавышаць устаноўленыя дакумэнтам ліміты па колькасьці боегаловак і іх носьбітаў.