Міжнародны алімпійскі камітэт: санкцыі супраць Беларусі і Расеі застаюцца ў сіле

Сымболіка Алімпійскіх гульняў 2024 году ў Парыжы. Ілюстрацыйнае фота

Пры гэтым МАК зноў заявіў пра падтрымку ідэі выступленьня беларусаў і расейцаў на Алімпіядзе-2024 у Парыжы ў нэўтральным статусе.

Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) не плянуе адмяняць санкцыі, якія дзейнічаюць у дачыненьні да алімпійскіх камітэтаў і спартоўцаў Расеі і Беларусі. Прэс-служба МАК выступіла з новым камюніке.

«МАК беспрэцэдэнтным чынам ужыў санкцыі ў дачыненьні да Расеі і Беларусі: адсутнасьць міжнародных спартовых імпрэзаў, адсутнасьць сьцягоў, гімнаў або іншых нацыянальных сымбаляў, нядопуск урадавых або дзяржаўных чыноўнікаў на якія-кольвек міжнародныя спартовыя мерапрыемствы. Санкцыі ўведзеныя ў дзеяньне ў лютым 2022 году, а затым дадаткова ўзмоцненыя і пацьверджаныя Алімпійскім самітам 9 сьнежня 2022 году. Яны застаюцца ў сіле».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дэпутатка Вярхоўнай Рады Ўкраіны: «ААН не дазваляе беларусам, якія асудзілі вайну, выступаць на Алімпіядзе. Дзе справядлівасьць?»

У МАК адзначылі, што арганізацыя застаецца прыхільнай ідэі аб’яднаньня сьвету праз спорт.

«Пачынаючы са старажытных Алімпійскіх гульняў нашай місіяй заўсёды было спрыяць міру праз спорт, МАК па сёньня застаецца прыхільным місіі па аб’яднаньні ўсяго сьвету ў мірным спаборніцтве. Намаганьні дзеля будаўніцтва міру маюць патрэбу ў дыялёгу. Спаборніцтвы з спартоўцамі, якія паважаюць Алімпійскую хартыю, могуць паслужыць каталізатарам дыялёгу, які заўсёды ёсьць першым крокам да дасягненьня міру», — гаворыцца ў заяве.

У канцы лютага 2022 году МАК рэкамэндаваў міжнародным фэдэрацыям не дапускаць беларусаў і расейцаў да ўдзелу ў спаборніцтвах у сувязі з вайной ва Ўкраіне. 25 студзеня 2023 году ён выступіў з новай рэкамэндацыяй, прапанаваўшы дапусьціць да міжнародных спаборніцтваў у нэўтральным статусе спартоўцаў, якія не бяруць актыўнага ўдзелу ў падтрымцы вайны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Больш за 30 краін падтрымалі забарону на ўдзел Беларусі і Расеі ў Алімпійскіх гульнях

Аднак такая ініцыятыва сустрэла пратэст украінскага боку. Там лічаць, што да Алімпіяды нельга дапускаць усіх расейскіх і беларускіх спартоўцаў, апрача тых, хто адкрыта засудзіў вайну. Супраць удзелу Беларусі і Расеі ў Алімпіядзе ў Парыжы ў нэўтральным статусе выступілі некалькі дзясяткаў краін.

10 лютага міністарка адукацыі, навукі і спорту Літвы Юргіта Шугждзінене паведаміла, што міністры спорту 35 краінаў аднагалосна дамовіліся выступаць за забарону для Расеі і Беларусі выступаць на Алімпійскіх гульнях 2024 году ў Парыжы.

Чакаецца, што канчатковае рашэньне прымуць летам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МАК патлумачыў, як рэпрэсаваныя беларускія спартоўцы могуць выступіць на Алімпіядзе-2024

Цяпер у міжнароднай спартыўнай супольнасьці абмяркоўваецца таксама варыянт допуску беларускіх атлетаў на Алімпіяду ў зборнай уцекачоў. Маюцца на ўвазе тыя, хто пакінуў Беларусь праз палітычны перасьлед, асудзіў вайну ва Ўкраіне і ня можа вярнуцца ў сваю краіну.

На летніх Алімпійскіх гульнях у Токіё зборную ўцекачоў прадстаўлялі атлеты з 11 краін (Афганістан, Вэнэсуэла, Дэмакратычная Рэспубліка Конга, Эрытрэя, Іран, Ірак, Камэрун, Рэспубліка Конга, Сырыя, Судан і Паўднёвы Судан).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Толькі спартоўцы з актыўнай антываеннай пазыцыяй могуць удзельнічаць у Алімпіядзе» — Аляксандар Апейкін